Выбрать главу

III

У АМЕРЫЦЫ

Радыёстанцыя на галаве

Праз некаторы час дзед паклікаў Светазара і Святлану.

— Вось вам, мае дарагія светлячкі, шапкі для размовы з людзьмі на якой хочаце мове.

І ён паказаў на дзве іспанскія шапкі-пілоткі з двума рагамі — спераду і ззаду. На канцах рагоў блішчалі металічныя кружочкі, злучаныя двума тонкімі дратамі, як антэнай, а ў сярэдзіне шапак было прымацавана некалькі спіралей.

— Для размовы?! Шапкі?! — здзівілася Святлана.

— Называюцца яны шапкамі, а фактычна гэта ёсць злучэнне прыёмніка і перадатчыка. Сядайце і слухайце ўважліва, што я вам скажу. — Унукі селі супраць дзеда, і ён пачаў: — Як мы размаўляем адзін з другім? Я вось вам гавару словы, яны ідуць у вашы вушы, вушы перадаюць гэтыя словы галаве, і там мозг успрымае іх… Што ўспрымае мозг? — раптам спытаў дзед.

— Словы, — дружна адказалі дзеці.

— А вось і не! — адказаў дзед. — Не словы, а сэнс іх, разуменне, уяўленне таго, аб чым гаворыцца. Вуха толькі перадатчык сэнсу слоў. Глухі слоў не чуе, а калі мы нейкім чынам, мімікай, жэстамі перадамо сэнс, уяўленне, то глухі зразумее і без слоў. А калі ён не нямы, то зараз жа можа «перакласці» гэтае разуменне на словы. Напрыклад, вы паказваеце яму, каб ён зачыніў дзверы, і ён вам можа сказаць: «Зачыніць дзверы? Зараз». Калі гэта будзе іншаземец, то ён скажа гэтыя словы на сваёй мове. Значыцца, калі б мець такі перадатчык, які мог бы непасрэдна перадаваць у галаву другога сэнс вашых слоў, то вы маглі б такім чынам размаўляць з усімі народамі Зямлі. Вы будзеце гаварыць на вашай мове, а сэнс вашых слоў будзе перадавацца непасрэдна другому: той успрыме не словы вашы, а сэнс іх і будзе адказваць ужо на сваёй мове, і вы таксама непасрэдна ўспрымеце сэнс яго слоў. Будзе прыблізна такі працэс, які адбываецца пры тэлевізійных перадачах: на экран без правадоў і без слоў (гукі і музыка гучаць асобна) перадаецца карціна, якую разумее кожны глядач, якой бы нацыі ён ні быў, і сэнс гэтай карціны кожны будзе перадаваць на сваёй мове. Я знайшоў спосаб падобным чынам перадаваць другому непасрэдна і ўяўленне таго, што чалавек думае. Такім перадатчыкам і будуць вось гэтыя шапкі.

Дзед надзеў ім на галовы шапкі і пачаў размову.

Унукі прыслухаліся:

— Вы сказалі, што ўсё сваё вы носіце з сабой. Праўда?

— Правільна, мае мілыя светлячкі! — з вялікім задавальненнем адказаў дзед. — Я сказаў па-лацінску: «Усё маё нашу з сабой». Незразумелыя для вас словы да вашай свядомасці не дайшлі, а сэнс іх, які быў у маёй галаве, праз вашы шапкі дайшоў да вашай свядомасці. Значыцца, усё ў парадку. А калі вы захочаце такім самым чынам перадаць сэнс вашых слоў другому, то не забудзьцеся націснуць вось гэтую кнопку, каля левага вуха. Адыдзі, Святлана, далей, да той сцяны, націсні кнопку і скажы мне што-небудзь ціха, каб я не чуў.

Святлана адышла, націснула кнопку і нешта прашаптала. І дзед ёй адказаў:

— Ты сказала, што хочаш хутчэй ехаць. Так?

— Так, так! — закрычала Святлана і нават запляскала ў далоні.

— Ну і добра, — сказаў дзед. — А цяпер папрактыкуйцеся вы самі.— Ен утульна ўсеўся ў крэсла і задрамаў. А брат з сястрой пачалі практыкавацца.

Калі дзед прачнуўся, унукі падышлі да яго і сказалі, што яны хочуць ляцець у Амерыку.

— У Амерыку? — здзівіўся дзед. — У якую Амерыку?

Цяпер ужо ўнукі здзівіліся: хіба дзед не ведае Амерыкі?

Дзед, усміхнуўшыся, зноў спытаў:

— У якую ж Амерыку?

— Ну, у гэтую самую, дзе жывуць амерыканцы… — збянтэжана адказала Святлана.

— У Амерыцы каля дваццаці дзяржаў,— адказаў дзед, — і ўсюды жывуць амерыканцы. Да якіх жа амерыканцаў вы хочаце?

— У Злучаныя Штаты, — адказаў Светазар.

— Так і кажыце, — павучальна сказаў дзед. — А то выходзіць, што амерыканцы-янкі засланілі сабой усіх іншых амерыканцаў. Дык чаму ж вы захацелі іменна ў Злучаныя Штаты?..

Дзеці пачалі тлумачыць:

— Пра Злучаныя Штаты мы вельмі многа чулі. І пішуць пра іх больш. Там многа цікавага…

— Ну, добра, паспрабуйце, — згадзіўся дзед. — Толькі падрыхтуйцеся лепш.

— Хацелася б паглядзець Нью-Йорк, — сказаў Светазар. — Але як да яго даступіцца? Ен на востраве, а востраў увесь забудаваны небаскробамі. Куды спусціцца, — проста на вуліцу, дзе шмат людзей і машын, ці на дах небаскроба?

— Гэта ты правільна гаворыш, — пахваліў дзед. — Хоць я і не быў у Нью-Йорку, але магу параіць вам добрую мясціну для спуску. Славутую статую Свабоды ведаеце?

— Ведаем! — дружна адказалі «светлячкі».

— Дык вось, месца каля яе запушчанае, і нікога-нікога там няма. Вы там і спусціцеся. А далей можаце ехаць па вуліцах разам з усімі машынамі. Я думаю, ніхто вас чапаць не будзе: ці мала якія машыны там могуць быць? Памятайце толькі адно: не вылазьце са свайго фантамабіля, калі вакол вас неспакойна. І яшчэ вось што: хоць вы там і нядоўга будзеце, але, напэўна, прыйдзецца дзе-небудзь плаціць грошы, дык я пастараюся дастаць для вас долараў пяцьдзесят.

Ля статуі Свабоды

…Праз некалькі мінут яны апусціліся ля статуі Свабоды ў Нью-Йорку. Сапраўды, тут не было людзей. Трохі далей стаялі пакгаузы, пачыналіся закапцелыя дамы. Статуя зрабіла на дзяцей надзвычайнае ўражанне: высокая, магутная… Ля падножжа статуі валяліся нейкія скрынкі, бочкі, сярод якіх і апынуліся Светазар і Святлана.

Яны агледзеліся, ці не бачыў хто, як яны апусціліся. За бочкамі гулялі некалькі хлопчыкаў, ля пакгаузаў працавалі рабочыя. Ніхто з іх пакуль што не звяртаў увагі на нашых падарожнікаў, а гэта было самым галоўным.

Але калі фантамабіль пасунуўся ад берага і выехаў на вуліцу, на яго глядзелі ўжо сотні людзей, а ззаду беглі дзеці.

— Непрыемная справа, — бурчаў Светазар. — Калі гэтак усе будуць дзівіцца на нас, то нам прыйдзецца ўцякаць.

— А ты едзь следам вунь за той машынай, — параіла Святлана. — Яна едзе хутка, і нас ніхто не дагоніць.

Светазар так і зрабіў. Машына паехала ў цэнтр Нью-Йорка. Па баках пачалі ўздымацца славутыя небаскробы. Зрабілася цемнавата, як гэта бывае ў калідоры ці вузкай цясніне сярод гор. Народу на вуліцы станавілася ўсё больш і больш, але — дзіўная рэч: тут мала хто звяртаў увагу на незвычайную чырвоную машыну. Кожны чалавек кудысьці спяшаўся, быў заклапочаны сваімі справамі, кожны думаў толькі аб тым, як пражыць у гэтым чалавечым катле, што называецца Нью-Йоркам. А машын на вуліцы было столькі, што фантамабіль губляўся сярод іх. Машыны ішлі па баках вуліцы суцэльнай масай. На скрыжаваннях яны спыняліся, каб прапусціць бакавыя машыны і пешаходаў, і стаялі досыць доўга. Тады па іх можна было б ісці, як па мосце. І ўся гэтая цясніна грымела, гула, шумела так, што ў нашых падарожнікаў галовы закружыліся. І што цікавага яны маглі бачыць? Машыны, мітуслівых людзей, вітрыны раскошных магазінаў — і ўсё. Але ў адным месцы Святлана штурханула брата ў бок і сказала:

— Глядзі, глядзі!

Светазар убачыў у вітрыне спальню: ложак, крэсла, люстра і іншае адпаведнае абсталяванне. На ложку пад шаўковай коўдрай спала дзяўчынка. Раптам яна павярнулася і закінула руку за галаву.

— Жывая?! — ускрыкнуў Светазар.

Так, дзяўчынка была жывая. Голад прымусіў яе «спаць» такім чынам цэлыя дні, каб звярнуць увагу публікі на спальныя рэчы фірмы Дудль і К°.

Праз паўгадзіны ўсё гэта перамяшалася ў галаве і так абрыдла нашым падарожнікам, што яны з нецярпеннем чакалі, калі скончыцца гэтая «экскурсія па Нью-Йорку».

— Якая пакута тут жыць! — уздыхнула Святлана, спачуваючы ўсім гэтым людзям. — Паедзем дахаты.

— Пачакай трохі, паспееш, — адказаў Светазар. — Мы ж яшчэ Амерыкі не бачылі.

Затое іх нехта ўжо заўважыў. У часе аднаго з прыпынкаў яны ўбачылі на тратуары маладога чалавека з вялікімі чорнымі акулярамі, які старанна фатаграфаваў іхнюю машыну. Ніякай прыемнасці ад гэтага нашы падарожнікі не адчулі, але і не спалохаліся. Калі ж пасля таго, праехаўшы некалькі вуліц, яны зноў убачылі гэтага самага чалавека, то здагадаліся, што ён спецыяльна сочыць за імі. Так яно і было. Чалавек у акулярах нарэшце падышоў да іх і з самым ветлівым, прыяцельскім выглядам пачаў нешта гаварыць. Светазар надзеў сваю шапку-перадатчык і зразумеў гаворку.