Выбрать главу

VII

Няўдалая спроба. — Да дзікуноў яшчэ не дараслі. — Рыбацтва кашуляй. — Уласнай гадоўлі рыба.

На другі дзень надвор'е выдалася зусім добрае. Вясна шпарка ішла наперад. Раніцою пайшлі падбіраць згубленыя ўчора арэхі і шукаць смаржоў. Арэхі падабралі, але добрых смаржоў не знайшлі: відаць, іх час зусім прайшоў.

— Давай зробім лук, — прапанаваў Віктар. — Можа, якога-небудзь дурнога зайца ўдасца аглушыць.

— А можа, мядзведзя хочаш? — засмяяўся Мірон.

Але на кожны выпадак узяліся за майстраванне. Выламалі па добраму арэхаваму дубцу, канцы іх абсмалілі на агні. Зарубкі зрабілі Міронавай спражкай. Віктар напяў свае шнуркі, а Мірону не было чаго напінаць.

— Можна было б адрэзаць тваім нажом тонкі пасак ад рэменя, — сказаў ён, — але на гэта трэба патраціць некалькі дзён, ды і не спадзяюся я на гэтую зброю.

— А як жа дзікуны?

— Мы цяпер у горшым становішчы за дзікуноў. У іх лук быў вынікам шматвяковай культуры, сродкам здабывання спажывы, а для нас гэта цацка. Давай давядзём да ладу спачатку твой.

Найцяжэйшай справай аказалася зрабіць стралу. Выразаць сапраўдную стралу з сухога моцнага дрэва не было магчымасці. Прыйшлося ўзяць просты дубец ды абсмаліць яго. Падрыхтаваўся Віктар і стрэліў.

Пырснула страла ў паветра і звалілася за некалькі крокаў ад іх. Абодва пакаціліся ад смеху.

— Вось дык зброя! — крыкнуў Мірон.

— Ты не думай, — нібы сур'ёзна адказаў Віктар. — Каб там сядзеў заяц ды каб канцом стралы трапіла яму ў вока, каб ад перапуду і неспадзеўкі ён кінуўся ў наш бок, — вось і была б здабыча. А такія выпадкі здараюцца. Мой бацька казаў, што яму аднаго разу без ніякай стралы заяц кінуўся пад ногі.

— Калі такім чынам, дык я згодзен, — смяяўся Мірон.

Яшчэ раз напяў Віктар лук, але на гэты раз выйшла яшчэ лепш: шнуркі разарваліся.

— Жарты ўбок, — сказаў Віктар сур'ёзна. — Я сам ведаю, што гэта глупства. Але няўжо ж мы не можам зрабіць лук сапраўдны, як у дзікуноў? У нас жа можа быць і скураная цеціва.

— Яно так, — адказаў Мірон, — але для гэтага і дрэва патрэбна больш адпаведнае, і трэба ведаць, як яго апрацаваць, умець рабіць стрэлы, ведаць усе іхнія капрызы і, нарэшце, практыкавацца шмат часу. А самае галоўнае — мець нож. Можа, у далейшым пойдзем паглядзім, ці нельга будзе дзе якую рыбіну злавіць.

— А чым будзеш лавіць?

— Паглядзім спачатку, што і як, а там убачым. Можа, і кашуляй ці штанамі можна будзе.

Пайшлі ўздоўж балота.

— Глянь, здаецца, вада пачынае спадаць, — заўважыў Віктар.

Яно і сапраўды так было. Вада крыху адсунулася. У розных месцах з-пад вады павытыркаліся новыя купінкі травы.

— Гэта добра, — сказаў Мірон, — але для рыбнай лоўлі застаецца менш магчымасцей, бо замест вады мы будзем мець балота.

Так ішлі яны цэлую гадзіну, шукалі даступнай вадзяной прасторы. Нарэшце падышлі да адной маленькай затокі. Вада клінам уразалася ў лагчынку між двума ўзгоркамі. Лагчынка была не балотная, пясчаная. Пасярэдзіне ўтварылася нібы возера, якое злучалася з сапраўдным возерам вузкай пратокай.

— А ў гэтым кутку павінна быць рыба, — сказаў Віктар. — Вада спакойная. Бачыш, як светла і ўтульна тут пад сонцам. А вунь і рыбкі мільгаюць.

І ён пачаў здымаць споднюю кашулю.

— Завяжам каўнер і рукавы, уставім абруч — вось і будзе сак, не горшы ад рыбацкага, — казаў ён, але праз некалькі хвілін крыкнуў: — Ах, каб на цябе кадук! Парваная! Здымі сваю.

Мірон зняў сваю кашулю. Завязаць яе ды ўставіць лазовы абруч было лёгкай і хуткай справай.

Праз некалькі хвілін нашы рыбакі ўжо ўлазілі ў ваду. Але хутка яны ўбачылі, што нічога ў іх не будзе, бо вада не выходзіла з кашулі і рыба нават пры добрым жаданні не магла трапіць у яе — вада не пускала.

— А ведаеш, твая падраная кашуля больш падышла б, — сказаў Мірон.

— Не, дзірка вялікая, ды яна адразу падралася б яшчэ болей. Як жа быць? Хіба вось што зробім: развяжам рукавы і возьмем за канцы адной рукой, а другой будзем трымацца за абруч.

— А калі рыба палезе праз рукаў, дык яе — цап! — засмяяўся Мірон. — Давай гэтак.

Пачалі лавіць новым спосабам. Пайшло лягчэй, але нязручна было тое, што трэба было нахіляцца ў ваду па шыю, каб трымаць рукавы на належнай глыбіні.

Праз некаторы час Мірон закрычаў:

— Ёсць! Стой! Ах, вырвалася!..

— У-у, незграбайла! — раззлаваўся Віктар.

— Ды маленькая была, — апраўдваўся Мірон.

Праз хвіліну закрычаў Віктар:

— Ёсць! Трымай свой канец, каб не ўцякла! Да берага цягні, да берага! Падымай угору! Вялікая… Ой, кусаецца!

Цяжка было цягнуць на бераг кашулю, нібы бочку, поўную вады. Але ж, калі выцягнулі, дык знайшлі ў ёй дзесятак дробных рыбак, а ў Віктара ў руцэ быў двухфунтовы шчупак!

— Вось гэта дык здабыча! — цешыліся хлопцы.

Болей на гэты раз не хацелі лезці ў ваду, бо змерзлі.

— Куды яна дзенецца, — казаў Віктар. — Мы можам увесь час тут лавіць, нібы ва ўласнай сажалцы.

Але Мірон сумна паківаў галавой:

— Можа, ужо заўтра гэтай сажалкі не будзе. Не забывайся, што яна зрабілася толькі ў час паводкі.

— Вельмі шкада! — збянтэжана прамармытаў Віктар і ўтаропіў вочы ў ваду.

А праз момант ён радасна крыкнуў:

— Дармо! Мы ж можам зрабіць перагародку вунь у тым вузкім месцы. Хай сабе вада сыходзіць, а рыба застанецца.

Зараз жа прыступілі да працы. Торкалі ў зямлю ўсё, што можна было ўторкнуць. Вельмі слабая была загарадка, але ж затое яны ўзялі колькасцю. Праз гадзіну грэбля каля метра шырыні аддзяляла затоку ад возера ці балота. Каб тут была бягучая вада, яна ў адзін міг разбурыла б іхняе збудаванне, але, на шчасце, гэтага можна было не баяцца.

— Вось рыба і ў палоне! — захапляўся Віктар. — Хай сабе гадуецца, а мы будзем браць колькі захочам і калі захочам.

Такая магчымасць значна ўзняла дух хлопцаў, бо з'явілася некаторая ўпэўненасць і ў заўтрашнім дні. Вечарам ля вогнішча Мірон разважаў:

— Пяці дзён яшчэ не прайшло, а якія змены адбыліся ў нашым становішчы! І агонь маем, і хату, і спажыву, нават сваю рыбную гаспадарку.

— Я больш быў бы задаволены, каб мы мелі сваю хлебапякарню, — сказаў Віктар, абгрызаючы выкачаную ў попеле касцістую рыбку.

Як кожны вечар, пасля дзённых турбот гутарка іх перайшла да хатніх спраў. Якімі далёкімі здаваліся цяпер гэтыя справы! Не верылася, што пры нармальных умовах за адзін дзень можна было б вярнуцца дадому. Пакуль не прайшлі дзесяць канікулярных дзён, вялікай трывогі там яшчэ не будзе. А калі яны пройдуць?

VIII

Прасцейшая, але лепшая зброя. — Знаёмства з дзікам. — Журавіны. — Хоць змяю за здабычу. — Лясныя жыхары. — Царская жывёла. — Вожыкава булава. — Уперад на чарапаху! — Пешаход з Афрыкі.

— А што будзем сёння рабіць? — запытаўся на другі дзень Віктар.

— Я прапаную пайсці далей у лес на разведку, — адказаў Мірон. — Мы ж зусім не былі яшчэ ў глыбіні.

— Трэба было б якую-небудзь зброю мець, — заўважыў Віктар.

— Толькі не твой лук, — усміхнуўся Мірон. — Лепш зробім сабе добрыя дубіны.

Знайшлі адпаведныя дрэўцы, зламалі іх, абпалілі на агні, нават булдавешкі пакінулі на канцы. Зброя выйшла хоць куды!

— З гэткай зброяй я і на ваўкоў згодзен ісці! — казаў Віктар, размахваючы сваёй дубінай.

— І сапраўды, з дзвюма такімі штукамі не боязна, — згадзіўся Мірон і трэснуў па кусту так, што ад яго паляцелі шматкі.

Узялі з сабой арэхаў, падклалі агню і пайшлі.

Чым глыбей уваходзілі ў лес, тым часцей сустракаліся сухія ўзгоркі. На вышэйшых пясчаных месцах рос хваёвы бор, на ніжэйшых — гушчар з ельніку, алешніку, бярозы, рознага хмызняку. Часам трапляліся прыгожыя лугавінкі з ліставымі дрэвамі: дуб, граб, ліпа.