Выбрать главу

Янка Маўр

Палескія рабінзоны

Палескія рабінзоны

I

Адважныя падарожнікі. — У моры. — Крушэнне карабля. — Падарожжа ў вадзе. — Невядомы бераг. — Падлік маёмасці.

— Кіруй туды, вунь у той лясок! Цікава паездзіць у чоўне па лесе.

Доўгі Мірон сядзеў на кукішках на дне выдзеўбанага чоўна — «душагубкі». Калені яго датыркаліся да самага носа; рукамі ён трымаўся за бакі чоўна. Раптам ён падняў рукі, паказаў на лес і нават крыху прыўстаў. Човен захістаўся.

— Ды не хістай! Бачыш, што…

Віктар, які стаяў і кіраваў чоўнам, не паспеў скончыць і паваліўся на дно. Душагубка яшчэ больш захісталася, зачарпнула вады. Абодва хлопцы прыціснуліся да дна і не толькі рухацца, але і дыхаць перасталі. Нарэшце човен супакоіўся; на дне яго плюхалася вада.

— Ну вось, бачыш, што ты зрабіў! — з дакорам сказаў Віктар. — Навошта было ўставаць ды варушыцца? Вычэрпвай цяпер ваду!

— Дык ты ж сам вінаваты, — агрызнуўся Мірон. — Перад кім было фанабэрыцца, што спрытна спраўляешся з гэтай праклятай душагубкай?

— Ну і справіўся б, каб ты сядзеў ціха.

— Я ж і сядзеў, а вось ты забыўся, у якім чэрапе едзеш. Навошта стаяў ва ўвесь рост?

Пры гэтым Мірон прыпадняўся. Зноў захістаўся човен.

— Зноў устаеш?! — грозна крыкнуў Віктар. — Калі хочаш тапіцца, дык лезь у ваду сам адзін, а я яшчэ пачакаю.

Мірон крыху засаромеўся.

— Ну-ну, — адказаў ён лагодна. — Давай лепш вычарпаем ваду.

— А чым будзеш вычэрпваць? Чарпак узяў?

— А ты ўзяў?

— Ды хто ж ведаў, што гэтая калода будзе цячы.

— Цячы не пацякла, а зверху, бачыш, налілося.

Хлопцы нерухома сядзелі адзін супраць аднаго, нібы буслы ў гняздзе, і пазіралі то на дно лодкі, дзе было пальцы на чатыры вады, то адзін аднаму ў вочы.

Човен, які і без таго мала высоўваўся з вады, цяпер яшчэ больш апусціўся. І яшчэ больш небяспечным быў кожны рух.

А навакол разляглося неабсяжнае каламутнае мора. Далёка ззаду ледзь віднеўся бераг, ад якога яны ехалі, а наперадзе, яшчэ далей, паўставаў той лес, на які хацеў паглядзець Мірон. Да лесу гэтага было яшчэ далёка, але затое ехаць туды было цікавей. Улетку тут канчалася возера і пачыналася непраходнае балота, якое цяпер было заліта вадой. Гэтай вадзе не відаць было канца-краю, апрача той палоскі лесу на даляглядзе. І на ўсёй гэтай прасторы то там, то там вытыркаліся з вады верхавіны дрэў і кустоў — то паасобку, то групамі.

Надвор'е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы.

У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, — прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.

Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго.

Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з акруговых гарадоў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, таму яны так і цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім.

З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце.

Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія рабілі, калі вучыліся ў сямігодцы. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.

Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх — Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60–80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх.

У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што ў Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры.

Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар — заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон — з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.

Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.

— Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, — казалі яны. — Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!

Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:

— Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?

— Нічога вы не разумееце! — пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.

Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.

І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.

— Давай вычарпаем ваду шапкамі, — прапанаваў Мірон.

— Ды нічога іншага не застаецца, — згадзіўся Віктар. — Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.

— А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, — спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.

Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.

— А да таго лесу, мусіць, далёка, — прамовіў Мірон.

— А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? — упікнуў Віктар.

— Каб толькі ты не спалохаўся, — насмешліва адказаў Мірон.

— Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! — свіснуў Віктар. — Першы раз па моры еду.

— Толькі карабель наш псуе падарожжа, — уздыхнуў Мірон.

— А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, — сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.

— Ды навошта ты зноў становішся? — крыкнуў Мірон. — Дай лепш буду я, а ты адпачні.

— Паглядзім, — усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.

Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.

— Ну, і якая ж розніца? — засмяяўся Віктар, — Ты на каленях стаіш нават вышэй, як я на нагах.

— Розніца ёсць, — сур'ёзна адказаў Мірон. — Цэнтр цяжару ніжэй, калі памятаеш фізіку.

— Наўрад ці сам ты ведаеш, дзе ў цябе цэнтр цяжару, — нездаволена буркнуў Віктар.