Выбрать главу

– Малайцы, хлопцы! – коратка сказаў Саўчук, і гэтыя словы з вуснаў камандзіра былі для іх самай лепшай пахвалой.

Двум здаровым бандытам было загадана перавязаць сваіх раненых таварышаў. У аднаго з іх была перабіта правая рука, другому Мірон прастрэліў плячо і зачапіў бок. На бінты для іх прыйшлося рваць сарочкі.

– Вы іх тут пільнуйце, – ціха сказаў Саўчук, – а я прывяду тых двух.

Як толькі Саўчук адышоўся, хлопцы адразу адчулі трывожную напружанасць. Яны пачалі заўважаць, што бандыты, робячы перавязку, больш сачылі за хлопцамі, чым за сваёй работай. Яны паварочваліся і станавіліся не так, каб зручна было перавязваць, а так, каб зручна было кінуцца на вартавых.

Памятаючы параду Саўчука, хлопцы трымаліся на такой адлегласці, каб адным махам да іх нельга было даскочыць, а рэвальверы не апускалі ні на адну хвіліну. Апрача таго, трымаліся блізка адзін ля аднаго і ўвесь час мянялі свае пазіцыі, каб было зручна ім, а не бандытам. Ніводнага слова не сказалі хлопцы адзін аднаму, а дзейнічалі так дружна і ўзгоднена, нібы ўсё ў іх было дагаворана. Значыцца, абодва добра навучыліся разумець становішча.

Хлопцы ўздыхнулі вальней, калі падышоў Саўчук з двума ранейшымі палоннымі. Раты іх былі ўжо развязаны.

– І вы папаліся? – з папрокам сказаў адзін з іх сваім новым таварышам.

– Гэтак жа, як і вы! – злосна буркнуў нехта ў адказ.

Саўчук падышоў да іх і сказаў:

– Дазвольце ўжо і вам звязаць рукі. Мы вымушаны гэта зрабіць.

Бліснулі бандыты вачыма, сцялі зубы, сціснулі кулакі, але за спіною стаялі хлопцы з рэвальверамі – і бандыты скарыліся.

Каб перавязаць усім рукі і ногі, Саўчук зняў з бандытаў усе паясы і рамяні, якімі яны былі падперазаны. Віктар штурхнуў пад бок Мірона і шапнуў:

– Цяпер яны не ўцякуць, каб нават і ногі былі не звязаныя.

Тыя два, якіх звязалі яшчэ раніцай, пачалі прасіцца:

– Рукі здранцвелі, развяжыце хоць на некалькі хвілін.

– Выбачайце, – адказаў Саўчук, – цяпер аніяк нельга. Прыйдзецца яшчэ трошкі пацярпець. Я таксама цярпеў. Вы тым часам пасядзіце тут ля вогнішча, можаце нават распачаць свой сход. Шкада толькі, што старшыня ваш забіты.

– Сам вінаваты, – сказаў адзін з бандытаў. – Не знішчыў гэтых шчанят, калі была магчымасць, дык цяпер і сам загінуў і нас загубіў.

Хлопцы адчулі задавальненне, што бандыты так высока ацанілі іхнюю ролю ў гэтай справе.

Пасля таго Саўчук адвёў хлопцаў убок і сказаў:

– Баявыя аперацыі мы з вамі скончылі паспяхова. Ёсць і трафеі, і палонныя. А як нам з усім гэтым выбрацца адсюль? Правесці ўсіх са звязанымі рукамі па тых кладках немагчыма. Апрача таго, у нас ёсць яшчэ двое раненых, з якіх аднаго прыйдзецца несці. І забітага трэба было б пахаваць, а няма чым. Адным словам, мы самі з усёй гэтай аперацыяй не справімся. Так?

Мірон і Віктар павінны былі згадзіцца, што яно так. Значыцца – трэба ісці па дапамогу. Ісці можа толькі адзін таварыш Саўчук. А хлопцам прыйдзецца заставацца тут і пільнаваць гэтую кампанію…

– Гэта вельмі сур'ёзная справа, – казаў Саўчук. – Для вас яна больш сур'ёзная, чым усе сённяшнія ваенныя дзеянні. На працягу ўсёй ночы вы будзеце рызыкаваць жыццём кожную хвіліну, бо яны будуць прыдумваць усялякія штукі. Будзьце пільнымі, не спускайце з іх вачэй усю ноч. Калі што якое, страляйце не задумваючыся. Як вам здаецца, справіцеся?

– Справімся! – упэўнена адказаў Віктар.

А Мірон трошкі падумаў і тады ўжо сказаў:

– Ды нам нічога іншага не застаецца, як справіцца.

– А цяпер пойдзем праверым усе вузлы і вяроўкі, – павярнуўся Саўчук. – Прыгледзьцеся добра, як яны звязаны.

Звязаныя злосна бурчалі:

– Зноў праверка! Ды вы толькі што звязвалі. Лепш есці далі б.

– Ціха, ціха, – лагодна казаў Саўчук. – Усё будзе ў свой час. А цяпер пацярпіце адну толькі ноч. Больш вас ніколі звязваць не будуць.

Затым Саўчук дапамог хлопцам назапасіць галля на ноч і пасля таго рушыў у дарогу.

XXIV

Апошняя ноч на востраве. – «Кармленне звяроў». – Хітрыкі палоннікаў. – Смалены бандыт. – Зварот дадому.

Хлопцы зноў засталіся ў лесе. Але цяпер перад імі сядзела пяць чалавек ды шосты ляжаў побач. І людзі гэтыя для іх былі больш небяспечныя, чым усе тутэйшыя звяры.

Калі бандыты ўбачылі, што старэйшы пайшоў, яны ажывіліся і пачалі перагаворвацца. Відаць, яны сцямілі, што той пайшоў па дапамогу і вернецца няхутка, а таму ў іх з'явілася надзея як-небудзь абдурыць гэтых хлопцаў. Калі хлопцы падышлі бліжэй да іх, палонныя змоўклі. Толькі скоса пазіралі на сваіх вартаўнікоў. А потым «стары знаёмы» бандыт спытаў:

– Скажыце, чаму вы не адгукаліся, калі мы тыдні два назад шукалі вас і нават стралялі? Ці вы не чулі?