Мядзведзь усё нюхаў паветра ды прыглядаўся да чагосьці на дрэве. Зірнулі туды і хлопцы і заўважылі дупло, а каля яго нібы мухі лятаюць.
– Пчолы! – сказаў Віктар. – Дык вось да каго ён прыглядаецца! Дзякуй яму за тое, што знайшоў, а выкарыстаць трэба ўжо нам.
Хлопцы пачалі красціся да мядзведзя. Той абапёрся пярэднімі лапамі аб дрэва і сабраўся лезці. Ён быў так заняты сваёю справай, што мог бы не заўважыць ворага нават з абодвума вачыма, а з адным – тым болей.
Толькі ён прыстасаваўся лезці, як – бац! яму нешта па галаве ды як крыкне нехта над вухам! Зароў наш мядзведзь, шугануў убок, ледзь Мірона з ног не збіў і знік з вачэй. Напэўна можна сказаць, што мядзведзь нават і не бачыў, адкуль на яго звалілася бяда, але ён так спалохаўся, што адразу ў яго сапсаваўся жывот.
– Вось бачыш, якая простая справа! – урачыста прамовіў Віктар.
Мірон толькі плячыма паціснуў.
– Мусіць, толькі ў нас гэтак здараецца, – сказаў ён, – бо іначай людзі зусім не баяліся б мядзведзяў… А каб дастаць мёд, відаць, трэба спачатку выкурыць пчол дымам. Прыйдзецца ісці па агонь.
– Але спачатку пашукаем мядзведзя. Можа, у яго і другое вока выбіта, тады мы зможам забіць яго дубінамі.
– Каб было так, ён не ўцёк бы гэтак шпарка. Мусіць, бачыў.
Яны пайшлі ў той бок, куды пабег мядзведзь. Яго няцяжка было знайсці, бо ён пакінуў след ад сваёй раптоўнай хваробы… Праз некаторы час яны пачулі ў гушчары хруст, енк, нібы тузаніну. Падкраліся, зірнулі – курчыцца, валяецца мядзведзь, нібы яму трапілі ў жывот куляй. Калі ўбачылі гэта хлопцы, разам кінуліся да яго і пачалі малаціць дубінамі. Непрыемнае і цяжкое было гэтае «паляванне»… Нарэшце бездапаможны мядзведзь загінуў пад ударамі дубін. Хлопцы, засопшыся, паваліліся на траву.
– Мусіць, мы адзіныя ў свеце людзі, якім без ніякай зброі пашанцавала забіць мядзведзя, – прамовіў Мірон. – Такі выпадак варта запісаць у кнігу.
– Запісана ўжо, – адказаў Віктар. – У адной навуковай кніжцы я чытаў пра такое здарэнне: адзін паляўнічы заўважыў у аўсе мядзведзя. Той ляжаў на зямлі, нахіліўшы на сябе пук аўсяных каласоў, і спакойна ласаваўся імі. У паляўнічага стрэльба была набіта толькі шротам. Забіць мядзведзя шротам нельга, але паляўнічы захацеў хоць спудзіць яго, прагнаць з аўса і стрэліў проста ў паветра. Мядзведзь спалохаўся і «захварэў». Вось гэтак жа, як цяпер. А на другі дзень яго знайшлі за некалькі соцень крокаў мёртвым. Ён памёр ад перапуду. Я не думаю, каб і наш мядзведзь сканаў толькі ад перапуду. Але ў кожным разе гэта дапамагло нам справіцца з ім.
Як бы там ні было, а перад хлопцамі ляжала туша сапраўднага мядзведзя, здабыча, якой ганарыўся б кожны паляўнічы. Але як даступіцца да гэтай здабычы? Калі столькі пакуты было з зайцам і барсуком, то што будзе з мядзведзем?
– Хоць ты плач, гледзячы на багатую здабычу! – уздыхаў Мірон. – Трэба абавязкова дастаць каменняў.
– І зараз жа! – крыкнуў Віктар.
Але Мірон зрабіў «матэматычныя падлікі», па якіх выходзіла, што працу і час ім трэба размеркаваць інакш, чым яны думалі. Каменні шукаць, мусіць, прыйдзецца не адну гадзіну, нямала часу пойдзе, каб апрацаваць іх. А яшчэ разабраць мядзведзя, перанесці і ўпарадкаваць мяса. Апрача таго, трэба ж будзе за ўвесь гэты час і падсілкавацца.
– Адным словам, – скончыў свае падлікі Мірон, – сёння ўсё зрабіць мы не паспеем, не кажучы ўжо аб тым, што наш агонь за гэты час можа загінуць.
Праз некалькі хвілін два хлопцы валаклі па лесе мядзведзя. Адзін трымаў яго за правую пярэднюю лапу, другі – за левую, а мядзведзь ехаў па зямлі на спіне мордай наперад. Хоць і невялікі быў звер, але для галодных і аслабелых хлопцаў ён быў значным грузам.
– Колькі мы тут валачэм непатрэбнага цяжару, які добрыя людзі пакінулі б на месцы! – скардзіліся хлопцы.
У гэты дзень яны паспелі толькі набраць каменняў ды наладзіць іх «апрацоўку». У лесе пачулася лясканне, нібы хто брукаваў вуліцу. Праз некаторы час хлопцы ўжо мелі «нажы» і «сякеры» каменнага веку. Але ж якія гэта былі прылады! Хлопцы глядзелі на іх і казалі:
– Першабытны чалавек засмяяў бы нас, каб убачыў такія прылады.
– І ў музеі такіх не знойдзеш.
– Але мы не вінаваты, што крэменю няма.
– Мусіць, і з крэменю мы не здолелі б зрабіць так, як яны.
– А ўсё-такі ямчэй будзе, чым зубамі!
На другі дзень раненька ўзяліся за працу. Дапамагчы каменныя прылады дапамаглі, але толькі з удзелам сухога вострага кораня ды ўсялякіх іншых прыстасаванняў. У выніку атрымалі столькі мяса, што не ведалі, куды яго дзець.
– Што рабіць? – у роспачы казаў Мірон. – Без солі яно і тры дні не пратрымаецца.
– Тады трэба наесціся на запас, – не то сур'ёзна, не то жартам сказаў Віктар.