Выбрать главу

— Выбачайце, маладыя людзі,— пачаў амерыканец, — ці не згодзіцеся адказаць мне на некаторыя пытанні. Я — карэспандэнт «Нью-Йорк геральд трыбюн». Я думаю, для вас было б цікава, каб у нашай газеце з'явіўся ваш здымак з машынай і з апісаннем: хто вы і адкуль, якой фірмы ваша машына, якія мае яна якасці, асаблівасці і гэтак далей.

Светазар глянуў на сваю сястру, на якой таксама была надзета ўжо шапка, і спытаў:

— Што ты скажаш на гэта?

Карэспандэнт убачыў, што яны не збіраюцца адразу згаджацца, і дадаў больш важкія довады:

— Усе фірмы і ўладальнікі новых машын плацяць нам за тое, што мы рэкламуем іх, а вы чамусьці задумваецеся. Тады я вам заплачу дваццаць пяць долараў за вашы адказы.

Светазар засмяяўся і зноў павярнуўся да сястры.

— Цікава выходзіць, — сказаў ён. — Нават зарабіць можна. Баюся толькі, што за мае адказы ён нічога не дасць. Але паспрабуем.

Светазар павярнуўся да карэспандэнта і сказаў:

— Прашу!

Карэспандэнт выняў з кішэні свой блакнот і задаў пытанне:

— Адкуль вы прыехалі? — затым, паказаўшы на прапелеры, дадаў:— Ці прыляцелі…

Тым часам вакол іх паступова спыняліся цікаўныя. Яны аглядалі машыну з усіх бакоў, краталі яе, зазіралі ў сярэдзіну, прыглядаліся да пасажыраў у дзіўных шапках. Народу збіралася ўсё больш і больш, натоўп пачаў перашкаджаць руху, з'явіўся палісмен…

Карэспандэнт спалохаўся, што не паспее зрабіць сваю справу, і зноў спытаў:

— Адкуль вы?

— З Марса, — быў адказ.

Карэспандэнт збянтэжыўся, а людзі вакол яго засмяяліся. Карэспандэнт нахіліўся да акенца машыны і ціха сказаў:

— Даю пяцьсот долараў, скажыце праўду.

Да кабіны падышоў палісмен.

— Я і кажу праўду. Вось глядзіце, як мы паляцім дадому.

Светазар і Святлана знялі свае шапкі і надзелі шлемы. Цяпер яны ўжо не разумелі, што казаў карэспандэнт, а за ім і палісмен. Хлопчык пусціў у ход машыну і да канца націснуў тормаз. Фантамабіль ціха, плаўна пачаў уздымацца ўверх…

Публіка аслупянела. Карэспандэнт з блакнотам у адной руцэ і аўтаручкай у другой, разявіўшы рот, глядзеў угару. Палісмен замёр, падняўшы ўгару сваю гумавую дубінку. Гэты знак, які палісмен зрабіў мімаволі, спыніў на вуліцы ўвесь рух. Усё жывое ў гэтым раёне стаяла, задраўшы галовы ўверх. А там, пабліскваючы на сонцы, ціхенька падымалася маленькая чырвоная машына… Раптам палісмен замахаў дубінкай і крыкнуў:

— Хутчэй рассуньцеся ў бакі: зараз сюды скінецца чалавек! Адыдзіце хутчэй.

На процілеглым баку вуліцы на семдзесят восьмым паверсе небаскроба ледзь вызначалася расчыненае акно, у якім відаць была постаць чалавека. Мала хто мог бы заўважыць на такой вышыні і акно і чалавека ды яшчэ меркаваць, што той зараз скінецца. Але спрактыкаваны палісмен ведаў, што казаў, ён не раз бачыў такія «нумары». Праз момант уверсе пачуўся далёкі, але жудасны крык — і чалавек паляцеў уніз.

Карэспандэнт хуценька нацэліў на яго свой фотаапарат, зрабіў некалькі здымкаў і ўсміхнуўся ад задавальнення: яму ўсё ж такі пашанцавала — такія цудоўныя здымкі зрабіў! За адну такую фатаграфію з подпісам «Самагубца ў паветры» можна будзе атрымаць сотню долараў, а мо і болей. Ен нават не зірнуў туды, куды пляснуўся чалавек. Ды і іншыя людзі не надта цікавіліся гэтым здарэннем — усе глядзелі ўгару. Але машына там раптам знікла, нібы растала ў паветры…

Светазар і Святлана бачылі, як кінуўся галавой уніз няшчасны чалавек. Яны закрычалі ад жаху…

Статыстычнае бюро Нью-Йорка зарэгістравала ў гэты дзень чацвёртага беспрацоўнага, які скончыў жыццё самагубствам. Колькі яшчэ было ў гэты дзень такіх выпадкаў — мы не ведаем.

У гасцях у фермера

А нашы «марсіяне» апусціліся на дарогу за многа соцень кіламетраў ад Нью-Йорка. Навакол была неабсяжная раўніна, засеяная пшаніцай, кукурузай. У адных месцах пасевы ішлі суцэльнымі палямі, у другіх месцах яны былі падзелены на невялікія ўчасткі і абгароджаны калючым дротам. Суцэльныя палі належалі кампаніям прадпрыемцаў, а паасобныя ўчасткі — фермерам, будынкі якіх былі параскіданы на значнай прасторы. Падарожнікі заехалі на адну з гэтых ферм, каб адпачыць, як сказала Святлана, ад нью-йоркскай мітусні.

Дом фермера быў на паўтара паверха: у ніжнім, цагляным, змяшчалася жывёла, паліва і розныя гаспадарчыя прылады. На другім паверсе жылі гаспадары. Побач яшчэ было гумно, за якім быў невялікі агарод. А перад домам сад з некалькіх пладовых дрэў, старых, напалову засохлых. Па ўсяму было відаць, што гаспадарка гэтая калісьці была добра ўпарадкаваная.

Насустрач выбегла шасцёра дзяцей ад чатырох да чатырнаццаці гадоў. Яны забыліся на ўсё, убачыўшы незвычайную машыну. Падышлі і бацькі — стомленая худая жанчына і сутулы чалавек гадоў пад сорак пяць. Яго доўгія дужыя рукі матляліся неяк бездапаможна, з-пад густых броваў палахліва глядзелі вочы, мяккія, добрыя, яны не адпавядалі яго магутнай постаці. Гаспадары глядзелі на прыезджых абыякава, нібы часта бачылі такіх падарожнікаў.

Светазар і Святлана адчулі сябе няёмка: чаго яны сюды заехалі? І гаспадары глядзелі на іх так, нібы задавалі гэтае ж пытанне.

— Ці можна будзе ў вас спыніцца? — спытаў Светазар, вылазячы з машыны.

— Калі ласка, — здзіўлена адказаў гаспадар. — Толькі для вас гэта будзе зусім не цікава. Трохі далей вы знойдзеце прыпынак куды лепшы, чым у нас, там зможаце падмацавацца, і машыну вашу дагледзяць.

— А нам нічога гэтага не трэба, — адказаў Светазар. — Мы проста хочам паглядзець, як добрыя людзі жывуць.

Гаспадыня паспяшыла адказаць:

— У такім разе вы не туды трапілі, дзеткі. Тут людзі не жывуць, а гібеюць.

А гаспадар сурова спытаў:

— Адкуль вы?

Да такога пытання хлопчык не падрыхтаваўся. Сумленне не дазваляла гаварыць такім людзям, што да іх у госці прыляцелі «марсіяне». Светазар павярнуўся да сястры.

— Кажы праўду — і ўсё, — адказала тая. І Светазар сказаў:

— Мы прыехалі з Савецкага Саюза. Абыякавасць і суровасць адразу зніклі з твараў

гаспадароў. Замест таго з'явілася надзвычайнае здзіўленне і цікавасць.

— Якім чынам?.. Адны?.. Куды едзеце?.. — вырваліся ў іх пытанні.

— Аб гэтым доўга гаварыць, — адказаў Светазар. — А пакуль што дазвольце пасядзець у вашым садку.

— Калі ласка, — адказала гаспадыня. — Толькі выбачайце, няма чым вас пачаставаць. Кожную хвіліну чакаем, што нас выганяць адсюль.

— Хто?

— Банкіры, гаспадары вось гэтых зямель, — хмура сказаў фермер, паказваючы рукой на неабсяжныя суцэльныя палі.— Мы ўсе ім запазычыліся так, што нашы фермы паступова пераходзяць да іх. Вось гляньце: суседні дом ужо забіты дошкамі. Цяпер і мы чакаем высялення.

— А куды вы дзенецеся? — спытала Святлана.

— Паедзем куды вочы глядзяць. Запражом каня і паедзем па свеце шукаць работы. Так дзесьці едзе цяпер наш сусед, так вандруюць на калёсах тысячы фермераў. Ды што гаварыць пра нас, — махнуў фермер рукой, — лепей вы скажыце пра сябе…

Але скончыць ім размову не прыйшлося: з тракту на поўным хаду завярнула да іх машына. Адтуль выйшаў рухавы чалавек з партфелем і двое палісменаў. Убачыўшы іх, гаспадыня адразу загаласіла, за ёй пачалі плакаць дзеці. Гаспадар яшчэ больш нахмурыўся і чакаў.

— Сёння а дванаццатай гадзіне скончыўся ваш тэрмін, — пачаў чалавек, вымаючы з партфеля нейкія паперы. — Плацяжоў ад вас не паступіла. Значыцца, паводле закону, уся ваша ферма пераходзіць да банка. Вам дазваляецца запрэгчы каня і ўзяць з сабой неабходныя хатнія рэчы. Замест каня можаце ўзяць машыну не даражэй за сто долараў. Цяпер праверым вашу апісаную гаспадарку.

Пачалася праверка па спісу гаспадарчых будынкаў і інвентара. І тады яны заўважылі фантамабіль, які стаяў пад дрэвам.