Выбрать главу

– Выйсця няма! У пастцы! – прашаптаў ён нарэшце.

– Відаць, загінуць прыйдзецца тут, – прастагнаў Віктар.

Цямнела. Вечар быў цёплы, ціхі. Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Але нашыя хлопцы нічога гэтага не адчувалі, не заўважалі. Перш за ўсё ім вельмі хацелася адпачыць. Яны ж страцілі апошнія сілы ў гэтым змаганні за вызваленне. Яны хацелі б праляжаць тут усю ноч, каб назаўтра зноў паспрабаваць вырвацца. Але…

– Слухай, Віктар! – прамовіў Мірон нейкім глухім голасам. – Мы павінны зараз жа вярнуцца назад, бо іначай застанемся без агню.

Віктар прыпадняўся, правёў рукою па лбе, страсянуўся і ўскочыў на ногі.

– Але, – сказаў ён. – Трэба змагацца.

І яны моўчкі пайшлі назад у балота, уначы…

Не будзем апісваць гэтую жудасную дарогу. Скажам толькі, што вярнуліся яны назад, нібы пастарэўшы на некалькі гадоў. Кожны з іх бачыў смерць, загразаў у багавінні па шыю. Правялі ў балоце гадзіны чатыры і выратаваліся толькі таму, што адзін аднаму памаглі.

Дацягнуліся да стаянкі бадай што непрытомнымі. Ледзь раздзьмухалі апошнія вугольчыкі, распалілі вялікі агонь і паснулі каля яго. Не залазілі нават у сваю будку.

Гэта была іхняя дзесятая ноч на востраве…

А ў сне яны бачылі кожны па-свойму свае хаты, сям'ю. Ім было так добра, утульна, цёпла, толькі з акна ці дзвярэй дзьмуў халодны вецер.

XIII

Прымусовае чаканне. – На пашы. – Жаба-птушка. – Хатні настрой. – Чалавек.

Спачатку іх грэў і сушыў агонь, а потым – сонца.

У сне яны паварочваліся да цяпла то адным, то другім бокам, пакуль не высахлі з усёй сваёй граззю. Спалі вельмі доўга, аднаўляючы сілы.

Першым прачнуўся Мірон і зараз жа кінуўся да вогнішча. Калі агонь зноў запалаў, Мірон сеў на зямлю, абхапіў рукамі свае худыя калені і задумаўся…

Праз некаторы час усхапіўся Віктар, паглядзеў на Мірона з такім выглядам, нібы зусім не чакаў яго тут сустрэць, і пачаў чухацца так, што пыл пайшоў ад яго, нібы дым ад вогнішча.

– А сёння я быў дома! – сказаў ён нарэшце.

– І я таксама, – задуменна адказаў Мірон. – Сёння пачаліся ў нас заняткі. Сёння нашы бацькі зусім ужо ўстрывожыліся. Сёння пачнуць нас усюды шукаць, толькі не тут…

– Можа, які сігнал можна даць? – сказаў Віктар.

– Каму ты дасі праз некалькі кіламетраў балот ды лясоў? – адказаў Мірон. – Я думаю, нам варта перасяліцца на той востраў, дзе мы ўчора былі. Усё ж такі бліжэй да людзей.

– Адкуль ты ведаеш, што бліжэй? Можа, зусім наадварот. А тут, на беразе…

– На якім беразе? – перапыніў Мірон. – Хіба ты не бачыш, што возера ў нас ужо няма? Вунь куды яно адсунулася. І адтуль па балоце, напэўна, ніхто да нас не падыдзе.

– А з лесу таксама ніхто да нас праз балота не пройдзе.

– А мы нікога не будзем чакаць, мы самі пойдзем, як падсохне.

– Можа, у ліпені і падсохне, але як дажыць да гэтага часу? – пахмура казаў Віктар.

– Дагэтуль было горш і то пражылі, а там пойдуць грыбы, ягады.

– Падохнем ад гэткай ежы. Глянь, якія ўжо мы зрабіліся, – Віктар паглядзеў на свае кастлявыя рукі. – А ты, брат, зусім на Дон Кіхота стаў падобны.

Мірон уважліва паглядзеў на свайго таварыша і толькі цяпер заўважыў, як той змяніўся за гэты час: не толькі шчокі, але і нос, і рот, і нават вочы здаваліся не тымі.

– А ты на Санча Панса зусім не падобны, – сказаў Мірон, усміхнуўшыся. – Давай тады паснедаем. Ёсць печаная рыба, ды сушанай, можа, хопіць на два-тры дні. Ёсць яшчэ аер, бярозавы сок.

– А там зноў завядзём хатнюю жывёлу! – ужо весела падхапіў Віктар.

Пасля снедання настрой у хлопцаў яшчэ больш палепшыўся.

– Хадзем на паляванне! – крыкнуў Віктар. – Ды памыемся дзе-небудзь. А перасяляцца на той востраў пачакаем – хай падсохне.

Узялі свае дубіны і павольна накіраваліся ў лес. Цяпер, калі выявілася, што ім так ці іначай прыйдзецца яшчэ сядзець тут некалькі дзён, хлопцы супакоіліся і маглі зноў накіраваць сваю ўвагу і энергію на «авалоданне» востравам.

У адным кутку, пад елкай, знайшлі яшчэ некалькі апошніх журавін, у другім месцы паскублі маладога шчаўя, а ў арэшніку знайшлі крыху леташніх арэхаў. Калі ўбачылі ліпу, Мірон спыніўся і сказаў:

– А мы забыліся яшчэ на гэтую спажыву. Маладзенькае лісце ліпы не горш за салату.

Пакаштаваў Віктар і застаўся вельмі задаволены.

– Гэта нават лепш за аер і шчаўе! Э-э, жыць можна! А ўлетку, мусіць, яшчэ больш усялякага дабра набярэцца.

Раптам ён спыніўся і ўтаропіўся на верхавіну дрэва. Зірнуў Мірон і яшчэ болей здзівіўся: там, высока над зямлёй, скакала жаба. Ярка-зялёная, з белым жыватом і дзвюма чорнымі з жоўтымі палоскамі па баках, яна мела лёгкі і жвавы выгляд і спрытна пераскаквала з галіны на галіну.

– Як яна сюды забралася? – спытаўся Мірон.