– Паслухайце! – спыніўся чорны. – Там ёсць добры кінжал.
У хлопцаў заняло дух…
Чорны накіраваўся да бабровай хаткі.
Праз некалькі хвілін ён вярнуўся.
– Чорт яго ведае, няма! – сказаў ён.
– А рэчы? – устрывожыліся яго таварышы.
– Рэчы на месцы. Толькі чамусьці ўсярэдзіну насыпалася ламачча, нібы хто зверху праламаў.
– А можа, хто кратаў? – падазрона запытаўся незнаёмы.
– Можа, і ўзлазіла наверх якая жывёліна.
– Ты добра глядзеў? Усё ёсць? Можа, тыя лайдакі дабраліся? – перапытаў малодшы.
– Мы ж глядзелі тады, калі іх ужо не было. Каб яны знайшлі, дык напэўна ўзялі б. А я перамацаў усе рэчы, толькі кінжала не натрапіў. Мусіць, ён заваліўся дзе паміж галля. Доўга было б шукаць.
Але незнаёмы ўсё непакоіўся.
– Трэба было б добра перагледзець усе рэчы, – сказаў ён. – Можа, тыя хлопцы знайшлі, можа, яны яшчэ дзе-небудзь тут?
– Не думаю, каб яны паквапіліся толькі на адзін кінжал, – усміхнуўся чорны і прыняўся зноў за працу.
– А рэвальверы глядзеў? – не адставаў новы.
– Скрынкі на месцы, але я іх не адчыняў, – спакойна прамовіў чорны.
– Вось бачыш.
– Ды чаго ты непакоішся? – умяшаўся малодшы. – Мы ж абышлі ўвесь лес, стралялі, гукалі. Каб яны тут былі дык адгукнуліся б, пачуўшы людзей. Усе рэчы тады былі цэлыя. Мы і рэвальверы глядзелі.
– А ўсё ж такі трэба пераканацца, – паківаў галавой новы.
– Добра, – супакоіў чорны. – Зараз скончым і паглядзім. Пойдзем нават паглядзець і іх «хату».
Хлопцы чулі ўсю гэтую размову і рыхтавалі сябе да апошніх рашучых падзей. Галоўнай іх перавагаю было тое, што іх лічылі загінуўшымі. А калі здагадаюцца, што яны жывыя, тады ім ужо не справіцца з трыма такімі бандытамі, у якіх яшчэ і стрэльба была. Хіба толькі ўдасца схавацца.
Тым часам бандыты знялі скуру і селі адпачыць.
– Трэба было б за гэтага ўзяцца, – кінуў малодшы на палонніка. – Чаго з ім доўга валаводзіцца?
– Але, – устаў чорны.
Палоннік сядзеў на зямлі, апусціўшы галаву. Час ад часу ён торгаў рукамі, але дзе там было вызваліцца!
– Хадзі сюды, сабака! – падышоў да яго чорны, узяў за плечы, падняў і падапхнуў да вогнішча. Потым развязаў хустку.
Хлопцы ўбачылі маладога чалавека гадоў дваццаці васьмі з прадаўгаватым, сухарлявым тварам. Тонкія сціснутыя вусны і зморшчкі на лбе сведчылі аб яго напружанні, але вочы безуважліва глядзелі некуды міма бандытаў.
– Цяпер ужо можаш крычаць колькі ўлезе, – засмяяўся незнаёмы.
Тады падышоў малодшы і звярнуўся да палонніка:
– Слухай! Ты можаш палепшыць сваё становішча, калі скажаш, якім чынам даведаўся пра нас, хто табе ў гэтым дапамог. Назаві чалавека, які выдаў нас.
Палоннік не адказваў, бандыт памаўчаў. Пасля пачаў зноў.
– Геройства тваё ўжо непатрэбнае: ты ў поўнай нашай уладзе. Ніхто цябе не пачуе. Калі скажаш, то значна палегчыш свой лёс. А калі не… дык мы здолеем прымусіць цябе, – прасіпеў бандыт.
Палоннік усё маўчаў.
– Ну! – грозна крыкнуў чорны. – Адказвай!
– Канчайце хутчэй вашу справу, а я нічога не скажу! – нарэшце прамовіў палоннік.
– Канчаць хутчэй? – засмяяліся бандыты. – Не, брат, пачакай яшчэ. Гэта толькі пачатак.
І чорны выцяў палонніка кулаком па твары…
Небарака пахіснуўся і паваліўся на зямлю. З носа і рота паказалася кроў…
У хлопцаў аж заляскалі зубы ад хвалявання.
– Нельга сядзець!… Не маем права!… Трэба страляць! – прашаптаў Віктар.
– Пачакаем, пачакаем хоць крыху, – усхваляваным шэптам адказаў Мірон. – Досыць далёка… Не трапім… А тады канец і яму, і нам. Пакуль ён жывы, пачакаем… Можа, будзе лепшы момант.
Чорны ўзяў галаўню і паднёс яе да твару палонніка.
– Можа, агонь прымусіць цябе гаварыць? Апрача таго, у нас і яшчэ знойдуцца добрыя спосабы. Часу хапае. Кажы лепш!
Палоннік адхіснуўся і зноў нічога не адказаў.
– Слухайце, – умяшаўся незнаёмы. – Адкладзём допыт да таго часу, пакуль падыдуць нашы таварышы. Тады зробім гэта па ўсіх правілах мастацтва. А цяпер пойдзем паглядзім наш склад ды будку тых хлопцаў.
– Сапраўды, гэтак будзе лепш, – падтрымаў малодшы.
– Добра, – згадзіўся чорны. – А ты тым часам падумай. І не чакай хуткай смерці. Разбяром цябе на кавалачкі, але прымусім сказаць! А цяпер звяжам цябе так, каб ты спакойна мог праляжаць да заўтрага.
Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог.
Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое.
І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая.