– У-ух! – крыкнуў ён не то ад жаху, не то ад неспадзеўкі, не то ад холаду. Мусіць, ад усяго разам.
А човен ад яго руху так захістаўся ды закруціўся, што Мірон ледзь уседзеў, ухапіўшыся рукамі за бакі яго. Але пры гэтым ён выпусціў з рук вясло. Струмень падхапіў бездапаможны човен і панёс яго далей, да другой алешыны. Падплываючы да яе, Мірон перахіліўся цераз борт і ўчапіўся рукамі за галіну. Тут ён адчуў, што човен нібы выслізгвае з-пад яго. Трымаючыся за галіну бадай што над вадой, Мірон стараўся падцягнуць да сябе човен нагамі, але скончылася гэтая справа тым, што галіна абламалася, хлопец паляцеў у ваду дагары нагамі, а човен, атрымаўшы апошні штуршок і паварочваючыся ў розныя бакі, жвава панёсся наперад. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў ужо так далёка, што дагнаць яго не было ніякай магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму.
Усё гэта адбылося так хутка, што Віктар, які таксама выбіраўся з вады і ўзлазіў на дрэва, нават не заўважыў, што робіцца за яго спіной, тым больш што Мірон за ўвесь гэты час не падаў аніводнага гуку.
Азірнуўся Віктар – ні чоўна, ні Мірона няма! Што за дзіва такое?
– Міро-о-он! – гукнуў ён.
– Ну! – адгукнулася зусім блізка.
– Дзе ты?
– Тут!
Глянуў Віктар – і вачам сваім не верыць.
– А дзе ж човен?
– Не ведаю.
– Як жа так?
– Ды так. Паплыў.
– Што ж гэта такое? – у роспачы крыкнуў Віктар.
– Прыгода, – спакойна азваўся Мірон са свайго дрэва.
– Што ж ты нарабіў?
– А можа, гэта ты нарабіў?
– Ты ж у чоўне застаўся!
– Хацеў бы я паглядзець, як ты застаўся б, каб цябе так штурханулі, – адказаў Мірон.
Так спрачаліся яны, пакуль не прайшло першае ўражанне ад няшчасця. Ніхто нікога сур'ёзна не вінаваціў, ды і карысці ніякай ад гэтага не было б, але ж трэба было па прывычцы аднаму аднаго папікнуць. І толькі пасля таго сталі яны абмяркоўваць, як выйсці са становішча.
А становішча было такое, што ім нікуды нельга было падацца, апрача таго лесу, што віднеўся наперадзе за кіламетр ці трохі болей. Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. А на залітым вадою балоце яны мелі шмат «станцый» для адпачынку – дрэвы, кусты і проста неглыбокія мясціны.
Было каля поўдня. Неаглядная водная прастора іскрылася на сонцы. З захаду ледзь дыхаў цёплы ветрык. Вада ціхенька плюхалася каля дрэў. Уверсе са свістам праляцелі дзве качкі. Сонца прыемна сагравала мокрае адзенне хлопцаў. Настрой у іх палепшыўся, асабліва ў Віктара. Ён нават пачаў жартаваць:
– Калі-небудзь, можа, будзем дзякаваць, што так здарылася. Тут табе і мора, і аварыя карабля, і таемны востраў, а там сустрэнуцца дзікуны, бегемоты, кракадзілы, тыгры…
– Невялікае шчасце сустрэць тыгра з голымі рукамі, – сказаў Мірон.
– А ты хочаш, каб табе ўсё гатовае было? Тады лепш было сядзець дома.
– Я і згадзіўся б цяпер лепш сядзець дома. Можа, каб апісаць усё гэта ў кніжцы, дык які-небудзь дурны хлопец і захацеў бы быць на нашым месцы. А я наперадзе не чакаю нічога добрага.
– Эх ты! – з пагардай сказаў Віктар. – Што будзе з цябе далей, калі ты ўжо цяпер раскіс?
Мірон усміхнуўся.
– Прадбачыць – гэта не значыць раскіснуць. Паглядзім яшчэ, хто будзе больш трывалы. Але час ужо ў дарогу. Эх, не хочацца зноў лезці ў сцюдзёную ваду!
– Пачакай, можа, варта яшчэ пашукаць нашага чоўна? Можа, ён зачапіўся дзе? – сказаў Віктар. – Маё дрэва вышэйшае, я з яго пагляджу.
– Дзе там! – безнадзейна махнуў рукой Мірон. – Гэтая гладкая калода нават не мае чым зачапіцца. Ды і вір круціць тут ва ўсе бакі.
– Так яно і ёсць! – сказаў Віктар, калі зірнуў зверху. – Вунь ён ужо выходзіць у возера. Нічога не зробіш, прыйдзецца плысці.
І хлопцы пусціліся ў далейшую дарогу.
Вельмі хутка яны пераканаліся, што плысці ў адзенні – гэта вялікая пакута. Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала, і ўніз цягнула. Спачатку хлопцы маглі праплысці без адпачынку якую сотню метраў, а потым усё менш і менш. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што «станцыі» размяшчаліся зусім не так, як хацелася б. Дрэвы трапляліся вельмі рэдка, і не заўсёды былі яны па дарозе. Часта прыходзілася адпачываць проста ў вадзе, трымаючыся за верхавіны кустоў. А тады цела яшчэ больш дубянела ад холаду. Таму, калі сустракалася дрэва, на якое можна было ўзлезці, то хлопцы больш радаваліся магчымасці пагрэцца на сонцы, чым адпачынку. А кракадзілы і тыгры больш ужо не прыходзілі ў галаву – не да таго было.
Метраў за трыста ад берага хлопцы адчулі пад нагамі зямлю. Калі сталі, то вада даходзіла ім да грудзей. Радасць была надзвычайная. Але зноў бяда: дно аказалася такое дрыгвяное, што ісці па ім не было ніякай магчымасці.