Потым, прыгінаючыся, пачаў красціся наперад. Рушыў за ім і Мірон. Крокаў пяцьдзесят пасунуліся яны і нічога не заўважылі. Тады толькі Віктар супакоіўся.
– Я быў упэўнены, што мядзведзь за намі гоніцца, – прамовіў ён з палёгкай.
– Ды раскажы ты толкам, у чым справа? – нецярпліва запытаў Мірон.
– А вось калі я заскочыў за куст, дык трапіў акурат у лапы да мядзведзя. Сажалка высахла, засталося толькі балота, а ў ім бялела шмат рыбы. Вось мядзведзь і капашыўся там, падбіраў нашую рыбку. Мусіць, таму ён і не пачуў нас, што быў заняты гэтай справай. Я з разгону так і паляцеў на яго. Ён мігам выпрастаўся, стаў на заднія лапы і павярнуўся да мяне. У бяспамяцці я стукнуў сваёй булавой яму па мордзе. Ён зароў і ўхапіўся лапамі за вочы. Відаць, я трапіў яму ў вока. Булава вывалілася з рук, і я паляцеў назад. Вось і ўсё.
– Во як? – сказаў Мірон. – Дык гэта не жарты?
– Добрыя жарты – трапіць мядзведзю ў лапы з адным толькі кіем.
– А ведаеш што? – засмяяўся Мірон. – Гэта ж вожык нас выратаваў. Калючкі папсавалі мядзведзю вока, вось яму і не было як гнацца за намі. А простым кіем ты не мог бы выбіць яму вока.
– Я ж табе казаў: падавай на маю булаву ўсіх звяроў, нават сланоў і кракадзілаў! – сказаў Віктар і ўзяўся ў бокі.
– Ой, не хваліся, герой! – паківаў яму пальцам Мірон. – Прыпомні, як ты, збялелы, бяззбройны, ляцеў ад яго.
– А ты нават і не ведаў чаго, але таксама ляцеў!
І абодва героі весела засмяяліся.
Праз паўгадзіны пайшлі назад. Чым болей набліжаліся да сажалкі, тым болей напружваліся. Чатыры вокі пільна ўглядаліся ў кусты, чатыры вухі не прапускалі аніводнага гуку. Кожны момант хлопцы гатовы былі драпануць назад.
Такім чынам падкраліся да самага берага і ўбачылі балотца з невялікімі лужынкамі, здохлую, паўжывую і жывую рыбу, сляды мядзведзя, а побач булаву. Ніякіх адзнак, што быў паблізу і сам мядзведзь, не было.
Калі падышлі бліжэй ды паднялі дубіну, то заўважылі на ёй сляды зубоў.
– Відаць, ад злосці кінуўся на дубіну, – заўважыў Віктар. – Калі за намі не пагнаўся, дык пэўна застаўся без вока.
– Нажылі мы цяпер суседа-ворага, – сказаў Мірон.
– Дармо! Ён сам цяпер будзе баяцца нас. Наконт гэтага можна быць спакойным. Наогул мядзведзь сам не нападае на чалавека, а на двух – тым болей.
Набралі хлопцы рыбы колькі ўлезла і накіраваліся дадому.
– Апошняя рыба, – сумна сказаў Мірон. – Калі не выберамся заўтра, паслязаўтра, то дрэнная будзе справа.
– А мы зараз жа пасля снедання пойдзем, – адказаў Віктар.
Ён цяпер больш за ўсё цешыўся са сваёй булавы.
– Гістарычная зброя! – казаў ён. – Нават са слядамі мядзведжых зубоў. У музей аддам яе.
Дома не толькі добра паснедалі, але і назапасілі рыбы. Частку засмажылі, а частку падкурылі ды павесілі сушыцца.
Заставалася яшчэ больш гадзіны да поўдня, калі яны рушылі ў дарогу.
Хутка дайшлі да таго месца, дзе спыніліся ўчора, і зноў пачалі свой абход. І зноў пачалася тая самая пакута, зноў пасоўваліся наперад, у балота, і зноў вярталіся назад. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе першы раз яны далёка падаліся ў балота.
– Апошняя надзея… – прамовіў Мірон.
Энергічна і ўпэўнена пайшлі хлопцы наперад. Вось ужо і тое месца, дзе яны прымушаны былі павярнуць назад. Далей, дзе раней была вада, цяпер засталося толькі балота.
– Смялей! Смялей! – падбадзёрвалі яны адзін аднаго.
Чапляліся за дрэўцы, пераскаквалі з купінкі на купінку, часам загразалі ў багавінні па пояс, памагалі адзін аднаму. Так яны ўсё пасоўваліся ды пасоўваліся наперад і, нарэшце, вылезлі на сухі бераг.
Уздых вырваўся з грудзей, нібы яны з духаты выйшлі на свежае паветра.
– Вылезлі з гэтага праклятага балота! Хутчэй да якой-небудзь вёскі! Хлеба, хлеба пакаштаваць бы!
Яны павярнулі налева, на поўдзень, і шпарка пайшлі наперад. Лес здаваўся такім самым, як і на іх востраве, мясцовасць нават была вышэйшай, што вельмі цешыла хлопцаў. Калі прайшлі кіламетры са два, то… зноў уткнуліся ў балота!
– Няўжо ж такое самае?! – з жахам сказаў Віктар.
– Наўрад, мясцовасць навокал іншая, вышэйшая, – абнадзеіў Мірон.
Смела рушылі наперад, але хутка павінны былі вярнуцца. Прайшлі з паўкіламетра ўдоўж, зноў паспрабавалі, – і зноў такая ж дрыгва.
Сэрцы сціснуліся ў хлопцаў. Няўжо ж пачнецца тое самае? Сцяўшы зубы, кідаліся яны ва ўсе бакі і кожны раз павінны былі адыходзіць. Яны забыліся на зморанасць, на голад, напружвалі апошнія сілы, але дрыгва няўмольна прымушала іх паварочваць усё направа ды направа, пакуль ужо цямком не апынуліся яны на тым самым месцы, дзе выйшлі з балота.
Віктар кінуўся на зямлю і прыціснуўся да яе тварам. Мірон стаяў, апусціўшы рукі, і нейкімі дурнымі вачыма глядзеў у адну кропку.