Выбрать главу

Як толькі схавалася сонца, знадворку пачалася зіма, сапраўдная зіма, мусіць, градусаў на дваццаць. Хоць нашым падарожнікам у машыне не было холадна, ім абрыдла такая ноч, і яны перанесліся ў Паўднёвае паўшар'е, дзе ў гэты час быў дзень. Але зноў бяда: тут у гэты час была зіма і мароз такі самы быў удзень, як там уначы.

— Дзе ж тады знайсці больш утульны куток? — раіліся падарожнікі.— Пэўна — на экватары.

Апусціліся на экватары. Ноч ужо канчалася, але за начны час зямля так астыла, што і тут перад узыходам сонца тэмпература апусцілася да сарака пяці градусаў. Такім чынам, падарожнікі пабывалі ў трох розных пунктах Марса і нідзе не знайшлі тэмпературы вышэй нуля.

— Цікава, — бурчалі яны, — дзе тут могуць жыць звышкультурныя марсіяне? Дзе тут знаходзіцца выдатная сталіца іх Саатэра? Дзе тут могуць быць іхнія шахты, фабрыкі, заводы? Тут нават іхняй жывёліне «хашы» няма як пражыць. Давай пераляцім на другі бок экватара, дзе цяпер павінна быць трапічная гарачыня.

Першыя жывыя істоты

Яны паляцелі насустрач сонцу. Вылецеўшы на святло, сцішылі ход машыны і пачалі пільна прыглядацца да паверхні, часам зніжаючыся да самай зямлі. «Трапічны пояс» на Марсе быў незвычайны. Там, дзе толькі што ўзышло сонца, усюды бялеўся іней, а дзе была вада — лёд. Дзе Сонца было высока над галавой, там іней растаў, а лёд у вадаёмах рабіўся ўсё танейшым і танейшым.

— Пакуль ён растане, — засмяялася Святлана, — прыйдзе ноч, і вадзе зноў давядзецца замярзаць.

Які ж быў там краявід? На гэтае пытанне вельмі трапна адказала Святлана:

— Тундра!

Сапраўды, краявід больш за ўсё нагадваў тундру. Лясоў ніякіх не было відаць, калі не лічыць прыціснутых да зямлі нейкіх кустоў ці дрэў без лісця. Уся іншая прастора пакрыта мохам ці раслінай, вельмі падобнай да нашага моху. Сярод гэтага моху прасвечвала вада то ў выглядзе балота, то лужын, то сажалак, якія ланцугом цягнуліся на Поўнач. Такія балоцістыя лагчыны часам змяняліся якім-небудзь нагор'ем, у выглядзе плато, то горнымі хрыбтамі, якія вельмі нагадвалі Месячныя горы, бо і на Марсавых гарах не было ніякай расліннасці, не было нават снегу. Затым зноў ішла лагчына з балотцамі і мохам. Ніводнай ракі пакуль не заўважылі, але можна было прасачыць, што балоты, азёры і зялёныя лагчыны, як нітачкай, злучаліся вузенькім ручайком. Можа, гэта і была тая вада, якая выцякала струменьчыкамі з Паўночнага полюса?!

Калі фантамабіль дайшоў да гэтага месца, пасажыры прызямліліся, каб не сказаць — «прымарсіліся».

— Вось тут павінен быць самы гарачы пункт на Марсе, — сказаў Светазар. — Вылазь, пагрэемся.

Пагрэцца сапраўды можна было, бо тэмпература дасягала градусаў дваццаці цяпла. Але для тропікаў гэта было не надта многа.

Высадзіліся яны на камяністай сухой мясцовасці. Большасць тэрыторыі Марса складалася з такой пустыні.

— Ніводнай раслінкі і ніводнай казяўкі…— прамовіла Святлана, прысеўшы на зямлю.

— Як ім затрымацца, калі ноччу прыціскае страшэнны мароз! — адказаў Светазар. — Наогул недарэчная краіна. Зусім незразумела, чаму гэта нашы людзі насялялі яе звышразумнымі істотамі. Давай спынімся лепш ля таго возера.

Далёка на гарызонце паблісквала на сонцы досыць значнае возера. Яны пад'ехалі да яго, але блізка даступіцца не маглі: усе подступы былі балоцістыя. Направа было сушэй, тут пачыналіся ўзгоркі, а за імі ўздымаліся горы. Налева ад возера ішла вялікая раўніна, пакрытая той самай тундравай расліннасцю, якую падарожнікі наглядалі зверху.

Яны пайшлі туды, каб прыгледзецца да гэтай зеляніны бліжэй. Нахіліліся і ўбачылі, што галоўная маса раслін — гэта не мох, а нібы парасткі хвоі, нібы маленькія сасонкі. Толькі галінкі раслі не ў бакі, а прыціскаліся да сярэдзіны, ігліцы таксама прыціскаліся да сцяблінак і пакрывалі іх, нібы поўсцю.

— Кактус нейкі, ці што? — заўважыла Святлана.

— Мы назавем гэта палярным кактусам, — сказаў Светазар.

— Мы маем права даваць назвы ўсяму, што ўбачым першымі.

Пад гэтымі кактусамі туліліся яшчэ расліны, больш падобныя да моху. Раптам у паветры пачуўся свіст, як быццам нехта моцна махаў пугаю. Глянулі — ляціць птушка. Першая жывая істота! Яна толькі што ўзнялася з балота і ляцела да гор, марудна, нязграбна. Кідалася ў вочы, што крылы яе надта вялікія, доўгія, а цела пакрыта не пер'ем, а поўсцю.

— Дзе ж яна сядзіць у начныя маразы? — зацікавілася Святлана.

— Ды, мусіць, у гэтых гарах, — адказаў Светазар. — Там знойдуцца такія норы, куды ніякі мароз не дабярэцца. А крылы такія доўгія яна павінна мець таму, што, як бачыш, паветра тут рэдкае, і ёй абаперціся на яго вельмі цяжка.

— А чым яна жывіцца?

— Трэба думаць, што ў балоце водзяцца якія-небудзь жывёлінкі,— тлумачыў Светазар, — можа, якія-небудзь жабы ці рыба. Яны могуць ноч перажыць і пад лёдам. Шкада, што мы не можам падысці бліжэй да вады.

— Глядзі, глядзі! — закрычала Святлана. — Па тым беразе нехта ідзе.

— Дзе? Хто?! — усхапіўся Светазар.

З правага боку па беразе возера ішла, матляючы галавой, жывёліна, падобная на белага мядзведзя, толькі шэрая. Апрача таго, галава гэтай жывёліны больш была падобна да галавы малпы, чым мядзведзя. Іншыя асаблівасці здалёк нельга было разгледзець.

Але самым цікавым было тое, што на спіне яе была нібы вязанка галля. Мала таго, можна было заўважыць, што гэта былі дзве вязанкі, звязаныя разам і перакінутыя праз спіну, як у нас часам нагружаюць каня, а часцей за ўсё мула. У падарожнікаў захапіла дух.

— Значыцца, гэта мядзведзь хатні…— прашапталі яны. — Значыцца, тут недзе ёсць людзі.

Іх ахапіла такая цікаўнасць, што па ўсім целе пайшлі нервовыя дрыжыкі. Людзі!!! Сапраўдныя марсіяне! Якія яны?.. Як яны жывуць у гэтых незвычайных умовах?.. Ці можна будзе з імі мірна пазнаёміцца? І многа падобных пытанняў закружылася ў галовах нашых падарожнікаў.

Мядзведзь тым часам падышоў да ўзгоркаў і знік за імі. Падарожнікі ўвесь час сачылі за ім і паварочваліся ў той бок, куды ён ішоў. Калі ён знік, яны якраз глядзелі ў той бок, дзе стаяла іх машына, і некалькі хвілін не заўважалі, што яе ўжо няма.

Незвычайныя сябры

Такога крыку, які вырваўся ў дзяцей, не чулі не толькі на Марсе, але, мусіць, і на Зямлі. Не толькі ў Святланы, але і ў Светазара паліліся з вачэй слёзы. Хлопчык на гэты раз зусім забыўся, што ён «мужчына». Яны пабеглі да таго месца, дзе стаяла машына. Перш за ўсё звярнулі ўвагу, што вакол яе былі не чалавечыя сляды, а мядзведжыя. Няўжо мядзведзі ўгналі машыну? Калі тут мядзведзі такія разумныя, то якія ж разумныя павінны быць людзі?!

Сляды колаў вялі да тых узгоркаў, дзе знік заўважаны імі мядзведзь. Значыцца, там жыло іх некалькі. Як жа цяпер ісці ў логава мядзведзяў па машыну? Праўда, у Светазара за поясам быў браўнінг, але нідзе яшчэ не было чуваць, каб паляўнічы ішоў у бярлогу мядзведзяў з маленькім рэвальверам. Тым больш калі паляўнічы меў усяго пятнаццаць гадоў. Смяротны жах сціснуў сэрцы падарожнікаў. Вечар, хутка зойдзе сонца, пачнуцца маразы, і яны застануцца на голай зямлі… пад адкрытым небам… Якая жахлівая смерць!.. Светазар нахмурыў бровы, узяў у рукі рэвальвер і сказаў:

— Усё роўна смерць, дык лепш загінуць у баі. Развітаемся, сястрычка. — І ён нахіліўся, каб яе пацалаваць.

Але яна запратэставала:

— Не, не, і я з табой пайду.

— Ды чым жа ты дапаможаш?