Выбрать главу

— Яно так, але як будзеш лавіць? — задуменна пытаўся Мірон.

— А як жа розныя дзікуны жывуць? — храбрыўся Віктар.

Праз гадзіну хлопцы смачна спалі, адчуваючы пяшчотную цеплыню ад свайго ў поце здабытага агню.

V

Таемны звер. — Навальніца. — Змаганне за агонь.

Ноч выдалася цёплая, ціхая. Але лес, відаць, не спаў. То пісне нейкая птушка, то прарэзліва крыкне сава, то храсне сухая галіна, то пачуецца ледзь значны шолах.

Агонь дагараў. Куча галля ўсё змяншалася, канцы ламачча тлелі навакол. У сярэдзіне было досыць вуголляў і жару, але святло ўсё слабела. Вуголле шарэла ўсё больш і больш, разам з гэтым з лесу пачала насоўвацца цемра. Вось ужо агеньчык ледзь-ледзь блішчыць.

Тады ў лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Рухаўся ён так ціха, што яго нельга было б пачуць, нават калі б хлопцы не спалі. Звер круціўся навакол то з аднаго, то з другога боку, усё бліжэй, бліжэй…

Ужо можна пазнаць, што гэта ліс. Але, на шчасце, ад гэтага звера хлопцам ніякай небяспекі не пагражала. Пакруціўся ліс крыху і знік.

Было ўжо за поўнач, але паветра не толькі не халаднела, а, здавалася, нават цяплела. Яно было нейкае густое, парнае. З захаду даносіўся прыдушаны грукат, мільгалі маланкі. Набліжалася навальніца…

Хлопцы спалі сабе і нічога не чулі. Мусіць, таму, што грукат быў глухі, безупынны і ўзмацняўся паступова. Ён змешваўся з шолахам дрэў, а да такога шуму вушы хлопцаў ужо прызвычаіліся. Не прачнуліся яны і тады, калі ўпалі першыя кроплі цёплага дажджу.

Толькі зусім блізка страшэнны ўдар грому прымусіў Мірона ўскочыць на ногі. Ён адразу ж разбудзіў Віктара. Прайшло некалькі хвілін, пакуль хлопцы разабраліся, у чым справа.

— Агонь! Агонь! — крыкнуў Віктар ачухаўшыся і кінуўся да вогнішча.

Абодва разам пачалі дзьмухаць, падкладаць галлё.

А дождж пайшоў ужо як мае быць. Галлё сіпела, не хацела гарэць. Хлопцы ўткнуліся галовамі ў вуголле, распласталіся па зямлі і дзьмухалі з усёй сілы. А на спіны іх ліўся ўжо дождж, як з лубу.

Высокая хвоя, пад якой яны размясціліся, мела галіны надта высока, а дождж ішоў наўскасяк і без перашкод заліваў іх стаянку.

Вось ужо гром грукоча над самай галавой, маланка зіхаціць безупынна, вецер хістае дрэвы. Побач нават нешта ўжо храснула. Але небаракі нічога гэтага не чулі і не бачылі. Яны бачылі толькі сваё няшчаснае вогнішча, якое гінула на іх вачах. Тое галлё, якога яны панакідалі, не толькі не загаралася, але, наадварот, здаецца, канчаткова прыдушвала агонь. Спачатку яшчэ ішоў густы дым, а потым і ён пачаў змяншацца. Гэта было вернай адзнакай таго, што агонь памірае.

— К чорту гэта мокрае ламачча! — крыкнуў Віктар і пачаў раскідваць яго нагой.

— Што ты робіш? — з жахам крыкнуў Мірон. Але Віктар ужо зняў сваю скураную куртку і працягваў яму яе крысо.

— На, трымай! А ўсё лішняе — вон!

Яны развесілі над агнём куртку, а Віктар падлез пад яе, сабраў вугольчыкі, якія не пагаслі яшчэ, падклаў маленькіх сухіх трэсачак і раздзьмухаў маленькі агеньчык.

Гэты агеньчык яны і пачалі абараняць. Таму што ён быў маленечкі, куртку можна было трымаць зусім нізка над ім, стоячы на каленях. Цяпер ужо і касы дождж быў нястрашны.

Можа, з гадзіну цягнулася навальніца і ішоў такі праліўны дождж, што, здавалася, мог заліць які хочаш пажар. Хлопцы даўно ўжо прамоклі да апошняй ніткі, здубянелі ад холаду, але нічога гэтага не адчувалі. Толькі напружана сачылі за ветрам і дажджом і па ветру нахілялі сваю заслону.

Маленькі агеньчык бесклапотна гуляў пад вопраткай, нібы малое дзіцяня, і зусім не думаў пра небяспеку, ад якой яго бароняць.

— Ура! Перамога! — закрычаў Віктар, калі дождж скончыўся.

«Малое дзіцяня» хутка вырасла ў вялікае вогнішча, і абаронцы поўнасцю былі ўзнагароджаны за свае турботы.

— Паддавай! Яшчэ, яшчэ! — насіліся яны па лесе, сцягвалі галлё, якое цяпер нават мокрае гарэла, бо вогнішча распалілі страшэннае.

Дым ад яго, здавалася, запоўніў увесь лес. А калі галлё згарэла, дык жару ад яго хапіла, каб высушыць адзежу: хлопцы ледзь паспявалі падстаўляць то адзін, то другі бок.

Спаць у гэтую ноч болей не давялося — так і дачакаліся сонца.

VI

Мяса знікла. — На паляванне з голымі рукамі. — Здзекі ад зайцоў. — Вавёрка выратавала. — Дарэмны перапуд. — Абед з трох страў без другой. — Будаўніцтва з дапамогай дваццаці пальцаў.

На гэты раз з бяды выкруціліся. Трэба было брацца за будаўніцтва, каб забяспечыць сябе не толькі хатай, але і агнём.

— Прыйдзецца пабудаваць вялікую юрту, — казаў Віктар, — каб усярэдзіне і спаць можна было б і каб для агню хапала месца.

— Не забывайся, што апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструмента няма, — заўважыў Мірон.

— А пра нож забыўся?

— Які там нож! — махнуў рукой Мірон. — Спачатку зробім павець, пад якой можна было б хаваць агонь у час дажджу. Нават не для вогнішча наогул, а для маленькага запаснога агеньчыка. Вунь там, напрыклад, між карэннямі можна.

— А калі так, то маленькі агонь можна і ў будане трымаць.

— Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба.

Пачалі спрачацца.

— Калі так, то будзем галасаваць! — крыкнуў Віктар па прывычцы.

— Давай! — засмяяўся Мірон.

Віктар схамянуўся і таксама пакаціўся ад смеху. Гэты смех спыніў спрэчкі.

Яны ўбачылі, што і спрачацца не было чаго. Ніхто не перашкаджае падтрымліваць агонь і там і тут. Абы толькі сачыць і пільнаваць. Нарэшце згадзіліся перш будаваць хату.

— Толькі трэба спачатку падмацавацца, — сказаў Віктар і павярнуўся да ўчарашняга мяса.

Шась сюды, шась туды — няма мяса!

— Што ж гэта такое? — развёў рукамі Віктар. — Можа, ты з'еў?

— Ну-ну! — абурыўся Мірон і таксама пачаў шукаць.

За некалькі крокаў знайшлі невялікі абгрызены кавалак.

— Значыцца, нейкі звер сцягнуў. Ах, каб яго разарвала! — вылаяўся Віктар. — Відаць, тут шмат звяр'я шнырыць, а мы пра гэта і не падумалі. Яшчэ на нас хто-небудзь нападзе.

— Такіх драпежнікаў у нас няма, каб самі нападалі на людзей. Хіба ваўкі ўзімку, ды і то зграяй. А што нашу апошнюю спажыву ўкралі — справа зусім дрэнная, — сумна прамовіў Мірон.

Становішча адразу павярнулася да іх другім бокам.

Не толькі шкада было гэтага мяса, але паўстала пытанне: як быць далей? Не кожны раз будзеш лавіць рукамі зайцоў, а што яшчэ можна зрабіць без зброі?

Віктар зусім апусціў рукі. Наколькі хутка і моцна выбухала ў ім энергія, настолькі хутка яна і знікала.

— Гэтак зусім прыйдзецца тут загінуць, — пахмура прамовіў ён. — Пойдзем лепш зноў шукаць броду. Калі яшчэ вада спадзе — невядома.

— Не, браток, гэтак нельга, — разважліва сказаў Мірон. — З роспачы кідацца ва ўсе бакі — апошняя справа. Трэба што-небудзь прыдумаць, каб спажывы дастаць, а тады ўжо шукаць броду.

— Што тут зробіш з голымі рукамі? — безнадзейна махнуў Віктар.

— Пойдзем пакуль на паляванне, а там пабачым. Відаць, і будаўніцтва прыйдзецца адкласці.

— Бадай, прыйдзецца і за пугача ўзяцца, — уздыхнуў Віктар. — Усё ж такі смажаны пугач павінен быць не горшым за сырога зайца.

Мірон узяў і па-гаспадарску агледзеў пугача. Пукатыя вочы, крывая дзюба нават цяпер пужаюць. Панюхаў яго Мірон і скрывіўся.

— Можа, яшчэ і нічога, але неяк верне ад яго. Пагледзімо, што будзе далей, — сказаў Мірон і палажыў пугача пад дрэвам.

Падклалі ў вогнішча таўсцейшых дроў і пайшлі «на паляванне». Накіраваліся ў сярэдзіну лесу, дзе яны яшчэ дагэтуль не былі. Па іх меркаваннях, яны тады прайшлі навакол кіламетраў дваццаць, значыцца, можна было лічыць, што невядомая ім мясцовасць мае кіламетраў шэсць упоперак. Прастора немалая.

— Ліха яго ведае, што там хаваецца, — казаў Віктар. — Можа, нават і небяспечнае што-небудзь для нас, бяззбройных. Разводдзе зрабіла гэты лес востравам, на якім павінны ратавацца ўсе жывёлы, што жывуць у гэтых месцах.