Пасля дзеці схаваліся ў сваю машыну, каб перад дарогай адпачыць і падмацавацца, а галоўнае, каб вызваліцца хоць на хвіліну ад свайго абмундзіравання. Пад гэтымі апаратамі пот ліўся з іх бадай-што струменямі, галава кружылася ад гарачыні.
— Другога такога падарожжа я ўжо не вытрымаю, — казала Святлана, выціраючы пот.
Трэба дадаць, што і гэтага, першага падарожжа яны не вытрымалі б, каб не было магчымасці хавацца ў ценю ад якой хочаш тэмпературы.
— А які след мы пакінем на Месяцы? — спытала Святлана.
Светазар падумаў і сказаў:
— Давай з каменняў складзём наш заклік на векі вякоў.
Папрацаваўшы, яны ў апошні раз палюбаваліся казачным краявідам, з хваляваннем паглядзелі на Зямлю ў небе, селі ў машыну, надзелі свае шлемы — і зніклі ў нябеснай прасторы.
А на Месяцы засталіся словы: «Няхай жыве Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ва ўсім Сусвеце на векі вякоў. 18 чэрвеня 1955 года».
…Пасля справаздачы дзеду аб сваім падарожжы ўнукі задалі яму сваё самае «балючае» пытанне: якім чынам звычайны фермер мог трапіць на Месяц?
— Загадка вырашаецца досыць проста, — адказаў дзед. — Людзі даўным-даўно ўжо мараць наведаць свайго бліжэйшага суседа — Месяц. Гэтая мара вельмі наблізілася да сапраўднасці, калі навука падказала, што гэта можна зрабіць з дапамогай ракеты. Пасля таго было многа спроб пабудаваць такую ракету. Рабілі гэта і мы, робяць і Злучаныя Штаты Амерыкі. Асабліва не церпіцца амерыканскім капіталістам: і Месяц хочацца «далучыць» да сябе і рэкламу зрабіць на ўвесь свет. Дзеля гэтага яны нічога не шкадуюць, тым больш жыцця чалавека. Пры сучасным стане тэхнікі некаторыя шанцы дабрацца да Месяца на ракеце ёсць, але вярнуцца назад шанцаў яшчэ няма. Кожны чалавек, які сёння адважыўся б ляцець на Месяц, ляцеў бы на верную смерць. Аднак у Амерыцы знаходзяцца ахвотнікі ляцець.
— Чаму? — вырвалася пытанне ва ўнукаў.
— З гора ды бяды. Асабліва калі з голаду гіне сям'я, як у вашага фермера. Аднаго разу ў Амерыцы было аб'яўлена, што патрабуюцца ахвотнікі ляцець у ракеце на Месяц. Дык такіх ахвотнікаў знайшлося колькі хочаш. За гэта ж абяцалі даць многа грошай. Дык многа людзей, якія не маглі дапамагчы сваёй сям'і ніякім іншым спосабам, вырашылі пайсці на смерць, каб хоць такім чынам выратаваць сям'ю. Да такіх людзей, безумоўна, належаў і ваш знаёмы фермер.
V
НА МАРСЕ
Прайшло колькі часу, і на гэты раз ужо сам дзед узняў пытанне аб новым падарожжы.
— Тое, што вы бачылі на Месяцы, для навукі не з'яўляецца нечым новым. Няхітрая прырода Месяца вывучана намі не горш за прыроду Зямлі. А вось наконт Марса гэтага сказаць нельга. Вучоныя маюць аб ім некаторыя дакладныя веды. Аднак і сярод вучоных ёсць рознагалоссі. А што датычыцца пісьменнікаў, дык у іх зусім разнабой. Так, англійскі пісьменнік Герберт Уэлс паказаў жыхароў Марса такімі разумнымі, што істота марсіяніна ператварылася ў велізарную галаву са шматкілаграмовымі мазгамі, а ўсё цела зрабілася маленькім дадаткам да галавы. Гэтыя марсіяне былі такія бездапаможныя, што самі не маглі ні хадзіць, ні працаваць, а карысталіся спецыяльнымі апаратамі, якія нехта ж павінен быў рабіць. Рускі пісьменнік Аляксей Талстой апісаў падарожжа на Марс інжынера Лося і яго таварыша Гусева. Тут ужо марсіяне паказаны, як нашы людзі, толькі больш кволыя і, па сутнасці, менш цывілізаваныя, чым жыхары Зямлі. Аднак невядома, чаму марсіяне дасягнулі такой тэхнікі, якой не ведаем мы. А самае галоўнае, прырода Марса паказана зусім не так, як гаворыць навука. Напрыклад: па даных навукі, там, нават на экватары, ноччу мароз дасягае сарака пяці градусаў, а марсіяне сядзяць сабе каля сажалкі ў лёгкім адзенні, як у нас улетку. Ды што там казаць, вы і самі чыталі гэтую кнігу. Вось цяпер ёсць магчымасць паглядзець, як там у сапраўднасці. Гэта мяне надзвычай цікавіць. Я магу сказаць, што пасылаю вас у камандзіроўку на Марс.
З дапамогай дзеда ўнукі пачалі падрыхтоўвацца да падарожжа на Марс. Прачыталі ўсю літаратуру аб ім, узялі сваё самае цёплае адзенне, валёнкі, рукавіцы, а таксама дыхальныя апараты. На ўсякі выпадак Светазар узяў яшчэ невялікі рэвальвер-браўнінг. Дзед увесь час даваў ім парады і нарэшце сам адправіў іх у дарогу.
Калі дзеці падняліся ў вышэйшыя слаі атмасферы і неба перад імі стала цёмным, яны ўбачылі маленькую чырванаватую зорку. Гэта і быў Марс.
Ен хутка павялічваўся, стаў як сподак, потым — як Месяц. Раптам падарожнікі адчулі штуршок, адзін, другі, а потым пачулі, нібы каменны град сыплецца на іх машыну. Гэта была невялікая паласа астэроідаў, якія часта сустракаюцца ў нябесных прасторах. Каб машына была зроблена не з фантазіту, а з якога-небудзь больш звычайнага металу, то яна не вытрымала б такіх удараў.
— Вось і ляці тут на звычайнай ракеце!.. — заўважыў Светазар. — Такой бамбардзіроўкі не вытрымаў бы ніякі снарад, апрача нашага фантамабіля.
— Ну, можа, знойдуць другую дарогу, у абход… — адказала Святлана.
Скончылася бамбардзіроўка, а Марс тым часам зрабіўся такі, як Зямля, якую яны наглядалі з Месяца. І тут адразу выявілася асноўная розніца паміж Зямлёй і Марсам: на Марсе ніякія воблакі не засланялі яго выгляду. Так, ужо можна было заўважыць, што большую частку паверхні Марса займае суша, а вада на ёй размясцілася адносна невялікімі азёрамі ці марамі. Толькі ў адным месцы, ля краю дыска, можна было заўважыць водную прастору, якая нагадвала наш акіян, ды і то не больш за Індыйскі. Але пакуль што з гэтага нельга было рабіць канчатковы вывад аб размеркаванні вады і сушы на Марсе, бо заставалася яшчэ невядомай другая палова яго.
Вельмі выразна відаць быў адзін з полюсаў Марса, на вялікай плошчы пакрыты снегам ці лёдам. А процілеглы полюс, нахілены да Сонца, быў не белы, а цьмяны. Значыцца, тут было лета.
— Давай сюды і апусцімся, — прапанавала Святлана.
Светазар моўчкі кіўнуў галавой — і яны апусціліся на Паўночны полюс Марса. Адчынілі дзверы сваёй кабіны і адразу адчулі, што ім не хапае паветра. Ды і не дзіва: на Марсе бадай такое самае разрэджанае паветра, як на вяршыні Эверэста, гэта значыць, на вышыні васьмі кіламетраў. На такой вышыні, як вядома, без дадатковага кіслароду чалавек жыць не можа, і нашым падарожнікам прыйшлося адразу ж надзяваць дыхальныя апараты, як тады, на Месяцы. Святлана гатова была плакаць ад прыкрасці.
— Каб ведала, не ехала б сюды, — скардзілася яна. — Гэта ж пакута ўвесь час хадзіць з такой рэччу на галаве.
— Хочаш не хочаш, а дзедаву камандзіроўку мы павінны выканаць, — сказаў Светазар, прымацоўваючы маску. — Добра ўжо і тое, што мы чуем адно аднаго і што не трэба надзяваць на галаву другі апарат.
Выйшлі яны з машыны, азірнуліся навакол, і так маркотна ім зрабілася, хоць плач.
Марс знаходзіцца ад Сонца ў сярэднім на сто мільёнаў кіламетраў далей, чым Зямля, і атрымлівае ад Сонца ў два разы менш святла і цяпла. Таму на Марсе паўдзённы сонечны час нагадвае наш паўзмрочны вечар. І ўжо ад аднаго гэтага падарожнікам зрабілася паўзмрочна на сэрцы.
Пад нагамі ў іх была заледзянелая зямля ў тым стане, у якім яна бывае пры нулі градусаў, мокрая, безжыццёвая. І ў такім стане яна тут застаецца, па нашаму часу, каля года, а па-марсаўскаму гэта будзе каля паўгода, бо марсаўскі год роўны нашым двум гадам19.
Усё лета вада патрошку сцякае з полюса і часта прыпыняецца, калі тэмпература не падымаецца вышэй нуля. Усё гэтае паўгоддзе, а па-нашаму год, тут, вядома, свеціць Сонца, якое на Марсе куды меншае, чым на Зямлі.
— Ну што ж, — сказала Святлана, — на полюсе нічога добрага і не можа быць, паедзем пад экватар.
Яны селі ў машыну і накіраваліся на Поўдзень. Спачатку ехалі павольна, прыглядаючыся да мясцовасці. Але прыглядацца не было да чаго — усё тая ж голая прамерзлая зямля. І тады яны адразу «пераскаквалі» на сотні кіламетраў.
Нарэшце яны даехалі да такога месца, дзе Сонца схавалася за гарызонтам. Гэта быў Палярны круг, які на Марсе знаходзіцца пад шэсцьдзесят пятым градусам шырыні. На Зямлі, як вядома, пад шэсцьдзесят шостым з паловай градусам; розніца невялікая, але на прыродзе гэтая розніца надта вялікая. На Зямлі тут знаходзіцца тундра, расце значная колькасць палярнай расліннасці, сустракаюцца птушкі, жывёлы, у рэках і марах ёсць рыба, а тут нічога падобнага не відаць. Сонца тут хаваецца ненадоўга: ноч, як і на Зямлі, працягваецца спачатку некалькі мінут, потым, па дарозе на Поўдзень, усё болей і болей, пакуль на экватары не дасягне роўна паловы сутак. А гэтая палова на Марсе будзе мець дванаццаць гадзін ды яшчэ каля дзевятнаццаці мінут. Зноў розніца з Зямлёй невялікая, але розніца ў тэмпературы яшчэ большая.
19
Дакладней: марсаўскі год, або шлях Марса вакол Сонца, змяшчае ў сабе нашых шэсцьсот восемдзесят сем дзён.