– Я палезу туды, а ты мне падасі тычку запаленага моху, – прапанаваў Віктар.
– Каб знайсці добрую жэрдку, дык лепш было б з зямлі прасунуць, – сказаў Мірон. – Спакайней, ды і табе не прыйшлося б цярпець.
Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку. Як загуло там! Хлопцы зараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары.
Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала.
Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.
– Ды гэтага і чакаць трэба было, – сказаў Мірон. – Новага мёду не маглі яшчэ назбіраць. Засталіся толькі леташнія рэшткі.
– Дзякуй і за гэта. Шклянка добрая набярэцца, – казаў Віктар, аблізваючы пальцы.
– Цяпер мы жывём! – разважаў Мірон, калі ішлі назад. – Калі ўзяць, напрыклад, ды змяшаць з мёдам ліпавае лісце, дык будзе такая страва, ад якой ніхто і дома не адмовіўся б. Пасля мяса гэта будзе вельмі дарэчы.
– Пачакай цешыцца, – усміхнуўся Віктар. – Можа, звар'яцееш яшчэ.
– Чаму так? – прыпыніўся Мірон.
– Забыўся? А можа, гэта мёд з той цудоўнай азаліі?
– Ну, не. Столькі не набяруць.
– Калі не зусім, дык крыху ашалееш.
З гэткімі гутаркамі яны весела ішлі дадому і не думалі пра тое, што іх там магло чакаць.
А калі прыйшлі, то ўбачылі такую карціну, ад якой аж уваччу пацямнела: абгрызеныя косці, разбураны хлеў і сляды звяроў…
У Мірона ледзь гаршчок не вываліўся з рук, а Віктар забегаў і закрычаў, нібы хто яго ўкусіў.
– Ах, праклятыя! Хто гэта? Як гэта здарылася?!
– Мы забыліся, што апрача нас у лесе яшчэ ёсць насельнікі: лісы, ваўкі, дзікі, – панура сказаў Мірон. – Вось хто-небудзь з іх і паквапіўся.
Віктар пачаў прыглядацца да слядоў.
– Ды тут іх шмат было! – сказаў ён. – Вось сляды нібы ваўка, вось – нібы кошкі. А тут вунь яшчэ нейкія. Адкуль яны ўсе разам сабраліся?
– А навошта было ім збірацца ўсім разам. Спачатку хто-небудзь адзін прыйшоў, разбурыў, наеўся, а там маглі пачуць і падысці іншыя. Але нам ад гэтага не лепш.
– Што ж мы цяпер будзем рабіць? – схапіўся за галаву Віктар.
– Тое, што і да гэтага часу, – спакойна адказаў Мірон. – Трэба думаць, што не загінем, як і дагэтуль.
Спакойны тон Мірона крыху суцешыў і Віктара. Выбух роспачы сцішыўся, а там яны ўзялі сябе ў рукі і сталі глядзець на справу цвяроза. Усё роўна назад не вернеш. Калі забыліся, дзе знаходзяцца, зрабілі памылку, дык трэба прыняць яе пад увагу і другі раз быць разумнейшымі.
– Вось ужо колькі памылак мы нарабілі, – разважаў Віктар, – кожны раз абяцаем быць разумнейшымі і ўсё аніяк не можам паразумнець.
Мірон нават засмяяўся.
– Ці ведаеш, што мы і так разумныя? – сказаў ён.
– Не відаць гэтага, – паківаў галавой Віктар.
– Добра відаць. Калі яшчэ не памерлі, значыцца, не дурныя. А калі пажывём у гэткіх умовах год, то я абяцаю табе, што памылак у нас амаль не будзе.
– А калі дзесяць год, дык аніводнай не будзе! – сказаў панура Віктар.
– Пэўна, – сур'ёзна адказаў Мірон. – На ўсё трэба практыка, а ты адразу хочаш зрабіцца чалавекам без хібаў.
– Але дзе ж мы цяпер другога такога мядзведзя знойдзем? – ужо жартам прамовіў Віктар.
– На наш век дурняў хопіць, – засмяяўся Мірон. – Пратрымаемся як-небудзь тыдзень, а там прыйдуць нашы «збаўцы».
– Ты іх лічыш дурнямі?
– Калі мы іх перахітрым, – так.
– А калі яны?
– Тады мы будзем дурнямі.
Паступова вастрыня ўражання змяншалася. Забыцца на няшчасце, не шкадаваць яны, вядома, не маглі, але будучыня ўжо не здавалася ім безнадзейнай.
– Давай падбяром хоць агрызкі, – сказаў Мірон.
– А можа, яшчэ якую хваробу схопіш ад іх?
– Я думаю, тутэйшыя звяры адчуваюць сябе лепш, як мы.
Такіх недаедкаў навакол набралася столькі, што хлопцам магло хапіць на ўвесь заўтрашні дзень. А потым яны пачалі суцяшаць сябе тым, што, можа, паслязаўтра мяса і само сапсавалася б. А калі ўбачылі, што рэштка солі засталася некранутай, то яшчэ лягчэй зрабілася на сэрцы.
XVIII
Панская страва. – На баброў. – Вось дык бабёр! – Таемныя лісты. – Рамонт бабровай хаткі. – Ваенная падрыхтоўка. – Чаму людзі шануюць баброў.