— А чаму ж гэта больш нічога не відаць? Светазар, прыглядаючыся да Зямлі, таксама спытаў:
— Чаму ж гэта нічога разабраць нельга? Тады дзяўчынка тарганула брата за руку і з дакорам сказала:
— Ты чаго маўчыш, нічога не адказваеш?
Хлопчык павярнуўся да яе і стаў нешта гаварыць. Губы яго рухаліся, а слоў не было чуваць. Пачала гаварыць дзяўчынка — Светазар убачыў тое самае: губы яе шавеляцца, а слоў не чуваць. Тады хлопчык засмяяўся і пацягнуў сястру ў кабінку машыны. Калі яны зачынілі дзверы, Светазар сказаў:
— Мы ж забылі, што без паветра гук не можа ісці. Святлана не магла разабраць слоў брата, яна толькі ледзь-ледзь чула далёкія гукі яго голасу. Пачалі яны чуць адно аднаго толькі праз хвіліны дзве, калі кабінка напоўнілася паветрам, якое вылучала апаратура машыны. Пасля таго яны знялі свае маскі і пачалі размаўляць нармальна.
— Я ўжо ведаю, у чым справа, — сказала Святлана. — Там няма паветра, а без паветра гукі не могуць пераходзіць.
— Усё гэта мы ведалі і дзед ведаў,— сказаў Светазар, — а вось забыліся прадугледзець. Што ж цяпер рабіць? Хіба рукамі размаўляць будзем, як нямыя.
— Ды мы не ўмеем, — сумна сказала Святлана, а потым, павесялеўшы, усклікнула: — А ведаеш што? Будзем размаўляць, як з іншаземцамі, з дапамогаю нашых шапак-перадатчыкаў. Толькі ці пойдуць радыёхвалі без паветра?
— Пойдуць, пойдуць, я ведаю, — радасна сказаў Светазар.
Праз хвіліну на галовах іх з'явілася новая «аздоба» — шапкі з рагамі. Цяпер яны ўжо маглі дзяліцца сваімі ўражаннямі. Больш за ўсё цікавіла іх «Зямля-месяц». Яна была такая вялікая, а разглядзець яе паверхню цяжэй, чым невялікі Месяц з Зямлі. Нарэшце ўсё ж такі яны сцямілі, што прычынай з'яўляецца атмасфера і вадзяная пара, якая засланяла паверхню Зямлі. Толькі час ад часу вырысоўваліся часткі знаёмых мацерыкоў і хутка зноў расплываліся ў тумане.
Праз некаторы час яны адчулі новую непрыемнасць: нясцерпна пяклі сонечныя праменні, а ногі адчувалі сябе як на гарачай пліце. Ды і не дзіва: паверхня Месяца за доўгі двухтыднёвы дзень награецца да ста дваццаці градусаў. Зноў прыйшлося хавацца ў машыну, каб абмеркаваць становішча. Яны знайшлі драўляную скрынку, паламалі яе і дротам прывязалі дошчачкі да сваіх падэшваў. Потым яны ўспомнілі, што ў іх ляжаць спецыяльныя плашчы, каб надзяваць іх на Месяцы.
Мы ведаем, што наша Сонца апрача жыватворчых праменняў вылучае яшчэ і шкодныя, напрыклад, ультрафіялетавыя. На Зямлі яны нейтралізуюцца ў зямной атмасферы, а на Месяцы нішто ім не перашкаджае, і яны могуць зрабіць шкоду жывым істотам. Таму і ўзяты былі плашчы, якія не прапускаюць гэтых шкодных праменняў. Такім чынам, каб высадзіцца на Месяцы, спатрэбілася складанае абмундзіраванне: шапка-перадатчык, дыхальны апарат, плашч і нават дошчачкі.
— Хутка мы зусім страцім чалавечае аблічча, — бурчаў Светазар, нязграбна ступаючы па Месяцы, а зямля тут была такая самая, як і на Зямлі, толькі без ніякіх слядоў жыцця. І роўнае месца, і скалы, і нізіны — усё складалася з голага камення. Ад гарачыні і холаду, які ноччу дасягае ста шасцідзесяці градусаў, каменная паверхня ўся патрэскалася, а кавалкі яе так і ляжалі на сваіх месцах: ні вецер, ні воды не зрушылі іх з месца; вострыя рэбры іх засталіся такімі самымі, як і тысячы гадоў назад. Ніколі яны не церліся адзін аб адзін, таму нідзе не было відаць аніякага пяску.
У адным месцы трапілася ім трэшчына на крок шырыні. Светазар скочыў праз яе і… праляцеў метраў пяць.
— Скачы смялей! — весела крыкнуў ён Святлане. Тая скочыла больш асцярожна і праляцела толькі тры метры.
Вось яно тое самае, пра што чыталі яны дома, пра што і дзед казаў ім! Месяц у пяцьдзесят разоў меншы за Зямлю, ён менш і прыцягвае да сябе. Гэта значыць, што вага кожнай рэчы на Месяцы значна меншая, чым на Зямлі, а іменна — у шэсць разоў.
Дзеці пачалі дурэць, скакаць. Яны вельмі цешыліся, што «нумары» іх выходзяць, як у цырку. Светазар лёгка скочыў на скалу, як на дах дома. Тое самае зрабіла і Святлана. А калі прыйшлося скочыць назад, то яны прызадумаліся: гэта ж не жарты — скочыць з даху на голыя каменні! Пачалі прыглядацца, дзе б можна было спусціцца, але такога месца няма. Святлана занепакоілася. Ды і Светазар збянтэжыўся. Потым пачаў разважаць:
— Пачакай, — мы ж цяпер лягчэйшыя ў шэсць разоў, значыцца, і штуршок павінен быць у шэсць разоў слабейшы. Чаго ж баяцца? Раз… два… тры!
Сэрца яго сціснулася ад страху, але ён мужна рынуўся ўніз. Падаў ён плаўна, скочыў лёгка і тады ўжо ўпэўнена крыкнуў Святлане:
— Скачы! Не бойся.
Спыніўшы гульню, яны сцішыліся і зноў пачалі дзівіцца на незвычайную прыроду. Яна была мёртвая ў поўным сэнсе гэтага слова. Ні гуку, ні ветрыку, ні раслінкі — адны толькі голыя скалы. І для Месяца — нават вельмі высокія горы. Мы прывыклі, што на высокіх гарах бывае снег, лёд, трава, дрэвы, крыніцы, а тут — ад верху да нізу аднолькавыя шэрыя каменні, і больш нічога. На раўнінах параскіданы так званыя «цыркі», якія яшчэ носяць даўнейшую назву «мора». Здавалася, што калісьці ў вадкую гразь пляснуўся камень, стварыў зморшчаную яміну, якая адразу скамянела. Вось такія яміны-цыркі і параскіданы па раўнінах. А неба! Якое незвычайнае неба! Чорнае, скамянелае, з безліччу ўсялякіх светлых кружочкаў. І ніхто нікому не перашкаджае, кожны свеціць як можа. І сярод усіх свяціл была Зямля. Паколькі можна было заўважыць у прасветах паміж зямной атмасферы, Афрыка ўжо адсунулася на ўсход, і з-за Атлантычнага акіяна паказаўся ўскраек Амерыкі. Жыхары Месяца за дваццаць чатыры гадзіны маглі б убачыць усю Зямлю. А жыхары Зямлі заўсёды бачаць адну палову Месяца, а другую ніколі не бачылі. Адбываецца гэта таму, што, пакуль Месяц абыдзе вакол Зямлі адзін раз, ён павернецца вакол сябе таксама адзін раз.
Нашы падарожнікі захацелі паглядзець на гэтую таемную палавіну. Селі ў машыну і павольна паехалі вакол Месяца. На Зямлі, дзякуючы атмасферы, паміж днём і ноччу бывае вечар, прыцемкі, а тут як толькі пераступілі граніцу асветленай часткі, то адразу трапілі ў начную цемру. Праз некалькі мінут трохі прызвычаіліся да цемнаты і пры святле зорак пачалі прыглядацца да пейзажу. Ен, вядома, быў такі самы, як і на другім баку: тая ж патрэсканая зямля, тыя ж скалы і горы, такія ж самыя цыркі.
У адным месцы падарожнікі захацелі выйсці з машыны, але як толькі адчынілі дзверы, то з крыкам адхіснуліся назад і зноў зачыніліся: іх нібы агнём апякло. Гэта быў той самы стошасцідзесяціградусны мароз, аб якім яны чыталі ў кніжках. Пасля таго яны пусцілі машыну хутчэй і вярнуліся на ранейшае месца.
— Мы — першыя людзі, якія аб'ехалі ўвесь Месяц навакол, — з гонарам сказаў Светазар.
— А колькі гэта будзе кіламетраў? — спытала Святлана.
— Дрэнна ты падрыхтавалася ў дарогу, калі не ведаеш, — важна сказаў Светазар. — Гэта будзе… э-э… Здаецца, дзесяць тысяч кіламетраў18.
Святлана пачала пільна да чагосьці прыглядацца.
— Што там такое? — зацікавіўся Светазар.
— Паглядзі туды, каля каменя, — з хваляваннем сказала дзяўчынка. — Што там такое бялее? Нібы паперка якая…
Глянуў туды Светазар — сапраўды нешта бялее. Падышлі бліжэй, нахіліліся — ляжыць нібы паштовая картка, нават літары на ёй відаць. Светазар асцярожна ўзяў яе, павярнуў і крыкнуў:
— Глядзі!.. Фотакартка!
Яны ўбачылі здымак сям'і: бацька, маці і шасцёра дзяцей. За іх спіной быў дом у паўтара паверха, а за ім гумно і сельскагаспадарчыя прыбудовы.
— Слухай, — прашаптала Святлана, — ды гэта ж фермер, той самы амерыканскі фермер, у якога мы былі ў гасцях. Зусім той самы. І дзеці тыя, і маці.
— І хата тая самая, і хлевушок, і гумно. А вось пад гэтым дрэвам стаяла наша машына, — сказаў Светазар. — Але што гэта значыць? Можа, ты нейкім чынам узяла гэтую картку?
— Адкуль? Як? — адказала Святлана. — Я нічога такога не бачыла. Мусіць, ты сам забраў.
— Я ж таксама не бачыў. Мы і ў хату не заходзілі,— даводзіў Светазар. — Хадзем у машыну, падумаем.
У машыне яны знялі з галавы свае апараты і маглі пагаварыць нармальна. Адзінае, што магло быць, гэта толькі тое, што гэтую картку нейкім чынам занеслі сюды яны самі. Але як гэта магло здарыцца, калі яны ні разу не бачылі гэтай карткі ні там, ні дома, ні тут? А другога тлумачэння не магло быць…