Выбрать главу

– Згубіў у час тузаніны, – прамовіў ён у роспачы.

Хацеў быў накінуцца на яго Мірон, але раздумаў.

– Знойдзеш заўтра, – сказаў ён лагодна. – Ды, мусіць, і страта невялікая, бо, відаць, усё роўна з іх толку не было б.

– А есці хочацца… – неяк жаласна сказаў Віктар.

– Ты ж казаў, што мог бы есці сырое. Вось і еш.

– Ну, ну! Лёгка казаць. Але ўсё ж такі, што мы будзем рабіць заўтра?

– Заўтра і будзем меркаваць, – сказаў Мірон і лёг у сваё логава. – А цяпер будзем спаць. Вось палажы сабе з другога боку зайца – хай грэе, а я палажу пугача.

Нарэшце дзённыя і начныя турботы змарылі хлопцаў, і яны заснулі так моцна, што, мусіць, цяпер іх не разбудзіў бы ні гром, ні мароз. А калі яшчэ паднялося сонца ды прыгрэла іх, то яны праспалі аж да поўдня. Прачнуліся, селі, азіраюцца.

– Учора гэтай парой як пад'еў… – пачаў быў Віктар.

– Давай пашукаем нашы запалкі, – перапыніў яго Мірон. – Тады і пад'ясі.

Расплюснуты карабок з дзвюма запалкамі знайшлі хутка. З хваляваннем чыркнулі – запалка засіпела і больш нічога. А другая нават і не засіпела…

– Ну і ліха з імі! – раззлаваўся Віктар і ўскінуў на спіну зайца. – Хадзем лепш дахаты.

– А што рабіць з гэтай дурной савой?

– Вядома, браць. Гэта ж добры ўлоў. Зробім чучала і паставім у нашым прыродазнаўчым музеі з надпісам: «Злоўлены ў Палескай пушчы героямі-падарожнікамі і даследчыкамі Міронам Бажком і Віктарам Калягам уласнымі рукамі, без ніякай зброі». Нават і зайца я згодзен ахвяраваць для навукі і славы.

І яны пайшлі ўздоўж возера ў той бок, дзе павінен быў знаходзіцца іх дом.

III

«Па-а марам!» – Усё направа ды направа. – Зайцаў абед. – Зноў на тым самым месцы.

Шпарка ішлі яны наперад па сухім бары. Злева час ад часу выблісквала возера. Бярозы, алешыны, вербалоз з маленькімі светла-жоўценькімі лісточкамі атачалі яго, нібы мярэжкі. Елкі і сосны на гэтым фоне здаваліся зусім чорнымі. Вясёлае веснавое сонейка шнырала паміж дрэў і цешыла і расліну, і птушку, і ваду, і нашых хлопцаў.

Прырода, вясна і маладосць напоўнілі іх жыццярадаснасцю. Нават на голад забыліся.

– Па-а марам, марам, марам, мара-ам! – зацягнуў Віктар.

– Сёння тут, а заўтра там! – падхапіў Мірон.

А ў адказ ім загуло ў лесе: «А-а-ам!»

– Ведаеш што? – звярнуўся Віктар да Мірона. – Я ўжо шкадую, што мы накіраваліся дадому. Я ахвотна згадзіўся б пажыць тут некалькі дзён. Тут табе і мора, і першабытны лес, і звяроў можна рукамі лавіць.

– Ды і я нічога супраць не меў бы, – усміхнуўся Мірон, – але есці няма чаго.

– А гэта што? – пакруціў Віктар зайца над галавой.

– А якім чынам яго засмажыш?

– Здабудзем агонь, як гэта робяць дзікуны, – і ўся табе музыка.

– А хлеба, солі дзе ўзяць?

– Булкі, чаю, каўбасы! – перадражніў Віктар. – Эх ты! А як жа эскімосы ды папуасы жывуць увесь век без гэтага? А ты і некалькі дзён баішся пражыць.

– Пачакай, яшчэ, можа, давядзецца і супраць нашай волі пажыць тут, – прамовіў Мірон, калі глянуў наперад.

Там мясцовасць паніжалася, пераходзіла ў балота, а за ім далёка зноў блішчала вада.

– Бачыш, і там вада. Значыцца, трэба зварочваць.

Павярнулі направа. Цяпер пайшла ўжо нізіна; пад нагамі чвякала і пырскала вада. Густы ельнік яшчэ болей перашкаджаў ісці. Яны стараліся скарыстаць кожную магчымасць, каб пасунуцца ў свой бок, налева, але кожны раз павінны былі адступацца назад.

Знайшлі былі больш-менш сухую невысокую граду, якая цягнулася на поўдзень, але хутка выявілася, што гэта быў толькі клін, які ўпіраўся ў возера ці балота, – хто яго цяпер разбярэ! Прыйшлося вяртацца назад.

Гэтак ішлі яны гадзіны са тры. Настрой у абодвух даўно ўжо сапсаваўся. Не толькі ў Віктара ў чаравіках, але і ў Мірона ў ботах хлюпала вада. Змарыліся хлопцы страшэнна, а голад пачаў так дапякаць, што і вясна, і ўвесь свет зрабіліся нямілымі.

– Гэтак, чаго добрага, і другую ноч давядзецца начаваць тут! – у роспачы сказаў Віктар.

– Ты ж толькі што казаў, што хацеў бы пажыць тут некалькі дзён, – упікнуў Мірон.

– Ану цябе! – махнуў рукой Віктар.

Потым ён схіліўся і пачаў скубці ды есці нейкую траву. Прыгледзеўся Мірон і ўбачыў светленькія далікатныя круглыя лісточкі так званай «заечай капусты».

– Значыцца, будзем абедаць? – сказаў ён.

Палажылі сваю здабычу і пачалі «пасвіцца».

Доўга яны жывіліся, змарыліся яшчэ болей. Нарэшце Мірон спыніўся і сказаў:

– Годзе ўжо, а то яшчэ захварэць можна.

Пасля «абеду» захацелася піць. Вада ў возеры была мутная. Трэба было шукаць лужыны, дзе яна адстаялася. Гэтая вада і была іх адзінай ежай за апошнія суткі.

Было гадзіны тры-чатыры пасля поўдня.

– Ідзём цяпер на захад, можа, там выберамся, – сказаў Мірон.