Востраў быў вялікі. Калі спыніцца каля берага, то будзеш бачыць толькі гэтую частку, а бандыты могуць перабрацца зусім у іншым месцы. Калі выбраць назіральны пункт у глыбіні вострава, дык наогул берага не будзеш бачыць.
– Нельга спадзявацца, – разважаў Мірон, – што мы акурат убачым, кудой яны прыходзяць, і ўцячом, пакінуўшы іх тут. Трэба меркаваць, што мы раней убачым іх тут, будзем сачыць, як яны пойдуць назад, і выберамся ўжо следам за імі. Таму я прапаную выбраць месца як мага бліжэй да бабровых хатак, куды яны, безумоўна, павінны прыйсці.
– Я ўпэўнены, – казаў Віктар, – што яны пераходзяць у тым месцы, дзе мы заўважылі нібы кладку. Толькі мы не ведаем, як гэта яны робяць. Калі там пільнаваць, мы гэта ўбачым.
– Але яно рызыкоўна, – не згаджаўся Мірон. – А што, калі не там? Тады яны могуць прыйсці і нават пайсці, а мы нічога і ведаць не будзем. А бадзяцца па лесе небяспечна: яны могуць раней заўважыць нас, як мы іх.
Віктару ўсё здавалася, што праход павінен быць там. Але, з другога боку, і разважанні Мірона былі слушныя. І Віктар пакуль што згадзіўся з ім.
На тым беразе, каля якога стаяла бабровая хатка, пачыналася высокая сухая града. Спачатку яна была вузкая і ішла ўздоўж бабровай ручаіны, а потым пашыралася і гублялася ў глыбіні вострава. На ёй рос прыгожы бор з рэдкімі стройнымі соснамі, а па баках ішлі зараснікі алешыны, арэшніку.
– Калі схавацца ў гэтым арэшніку, вось за той купінай, – казаў Мірон, – дык мы будзем бачыць усю гэтую граду. Яны абавязкова павінны прайсці па ёй, калі пойдуць да свайго склада.
– Месца добрае, – сказаў і Віктар. – Нам нават зручна будзе ісці па хмызняку за імі ўслед, бо па чыстым бары было б рызыкоўна.
Тут і вырашылі зрабіць назіральны пункт. Было крыху вільготна на зямлі, але хлопцы мелі дзве скуры.
– Давай зробім рэпетыцыю, – сказаў Віктар. – Я тут сяду, а ты прайдзіся па градзе і паглядзі, ці можна заўважыць.
Віктар сеў, а Мірон адышоўся крокаў на дваццаць убок. Арэхавыя сцябліны без галля дазвалялі досыць добра бачыць, што робіцца на градзе. А вось як адтуль?
– Ну, як? – нецярпліва запытаўся Віктар.
– Пачакай, – махнуў рукою Мірон і некалькі разоў прайшоўся ўзад і ўперад. Вярнуўшыся назад, ён сказаў: – Калі ведаць ці падазраваць, што там нехта ёсць, то заўважыць можна, а так, мне здаецца, не павінны звярнуць увагі, асабліва калі не рухацца.
– Ну і добра. А калі яны сунуцца, то ў нас жа ёсць чым сустрэць іх, – сказаў Віктар.
Калі скончылі з гэтай справай, пайшлі ўпарадкаваць свой лагер. Трэба было зрабіць усё так, як было раней.
– Раней тут рыба вісела, а цяпер – няма, – заўважыў Віктар.
– Гэта праўда, – задумаўся Мірон. – Дзе ж цяпер яе дастаць? Ты не памятаеш, колькі было?
– Рыбін з пяць. Але не можа быць, каб яны іх лічылі.
– Прыйдзецца тады павесіць некалькі рыбіных галоў і касцей. Можна ж падумаць, што іх птушкі падзяўбалі, жукі, чарвякі з'елі.
І яны пачалі развешваць рыбу.
– Каб хто-небудзь убачыў, што мы робім, – смяяўся Віктар, – то, напэўна, падумаў бы: здурнелі хлопцы.
А калі павесілі рыбныя рэшткі, то прыпомнілі: у будцы ж была яшчэ і палова зайца. Але з ім справа вырашалася прасцей: зайца лёгка мог дакончыць кожны драпежнік.
– Трэба толькі крыху касцей параскідаць навакол.
– А таксама ўбраць лішнія мядзведжыя і казуліны косці, – дадаў Мірон.
Упарадкавалі косці. Потым прыпомнілі яшчэ, што чарапашына павінна валяцца каля будкі, як кінуў яе той бандыт.
Нарэшце ўзяліся за вогнішча.
– Здаецца, прыблізна было гэтак, – казаў Мірон, калі раскладаў галавешкі.
– А я ўсё-такі пазнаў бы, што тут нехта гаспадарыў, – прамовіў Віктар.
– І кожны пазнаў бы, каб тады спецыяльна прыгледзеўся, – усміхнуўся Мірон. – Але дзеля гэтага трэба было ўжо тады ўсё ведаць і прадбачыць.
Цяжэй было вырашыць пытанне з агнём. Пагасіць вогнішча, безумоўна, трэба. Трымаць на сваім назіральным пункце агонь, безумоўна, нельга. Няўжо зусім адмовіцца ад яго?
– Гэта немагчыма! – ускрыкнуў Віктар. – Адмовіцца ад агню, потам і крывёю здабытага, сваімі рукамі выгадаванага, захаваўшага наша жыццё! Я нават збіраўся ўзяць яго з сабой дадому, бо ў нас зусім не такі агонь, горшы.
– Таму, што лёгка здабыты запалкамі, – дадаў Мірон.
Пасля досыць доўгага абмеркавання вынеслі такую пастанову: знайсці такі дзікі куток, куды ніякаму бандыту не было б ахвоты соваць нос, і такі густы, каб і зблізку нельга было заўважыць у ім ні агню, ні дыму. Там і захоўваць агонь. І туды пасля дзённай варты прыходзіць спаць.
Узялі свой гаршчок, палажылі гарачага вуголля і пайшлі. Трымаліся бліжэй да возера, улічваючы, што ў гэты бок бандытам няма сэнсу ісці. Тут былі мясціны, куды і самі хлопцы ні разу не завітвалі. Калі яны зайшлі ў гушчар, Віктар узяў у руку рэвальвер і сказаў: