Выбрать главу

— А ты не чытаў? Чаму ж ты не ведаеш?

— Ды неяк не звяртаў увагі на падрабязнасці. Пішуць, што труць і круцяць, а як — не цікавіўся.

— Каб ведаць, што яно спатрэбіцца… — уздыхнуў Віктар.

— Не ўмеем мы ўважліва чытаць кнігі, — з роздумам сказаў Мірон, — столькі разоў чытаў, а як — не заўважыў.

— Лепш тады выбіць агонь крэменем, — прапанаваў Віктар.

— Вядома, лепш, каб яго знайсці, — згадзіўся Мірон.

Але дзе там было знайсці крэмень сярод балота!

Думка аб тым, што агню здабыць не ўдасца, зусім збянтэжыла хлопцаў. На момант яны адчулі, што ім нічога не хочацца рабіць, што іх нішто не цікавіць і што сонца ўжо не грэе. Але праз хвіліну Віктар крыкнуў:

— Падрыхтуй ты чаго-небудзь сухога на распал, а я буду церці хоць цэлы дзень. Галоўнае — не спыняцца.

Сцяўшы зубы, ён зноў пачаў церці — моцна, упарта, доўга. Кроплі поту падалі на дрэва і бадай што сіпелі ад гарачыні, а дыму не было. Нарэшце абодва кавалкі пакрышыліся ў руках. Віктар злосна кінуў іх і пачаў выціраць лоб.

— А можа, і загарэлася б, каб дрэва было цвярдзейшае, — нерашуча прамовіў Мірон.

Віктар толькі рукой махнуў:

— Дзе там! Каб туды ішло, то была б хоць якая-небудзь іскра ці дымок. А тут толькі гарачыня — і больш нічога.

— Але ў кнігах пішуць…

— Хай бы той сам паспрабаваў, хто піша, — сказаў Віктар, цяжка дыхаючы.

Ён стаяў, апусціўшы рукі, нібы толькі што вылез з вады. Мірон ніколі не бачыў у свайго прыяцеля такога выразу твару, як цяпер: гэта быў не жыццярадасны юнак, а сталы мужчына з суровым тварам і складкамі на лбе. Віктар нешта абдумваў. Затым цвёрдымі крокамі падышоў да зайца, падняў яго і пачаў разглядаць, адхіляючы пальцамі ў некаторых месцах поўсць.

— Што ты хочаш рабіць? — з жахам спытаў Мірон, здагадваючыся, у чым справа.

— Тое, што зрабіў бы на нашым месцы кожны разумны чалавек, — спакойна адказаў Віктар і, набраўшыся духу, нібы збіраўся кінуцца галавой у палонку, запусціў зубы ў спіну зайца…

Трэба адзначыць, што ў адным выпадку «геройства» Віктара было не ў тым, што ён з голаду адважыўся пакаштаваць сырога мяса, а ў тым, што ён аднымі толькі зубамі, праз поўсць і скуру, дабраўся да гэтага мяса. Гэта была вельмі цяжкая, складаная і непрыемная аперацыя…

— Ну, як? — затаіўшы дыханне, запытаўся Мірон, калі Віктар нарэшце адкусіў і праглынуў кавалак.

— Пакаштуй, — адказаў Віктар і працягнуў яму зайца.

Мірон нерашуча ўзяў, пакруціў яго, нацэліўся быў укусіць, але адклаў.

— Не, — прашаптаў ён, — не магу. Пакуль яшчэ не паміраю — пачакаю.

Віктар усміхнуўся.

— Не скажу і я, каб смачна было. І кусаць другі раз таксама пачакаю. Думаю, пакуль што і гэты кавалак што-небудзь дасць для арганізма. Але ўсё ж такі лічу за лепшае з'есці сырога мяса, чымся паміраць. Ну, смялей!

— Пачакай крыху, паспею, — прамовіў Мірон і зноў палажыў зайца на зямлю.

— Не надта паспееш, — сур'ёзна сказаў Віктар. — Калі доўга будзеш чакаць, то мяса і сапсавацца можа.

— Хоць трошкі пачакаем, — адмаўляўся Мірон, — а пакуль паспрабуем яшчэ іншым спосабам. Я там бачыў добрую палку.

Ён прынёс сухую гладкую альховую палку і падаў Віктару.

— Пастарайся завастрыць яе, а я пайду пашукаю яшчэ што-небудзь.

Віктар, не доўга думаючы, пусціў у ход свае зубы.

— Што ты робіш?! — крыкнуў Мірон і выхапіў палку. — Ты ж замочыш яе! Ты як-небудзь інакш.

Тады Віктар пачаў вастрыць яе аб дрэва, потым уціснуў канец у шчыліну ў дрэве і пачаў круціць. А Мірон пайшоў у лес.

Праз некаторы час ён закрычаў:

— Віктар! Сюды! Хутчэй!

Віктар пабег. Мірон стаяў каля зрэзанага пня і трымаў у руках некалькі шырокіх трэсак.

— Хіба ты не мог без мяне прынесці гэтыя трэскі? — сказаў Віктар.

— Не тое. Зірні, вунь некалькі зрэзаных пнёў.

— Ну дык што ж?

— Значыцца, тут людзі бываюць. Значыцца, мы не на бязлюдным востраве. Значыцца, і выхад павінен быць.

— Гэта, браце, невялікая радасць. Напэўна, гэта магло быць толькі ўзімку, праз возера. А сядзець тут да зімы…

— І то праўда, я забыўся, — збянтэжана адказаў Мірон.

Пачалі наладжваць новую прыладу.

— У дошчачцы трэба выкалупаць ямку, — тлумачыў Мірон. — Уставім туды востры канец палкі, вось так. Я каменем буду паступова прыціскаць зверху, а ты круці палку то ў адзін, то ў другі бок.

Лёгка было сказаць — «выкалупаць ямку». А калі дайшло да справы, то гэтае «калупанне» без прылады аказалася вельмі нялёгкай і маруднай справай. Колькі трэсачак пераламалі! Ды яшчэ трэба было сачыць, каб яны былі зусім сухія, бо іначай ямка зрабілася б вільготнай.

Нарэшце падрыхтоўчыя работы былі скончаны.

Віктар узяў палку між далонямі і пачаў круціць. Але машына спынялася кожную хвіліну: то рукі саслізнуць, то камень, то Мірон занадта прыцісне. Нарэшце Віктару далоні пачалі балець.

— Ды яно нават і не награецца, — з прыкрасцю сказаў ён. — І якім гэта чынам дзікуны робяць? Мы прызвычаіліся з пагардай зваць іх дзікунамі, а самі — дурнейшыя ад іх. Тут патрэбна спецыяльная машына, каб круціць.

Мірон стаяў, апусціўшы галаву, і напружана думаў. Нарэшце ён крыкнуў:

— Успомніў! Успомніў! Трэба зрабіць лук, абкруціць адзін раз палку напятай струной і піліць, як на скрыпцы. Яна тады і будзе круціцца як след. Калісьці я нават і малюнак такі бачыў у адной кніжцы.

— Пачакай яшчэ скакаць, — недаверліва сказаў Віктар. — Мы ўжо рабілі па кніжцы.

— Тое, ды не тое, — упэўнена адказаў Мірон.

Знайсці і зламаць патрэбную галіну было няцяжка. Але што на яе напяць? Азірнуліся навакол, зірнулі на сябе.

— Давай шнурок ад сваіх чаравікаў! — крыкнуў Мірон.

Прыладзіліся. Падрыхтавалі губу, драбнюсенькія трэсачкі. Пачалі шморгаць лукам. Справа пайшла іначай. Нават Віктар пачаў спадзявацца.

— Дынама-машына, ды і годзе! — засмяяўся ён.

Сучок круціўся, ямка паглыблялася.

— Поўны ход! Без перапынку! — камандаваў Мірон.

Віктар і без гэтага стараўся ваўсю. Але праз некалькі хвілін лук як тарганецца ды як скокне ўбок!.. Ледзь Віктару вока не выбіў: гэта шнурок перапіліўся і парваўся.

— Вось няшчасце! — усклікнуў Віктар. — Чаму ж ты два шнуркі разам не скруціў?

— А чаму ж ты сам не сцяміў?

— Усё сам ды сам, а твая галава навошта?

— Няўжо ты забыўся, што гэты спосаб і шнуркі я прыдумаў, а не ты?

Тут Віктар убачыў, што даў маху. Але ж не ўступаць жа з-за гэтага! І ён, рыхтуючы шнуркі, усё ж такі бурчаў, абы толькі не маўчаць, абы толькі мець апошняе слова:

— Рана хваліцца новым спосабам — невядома яшчэ, што з яго выйдзе. А шнуркі знайсці на чужых нагах кожны здолее. Я і сам здагадаўся б, каб падумаў…

— …месяцы са два, — у тон яму прадоўжыў Мірон.

Віктар паглядзеў на яго і… шчыра зарагатаў.

Разарваны шнурок звязалі і скруцілі з цэлым. Але зноў бяда: вузялок перашкаджаў прыладзе рухацца!

Тады хлопцы накруцілі вакол шнуркоў тонкіх карэньчыкаў. Пасля таго ўся вяроўка зрабілася таўсцейшай, вузялок схаваўся і ў дадатак яшчэ наогул магутнасць машыны павялічылася ў шмат разоў.

Зноў пачалі шморгаць лукам. Цяпер ужо цягаў Мірон, а Віктар прыціскаў палку каменем. І калі ўжо здавалася, што вось-вось пакажацца дымок, камень саслізнуўся і машына павалілася набок.

На гэты раз ужо Мірон не вытрымаў:

— Выходзіць, на які ўчастак цябе ні паставіць, заўсёды там будзе аварыя.

— Ды хіба ж я хацеў? — пакорна апраўдваўся Віктар.

Мірон і сам ведаў, што Віктар не вінаваты, таму нічога болей не сказаў.

Зноў пусцілі машыну. І вось, нарэшце, паказаўся дымок!..

— Ура! Давай, давай яшчэ! — закрычалі хлопцы, як вар'яты.

Дымок павялічваўся, апілкі зачарнеліся і… бліснула іскра!

— Падгарні падпал! Дзьмухай! Дзьмухай!..