Выбрать главу

– Дык вось у чым сакрэт! – крыкнуў Віктар. – Кантрабандысты выбралі сабе тут прытулак! Вось чаму спыніліся тут нашы «збаўцы» і хацелі нешта паглядзець, ці ўсё ў парадку!

– Але чаму ж яны выбралі бабровую хатку, калі можна было закапаць у зямлю? – здзівіўся Мірон.

– У зямлі магло папсавацца ад вільгаці, а тут суха, бо бабры будуюць хату ў два паверхі, з якіх верхні заўсёды сухі і ніколі не заліваецца вадой. Акрамя таго, на зямлі кожны раз заставаўся б след, калі закопваць ды выкопваць. Гэта ж вялікае багацце!

– Якая карысць з гэтага? – сумна прамовіў Мірон. – Вось каб гэтыя панчохі можна было есці!

– Пачакай, можа, там яшчэ што ёсць?

Зноў засунуў Віктар руку.

– Ёсць! – крыкнуў ён і выцягнуў новы скрутак.

У ім былі перламутравыя гузікі.

– Ану іх да д'ябла! – вылаяліся хлопцы.

Далей – скрутак тонкага дарагога сукна.

– Ды тут цэлы магазін! – крыкнуў Мірон. – Ану, цягні яшчэ! Можа, кілбасы выцягнеш.

– Пастараюся, – адказаў Віктар і выцягнуў ужо нешта цяжэйшае. Гэта была скрынка, а ў ёй… два рэвальверы!

Радасць ахапіла хлопцаў.

– Во, гэта ўжо іншая рэч!

– Толькі ці ёсць да іх патроны? – сказаў Мірон.

– Знойдуцца! – упэўнена адказаў Віктар і зноў запусціў руку. Але на гэты раз нічога не дастаў.

– Навошта ж тады нам рэвальверы? – сумна прамовіў Мірон.

– Пачакай яшчэ. Пакой бабра часам мае больш за метр ушыркі. Я ж не мог дастаць рукой ва ўсе куты. Трэба пашырыць уваход.

І хлопцы ўзяліся за гэтую працу.

Калі разабралі «столь», дык знайшлі яшчэ скрынку з двума рэвальверамі, некалькі бляшанак з патронамі, зноў скрутак з нейкай замежнай галантарэяй і, нарэшце, чатыры маленькія шасцісценныя каробачкі. Яны былі моцна зроблены з суцэльнага металу і толькі на канцы мелі шрубку.

– Фю-і-і! – засвістаў Віктар. – Тут ужо пахне больш сур'ёзнай справай. Гэта ж піраксілінавыя шашкі!

– Ого! Пакажы! Пакажы! – схіліўся Мірон. – У такім разе тут не проста кантрабанда, а нешта горшае.

– Так, – пацвердзіў Віктар. – Значыцца, нашы «збаўцы» не толькі кантрабандысты, але і дыверсанты. Нездарма мяжа адсюль за кіламетраў трыццаць. А вось яшчэ нейкія паперы.

Хлопцы пачалі разглядаць незразумелыя лісты, напісаныя лацінскімі літарамі, але ніводнага слова не маглі зразумець.

– Відаць, шыфраваныя, – здагадаліся яны.

І, нарэшце, карта Беларусі з рознымі, таксама незразумелымі адзнакамі: крыжыкамі, рыскамі, кружочкамі.

– Тут сапраўдны штаб! – задуменна прамовіў Віктар. – Цяпер я добра разумею, чаму яны хацелі нас загубіць.

– У такім разе і мы арганізуем свой уласны штаб ды абмяркуем, што з усім гэтым багаццем рабіць, – сказаў Мірон.

Пытанне было складанае. Узяць усё сабе – немагчыма. Як цягацца з гэтым дабром, калі невядома яшчэ, як яны самі выкруцяцца з бяды. Знішчыць? Шкада, усё ж такі рэчы каштоўныя. Апрача ўсяго, і тое і другое рызыкоўна: калі бандыты прыйдуць і заўважаць, што склад іх знойдзены, дык адразу здагадаюцца, у чым справа, і пачнецца такое паляванне, ад якога не схаваешся. А хлопцам трэба было ціхенька сачыць, каб выведаць дарогу. Значыцца, у першую чаргу трэба зрабіць так, каб не было відаць, што сховішча знойдзена. А хлопцы ўзялі ды разбурылі хатку.

– Што ж мы з табой нарабілі? – сумна сказаў Віктар. – Зноў памылка! Калі ж будзе канец ім? Цяпер зноў прыйдзецца будаваць хату!

– Відаць, прыйдзецца, – адказаў Мірон такім тонам, нібы ён адзін быў у гэтым вінаваты. – Але спачатку зробім вось што: возьмем два рэвальверы, насыплем у скрынкі пяску і паставім назад; гэтак жа зробім і з патронамі; барахло пакінем усё цалкам, а паперы возьмем з сабой, бо яны замінаць не будуць. Калі мы выратуемся, тады даставім каму належыць каштоўныя паперы. А хатку нам усё ж прыйдзецца аднаўляць. Кожны раз новыя здарэнні, таму і нельга ўсяго прадугледзець.

Віктар згадзіўся з гэтым планам, толькі ўнёс адну папраўку: узяць усе чатыры рэвальверы.

– Гэта ні ў якім разе не пашкодзіць, а можа, і спатрэбіцца, – дадаў ён.

Мірон не пярэчыў.

Пачалі ўпарадкаваць рэчы.

Калі з адной бляшанкі выбралі патроны, Мірон сказаў:

– А бляшанку адну трэба ўзяць сабе. Яна можа служыць замест гаршка.

– Правільна! Тады не трэба будзе больш важдацца з гэтым праклятым чарап'ём.

У апошні момант, калі пачалі былі закладваць гняздо, заўважылі ў галлі новую рэч. Гэта быў кінжал у ножнах. Гэтая знаходка ўсцешыла хлопцаў больш, як усё папярэдняе.

– Гэты нож нібы спецыяльна пакладзены для нас! Яны, можа, так сабе, на кожны выпадак, сунулі яго, а для нас якое шчасце! – цешыўся Мірон.

– Дай Бог ім здароўя на тым свеце! – прамовіў Віктар.

Калі ўпарадкавалі рэчы, пачалі рамантаваць хатку. Трэба было зрабіць акурат так, як было раней, а гэта аказалася вельмі нялёгкай справай. Сувязь між галлём была парушана; выходзіла звычайная куча ламачча, а не бабровая хатка.