Выбрать главу

— А цудаў на свеце не бывае, — збянтэжана сказаў Светазар. — І пры чым тут гэты фермер? Якое дачыненне ён мае да Месяца? Што б там ні было, а нам нічога не застаецца, як паверыць у тое, што гэтую картку занеслі сюды мы самі.

— А мы ж там зусім не былі,— адказала Святлана. — Першы раз мы спыніліся вунь там, каля той гары, а цяпер спыніліся тут і да таго каменя не падыходзілі.— Светазар паглядзеў на яе шырока раскрытымі вачыма і прашаптаў:

— Так… праўда… Мы там не былі. І вецер не мог данесці картку, бо яго тут няма.

Некалькі хвілін сядзелі яны збянтэжаныя, выразна адчуваючы, што галава адмаўляецца служыць. Паверыць у цуд, ды яшчэ зусім бязглузды, дзеці ніяк не маглі. І зразумець таксама не маглі.

Нарэшце Светазар крыкнуў:

— Годзе, годзе ламаць галаву! Фотакартка ў нас сапраўдная?

— Сапраўдная, — адказала Святлана.

— Яна сама на Месяц прыляцець не магла?

— Не магла.

— Значыцца, нехта яе прынёс. Значыцца, тут павінны быць і яшчэ сляды людзей. Будзем шукаць гэтыя сляды.

І яны пайшлі шукаць…

На Месячных гарах

За сотню метраў ад таго месца, дзе знаходзіліся падарожнікі, пачыналіся горы. Пачыналіся яны з вялікіх і малых каменняў, якія пераходзілі ў больш вялікія скалы, горныя хрыбты і вяршыні, дасягаючы шасці і болей кіламетраў, гэта значыць, такой самай вышыні, як і на Зямлі. Калі прыняць пад увагу, што Месяц меншы за Зямлю ў пяцьдзесят разоў, то горы яго трэба лічыць надзвычай высокімі. Для жыхароў Зямлі выгляд іх ад вяршыні да падножжа быў самы незвычайны. Мы прывыклі, што каменні і скалы ўнізе пакрыты зямлёй, расліннасцю, што яны закругленыя, а тут ляжалі крушні каменняў, нібы толькі што выламаных у гарах і выгружаных на каменную пляцоўку. Вышэй, дзе на Зямлі мы бачым горныя лясы і лугі, тут былі тыя самыя шэрыя горныя скалы. Яшчэ вышэй, дзе мы прывыклі бачыць снег і лёд, тут былі тыя самыя шэрыя вострыя пікі. І так да самых верхніх пікаў, што дзіўна вырысоўваліся на чорным небе. У беспаветранай прасторы ўсе контуры і дэталі былі відны вельмі выразна і здаваліся зусім блізкімі. Але страшна было падумаць уздымацца на гэтыя горы, дзе вострыя каменні ляжалі ў «свежых» кучах, дзе, здаецца, няма ніякай пляцоўкі, куды магла б ступіць нага чалавека.

Падарожнікі не збіраліся туды ступаць, але на схіле аднаго з хрыбтоў яны зноў убачылі нешта белае. Вядома, яны не маглі не пайсці туды.

Дарога аказалася зусім не такой страшнай, як ім здавалася. Пачалося з таго, што Светазар лёгка скочыў на скалу, як на другі паверх дома. Тое самае зрабіла і Святлана. А потым яны весела «паскакалі» са скалы на скалу і апынуліся ля белага прадмета.

Гэта была… газета! Скамечаная газета на англійскай мове. Відаць, у яе было нешта загорнута, і яна была кінута або згубілася.

— Вось і яшчэ адзін след чалавека, — задуменна сказаў Светазар. — Цяпер ужо мы павінны прызнаць, што чалавек тут ёсць ці быў. Але зразумець, чаму сюды прыляцеў якраз наш знаёмы фермер, ніяк нельга! Што амерыканцы не раз спрабавалі рабіць ракеты, якія маглі б даляцець да Месяца, гэта мы чулі, але пры чым тут наш знаёмы фермер, гэтага ніхто не зразумее. Якім чынам ён раптам ператварыўся ў нябеснага лётчыка?

— Можа, гэта зусім не ён? — няпэўна сказала Святлана. — Можа, картка нейкім чынам трапіла да другога лётчыка?

— Усё, усё можа быць, — з усмешкай сказаў Светазар. — Цяпер я ўжо не здзівіўся б, каб убачыў, што на гэтым камені сядзіць наш дзядуля і ласкава нам усміхаецца. А што будзем рабіць далей? Ці чалавек гэты ішоў зверху ўніз, ці знізу ўверх?

Тым часам яны пачалі адчуваць, што праменні сонца паляць іх нясцерпна. Асабліва пакутавала галава ад «апаратуры», што была на ёй начэплена. Праўда, другі бок у гэты час адчуваў халадок значна большы, чым гэта было б на Зямлі, дзе награецца і паветра. Але і частыя павароты то адным, то другім бокам да сонца мала дапамагалі; прыйшлося шукаць паратунак ад сонечных праменняў у цяньку пад скалой. Пры гэтым трэба было зрабіць некаторыя меркаванні.

Калі сесці там, дзе цень невялікі, то вылучэнне цяпла ад блізкіх распаленых каменняў можа дасягнуць і без паветра. А калі выбраць цень пад вялікай скалой, то навакольная цеплыня без паветра не дасягне, і такім чынам можна знайсці не толькі прахалодную мясцінку, але і зусім халодную, з тэмпературай ніжэй нуля.

Размясціўшыся ў халадку, выбраным па свайму жаданню, брат і сястра абмяркоўвалі становішча і пазіралі на горы. Перад імі ў неба ўздымаліся дзве вяршыні, як вострыя шпілі. Пасярод іх, трохі ніжэй, таксама ўздымаўся шпіль, на ім чамусьці нешта блішчала. Гэта блішчанне прыцягнула да сябе ўвагу і брата і сястры.

— Што там такое? — казалі яны. — Чаго яно там блішчыць? Гэтыя шэрыя скалы нідзе не блішчаць, а там во як зіхацяць.

Сапраўды, зіхаценне было зусім незразумелае, нібы там скала была адпаліраваная. Нават здавалася, што колер там не шэры, як усюды, а сіні. І дзеці вырашылі ісці туды.

Чым бліжэй яны падыходзілі, тым відней было, што блішчыць не скала, а нейкая штучная рэч.

Яшчэ бліжэй падышлі і тады маглі ўпэўнена сказаць:

— Гэта і ёсць тая ракета, на якой прыляцелі людзі з Зямлі.

Можна было ўжо здагадацца, што тут такое адбылося. Пасадка на Месяцы, зразумела, не магла быць арганізавана так, як на Зямлі, і ракета трапіла ў горы, зачапілася за востры шпіль, праламала спод і засела між вострых скал. Задняя частка яе зусім адламалася і звалілася ўніз. Пярэдняя частка, дзе знаходзілася кабіна лётчыка, больш захавалася: яна перахілілася носам уніз і ўперлася ў скалу. Зусім разбурана была сярэдняя частка, якая засела на скале.

Хлопчык і дзяўчынка дабраліся да кабіны. Дзверы яе былі расчынены. Зазірнулі ў сярэдзіну — здаецца, вялікіх разбурэнняў няма. Няма і чалавека. Дзе ён? Можа, забіты зваліўся ўніз? Не, у гэтых мясцінах, куды ён мог зваліцца, — нікога няма. Значыцца, ён сам выбраўся з кабіны і пайшоў уніз. Куды? Пэўна, туды, дзе была знойдзена фатаграфія. Трэба ісці ўніз.

Дзеці выбралі сабе куток у цяньку і селі адпачыць. Нягледзячы на сур'ёзнасць становішча, яны не маглі не залюбавацца той карцінай, якая адкрывалася перад імі з гары. Абсалютная цішыня зачароўвала чалавека, не хацелася ні гаварыць, ні рухацца. Святло было дзіўнае, нейкае бледнае, празрыстае. Выразныя контуры шэрых гор на чорным фоне неба здаваліся «несапраўднымі». Святлана вельмі ўдала сказала:

— Зусім як карціна ў стэрэаскопе.

Сонца здавалася на тым самым месцы, што і раней. Ды і не дзіва: колькі яно магло прайсці за гэтыя гадзіны, калі свеціць на небе цэлыя два тыдні? Мала пасунулася і Зямля. Толькі Амерыка, як можна было заўважыць па паўднёвым яе канцы, была на тым месцы, дзе раней стаяла Афрыка.

Праз некаторы час дзеці адчулі, што пачалі нават мерзнуць. Яны падняліся і сталі спускацца ўніз. Спусціліся трохі далей ад таго месца, дзе пачыналі ўзыходжанне. Тут яны натрапілі на невялікую пячору, а ў ёй убачылі… чалавека!

Ен сядзеў, прытуліўшыся спіной да каменя. У правай руцэ, якая ляжала на зямлі, была дыхальная маска. Відаць, у апараце скончылася паветра, і чалавек, паміраючы, садраў са свайго твару маску.

— Ен! — ціха сказала Святлана.

— Ен! — паўтарыў Светазар.

Так, гэта быў «ён», іхні знаёмы амерыканскі фермер, імя якога яны нават не ведалі. І першая думка ў галовах дзяцей была ўсё тая самая: чаму іменна ён, гэты няшчасны фермер, трапіў на Месяц? І зноў ніякага тлумачэння яны прыдумаць не маглі.

— Што будзем рабіць з ім? — прашаптала Святлана.

— Пахаваць нельга, — адказаў Светазар, — дык замуруем яго, як у склепе. Проста абкладзём каменнем. Ен будзе цалюткі тысячы і мільёны гадоў.

— Чаму? — здзівілася Святлана.

— А хіба ты не ведаеш, што без паветра і без вады ніякі чарвяк, ніякі мікроб, ніякая вільгаць не папсуе цела?

— Ведаю, ведаю, — схамянулася Святлана. Яны пачалі насіць каменні і абкладваць пячору.

Чалавек з Зямлі вельмі здзівіўся б, каб убачыў, што падлеткі цягаюць такія вялікія каменні, якія і самы дужы мужчына не заўсёды мог бы падняць.