Выбрать главу

— Нас гэта не датычыцца, мы — савецкія! — з гонарам адказаў Светазар.

— Савецкія?! Няўжо? — загаманілі людзі, і чорныя твары іх, здавалася, пасвятлелі ад радаснага хвалявання.

Святлана штурхнула брата ў бок:

— Навошта ты сказаў? Цяпер усюды загамоняць і не дадуць нам спакою.

— Нічога! — адказаў Светазар, а затым звярнуўся да гаспадароў:— Можа, дазволіце зайсці ў вашу хату?

— Не можам вам забараніць, — схілілі галовы гаспадары…

Першы раз у сваім жыцці бачылі тутэйшыя жыхары белых гасцей у негрыцянскай хаціне, таму навакол хутка сабраўся натоўп разявакаў. Вестка аб такім незвычайным здарэнні дайшла і да цэнтра Рыма. Першым зацікавіўся крамнік Джэб, здаравенны дзядзька ў клятчастай камізэльцы. Ен нават не паверыў, што на свеце могуць быць такія выпадкі, і пайшоў праверыць. Ен здалёк заўважыў чырвоную машыну, а калі падышоў бліжэй, то пачаў хадзіць вакол яе, паціскаючы плячыма. Потым накіраваўся да хацінкі. Негры шарахнуліся ўбок, прапускаючы яго. Прасунуўшы галаву ў дзверы, Джэб крыкнуў:

— Гэй, джэнтльмены, чаго вы забраліся ў гэтую нару? Хіба для вас у Рыме не знойдзецца пачэснага месца? Хіба вы не ведаеце, што ганьбіце нас, янкі, сваім прыяцельствам з чорнымі?

Гаспадары глядзелі то на сваіх гасцей, то на Джэба і дрыжалі ад страху.

— Не ваша справа! — пачуўся ў адказ звонкі голас Светазара.

Джэб прыгледзеўся ў змроку і ўсклікнуў:

— Тысяча чарцей! Ды гэта ж дзеці! Белыя дзеці ў чорнай нары! Выходзьце хутчэй, рабяткі. А вы, — звярнуўся ён да гаспадароў,— будзеце адказваць за тое, што завалаклі сюды белых дзяцей.

Негрыцянка загаласіла, муж яе стаў прасіць сваіх незвычайных гасцей, каб яны ішлі.

— Калі ласка, просім вас. Вы нас загубіце. Вы не ведаеце нашых парадкаў. Мілыя дзеткі, ідзіце, ідзіце хутчэй…

— Хадзем! — шапнула Святлана. — Хіба ты не чытаў пра тутэйшыя парадкі?

— Чытаць — адно, а бачыць сваімі вачыма — другое, — адказаў Светазар і пайшоў з хаты, апусціўшы галаву, нібы зрабіў нешта нядобрае.

Джэб сустрэў яго з радасцю, як знаёмага. Пляснуўшы Светазара па плячы, ён сказаў:

— Ты як сюды трапіў, хлапчына? Ды яшчэ з дзяўчынкай. Мусіць, яны вас зацягнулі да сябе? Мусіць, надумаліся з вамі зрабіць што-небудзь дрэннае?

Светазар адхіліўся ад яго прыяцельскіх абдымкаў і сурова сказаў:

— Мы самі заехалі да іх у госці. Вы не маеце права ўмешвацца.

— У госці?! — ускрыкнуў Джэб, нават адхіснуўшыся ад здзіўлення. — Вы, белыя, ды ў госці да чорных?..

Каля машыны тым часам сабралася дзесяткі два такіх джэбаў. Зацікаўленыя, здзіўленыя, усхваляваныя, яны чакалі тлумачэння ад свайго таварыша.

— Чуеце? — усклікнуў той. — Гэтыя белыя дзеці прыехалі «ў госці» да чорных ды яшчэ кажуць, што мы не маем права ўмешвацца ў гэтую справу.

— Адкуль яны ўзяліся, калі не ведаюць нашых парадкаў? — крыкнуў адзін з джэбаў.— Адкуль вы?

— З Месяца, — спакойна адказаў Светазар, праціскаючыся да сваёй машыны. Напалоханая Святлана моцна трымалася за яго руку. Але джэбы загарадзілі ім дарогу.

— Ты не жартуй, а кажы праўду, — казаў адзін.

— Калі вы добраахвотна сябруеце з неграмі,— казаў другі,— то мы маем права пакараць вас за тое, што ганьбіце нашу расу.

— Прапусціце, — цвёрда сказаў Светазар. — Мы не на судзе і не абавязаны вам адказваць.

Спакойная ўпэўненасць хлопчыка зрабіла ўражанне на джэбаў, і яны прапусцілі дзяцей да машыны. Але на свае словы савецкія дзеці атрымалі такі адказ, які заледзяніў іх. Адказ быў такі:

— Калі вы не на судзе, то вашы прыяцелі зараз жа могуць апынуцца перад судом Лінча.

Пачуўшы страшнае слова «лінч», негры замітусіліся, пабеглі прэч, жанчыны і дзеці заплакалі… Гатовы былі заплакаць і Светазар са Святланай. Яны таксама добра ведалі гэтае слова. Яны выразна ўявілі сабе, што можа тут быць, калі яны пакінуць гэты Рым. Гэтыя дзікія джэбы могуць павесіць хоць каго з тутэйшых неграў, і нічога за гэта ім не будзе. А брат і сястра будуць лічыць вінаватымі сябе за смерць няшчасных неграў. Ці можна што-небудзь зрабіць, каб не дапусціць такой бяды? Святлана не вытрымала і сказала:

— Гэтыя людзі зусім не вінаватыя, што мы да іх заехалі. Чаму вы пагражаеце ім Лінчам?

Джэбы зарагаталі, і першы з іх сказаў:

— Калі вы пад'едзеце да нас, пакажаце машыну, раскажаце пра сябе, то мы не будзем чапаць вашых неграў.

— Добра, дазвольце толькі сесці,— згадзіўся Светазар.

Іх прапусцілі. Яны селі, надзелі свае шлемы, і Светазар весела сказаў:

— Ну, цяпер мы ім пакажам!

Машына паднялася на вышыню чалавечага росту і пачала кружыць над галовамі джэбаў. У аднаго сарвала капялюш, другога зачапіла колам. З крыкамі жаху паваліліся яны на зямлю, а за імі апусцілася машына і кружылася таксама, пагражаючы змясіць іх усіх у кашу… Затым машына рванулася ўверх і знікла.

На беразе Мексіканскага заліва

Яны зноў павольна паляцелі на поўдзень над раўнінамі Місісіпі. Неабсяжныя прасторы былі заняты баваўнянымі плантацыямі. Калі па дарозе ім трапіўся яшчэ адзін гарадок, Светазар са смехам сказаў:

— Гэта, мусіць, Парыж!..

— А можа, Лондан?.. — адказала яму ў тон Святлана.

Далёка наперадзе заблішчала пад сонцам мора.

— Мексіканскі заліў,— паспяшыла пахваліцца сваімі ведамі Святлана.

— Правільна! — пахваліў Светазар. — А які горад вунь там, дзе канчаецца рака?

— Новы Арлеан.

Горад дыміўся не столькі комінамі фабрык і заводаў, колькі трубамі параходаў.

— У горад не паляцім, — сказала Святлана.

— Няма чаго там рабіць, толькі адны непрыемнасці будуць.

Машына завярнулася налева і паляцела ўздоўж берага. А бераг быў такі цудоўны. Усюды зеляніна, асабліва вызначаліся пальмы. Сам бераг нізкі, пясчаны, скрозь бялеюцца прыгожыя дачы. І безліч народу на беразе.

— Вось дзе пабыць бы, пакупацца, — сказала Святлана.

— Паспрабуем, — адказаў Светазар.

Машына апусцілася на адну з дарог, якія ішлі ўздоўж берага. Некалькі дзесяткаў чалавек былі напалоханы і здзіўлены такой з'явай, але Светазар шпарка паехаў наперад, сведкі засталіся ззаду, і далей ужо людзі маглі звярнуць увагу толькі на нейкі «навамодны» аўтамабільчык — і больш нічога.

Дзе ж прыпыніцца? Два разы яны спыняліся ў простых людзей, і кожны раз былі непрыемнасці. Ці не спыніцца цяпер сярод паноў? Можа, іх не здзівіш арыгінальнай машынай. І падарожнікі пад'ехалі да багатага прыбярэжнага атэля.

Іх сустрэлі слугі і прапанавалі паставіць машыну ў гараж.

— Што ты робіш? — зашаптала Святлана. — Мы ж не выберамся адсюль.

— А ты задзяры нос, як вялікая пані, і табе ніхто не адважыцца перашкаджаць, — сказаў брат. Ен папрасіў, каб машыну не зачынялі, а паставілі пад паветкай. — Каб нам лягчэй было ўцякаць, — шапнуў ён на вуха сястры.

Потым яны зайшлі ў нейкае памяшканне і селі за асобны столік на верандзе, адкуль відаць былі мора і пляж.

— Каб не падумалі, што мы простыя людзі,— сказаў Светазар, — давай выдумляць самыя панскія стравы.

— Я хачу марожанага, — сказала Святлана.

— Што ты, што ты! — замахаў рукамі Светазар. — Гэта ж самая простая рэч. Калі мы будзем заказваць такія стравы, то нас палічаць за бедных і прагоняць у шыю.

— Добры дзень, маладыя людзі! — пачуўся голас за суседнім столікам.

Брат і сястра аж падскочылі, нібы дакрануліся да электрычнасці.

Тады да іх падсеў чалавек гадоў за сорак, з вясёлым і лагодным круглым тварам.

— Я так і думаў, што вы з Савецкага Саюза, — сказаў чалавек. — Жывучы на чужыне, сэрцам пачуеш свайго чалавека.

— А вы… вы… — прамовілі ашаломленыя Светазар і Святлана.

— Я савецкі консул у Новым Арлеане, — ласкава сказаў чалавек. — Дарэмна вы не звярнуліся да мяне. Мой абавязак — дапамагаць сваім. А тут вам, я думаю, не вельмі зручна. Паглядзіце, што робіцца вакол вашай машыны. — Усе трое паглядзелі ў той бок і ўбачылі каля яе цэлы натоўп разявак. — А машына вельмі цікавая, арыгінальная, — казаў далей чалавек, — мусіць, такой і ў Амерыцы няма. Глядзіце, як яны разглядаюць, фатаграфуюць яе. Вы ўпэўнены, што ніякага сакрэту яны не адкрыюць?