— Калі прыйдзецца, то загінем разам, але адна я тут не застануся.
І яны ціхенька пайшлі па слядах машыны. Вось ужо і ўзгоркі, за якімі нешта павінна быць. След колаў абмінуў адзін узгорак, за ім — нічога; след пайшоў да другога, там — нібы ўваход у пячору. Але таксама — нікога не відаць. След пайшоў далей, да падножжа гары. Адтуль чуўся шолах і ціхія глухія гукі.
Светазар даў знак сястры, лёг сам на зямлю і зазірнуў наперад. Святлана бачыла, як ён са страхам адхіснуўся, але потым зноў стаў напружана глядзець. Дзяўчынка аж млела ад цікаўнасці і таксама стала высоўваць наперад галаву.
Яна ўбачыла бок гары, у якой відаць быў уваход у пячору. Перад уваходам стаяў фантамабіль, а вакол яго было не менш дзесятка мядзведзяў. Адны з іх хадзілі вакол машыны, краталі яе лапамі, другія сядзелі на задніх лапах і ўважліва разглядалі дзіўную рэч. Іх малпавыя морды здаваліся сур'ёзнымі, свядомымі.
Час ад часу яны буркалі, нібы нешта казалі адзін аднаму. Наогул гэтыя марсіяне стваралі мірнае ўражанне. Але як да іх падступіцца? Ці страляць адразу?.. Ці напалохаць як-небудзь?..
Светазар выбраў апошні варыянт. Ен шапнуў сястры:
— Мы раптам выскачым і пачнём махаць рукамі, шумець, крычаць з усяе сілы. А я буду страляць уверх. Памятай, што ад твайго крыку і страшэннага выгляду будзе залежаць тваё жыццё.
Яны так і зрабілі. Светазар грозна замахаў рэвальверам і страляў уверх. Рэха павялічыла грукат у шмат разоў. Святлана не толькі махала рукамі, а яшчэ і падскаквала. Крычала яна так, нібы мядзведзі ўжо душаць яе.
Такі незвычайны канцэрт, вядома, уразіў мядзведзяў, але цяжка было сказаць, ці больш яны напалохаліся, ці больш здзівіліся. Дзве белыя, кволыя істоты не здаваліся ім магутнай сілай, але нечаканасць і незвычайнасць збянтэжылі мядзведзяў, і яны задам пачалі адступаць да ўвахода ў пячору.
Тады падарожнікі падбеглі да машыны, хуценька селі ў яе.
— Ура! Цяпер усё ў парадку! — крыкнуў Светазар.
Ім зрабілася так лёгка на сэрцы, такая радасць ахапіла іх, што і ўцякаць не хацелася. Таму яны і шлемаў на галаву не надзявалі. З задавальненнем знялі дыхальныя апараты і лёгка дыхалі «сваім уласным», зямным паветрам.
— Цяпер мы можам і пасядзець тут, адпачыць ды паглядзець, што будуць рабіць гэтыя марсіяне! — радаваліся дзеці.
А мядзведзі, убачыўшы, што ўсё стала ціха і спакойна, зноў пачалі набліжацца да машыны. Ціха, асцярожна пасоўваліся яны і нарэшце зноў акружылі машыну. На гэты раз ім нават цікавей было разглядаць не толькі машыну, але і пасажыраў у ёй.
Спачатку Святлане вельмі страшна было, калі побач з ёю да шкла прыціскаўся брыдкі твар, але выраз гэтага брыдкага твару быў такі лагодны, такі спакойны, міралюбны, што страх паступова знікаў, і замест яго з'яўлялася нешта падобнае да сімпатыі.
Мядзведзі ўсё прыціскаліся да шкла, нібы хацелі нешта сказаць. Часам гукі іх як быццам нагадвалі словы. Напрыклад: «гля… гу… ма… зы».
— Слухай, — звярнулася Святлана да брата, — з іхніх гукаў, здаецца, выходзяць нейкія склады. Можа, гэта іхняя мова? Мы ж ведаем, што ўсе жывёлы разумеюць гукі сваіх братоў, усе яны маюць нібы сваю мову. Вось і ў іх ёсць нібы свая мова. А калі так, то гэтыя гукі-склады маюць свой сэнс, а значыцца, у галаве ў іх з'яўляюцца вобразы таго, аб чым яны думаюць. Ну, а мы ж маем апарат, які ўспрымае такія вобразы і перадае нам.
Светазар аж зарагатаў ад задавальнення.
— А можа, і сапраўды можна будзе з імі пагаварыць? Вось будзе пацеха!
Яны хутка надзелі свае шапкі-перадатчыкі і пачалі прыслухоўвацца.
— Чуеш? — прашаптала Святлана. — Я чую, нібы мяне пытаюць: «Адкуль?»
— І я таксама чую, — стрымліваючы дыханне, адказаў Светазар. — Так, гэта іхняе пытанне. Зараз ім адкажам.
Ён націснуў кнопку перадатчыка і крыкнуў:
— Мы з неба! — і ў дадатак падняў руку ўгару: — Мы адтуль.
І зараз жа ўсе мядзведзі паваліліся на зямлю тварамі ўніз і замерлі.
Аднак ці маем мы права называць гэтыя стварэнні мядзведзямі? Толькі агульны іх выгляд нагадваў мядзведзяў, а галава, як мы бачылі, была малпавая, гэта значыць, набліжалася ўжо да чалавечай. Выраз іх твару і паводзіны яшчэ больш набліжалі іх да свядомых істот. Поўсць таксама адрознівалася ад мядзведжай: яна была сінявата-шэрая і мяккая. Заўважалася, што яны больш любілі сядзець на задніх нагах, чым стаяць на ўсіх чатырох. І нарэшце пярэднія ногі значна адрозніваліся ад мядзведжых: пальцы на іх былі доўгія, здольныя самастойна згінацца. Не, гэта былі не мядзведзі! А хто?..
Убачыўшы, што «мядзведзі» зразумелі яго словы і нават упалі перад імі ніцма, Светазар сказаў Святлане:
— Няма чаго баяцца, выйдзем да іх.
Калі яны выйшлі, «мядзведзі» паднялі галовы і селі. Светазар падышоў да аднаго з іх, тыцнуў пальцам у грудзі і, паказаўшы рукой на другіх, спытаў:
— Вы хто?
Пытанне дайшло. У адказ пачулася:
— Яхі… яхі… яхі…
— Яхі, значыцца, яхі. Добра, — сказаў Светазар і, паказаўшы пальцам на сябе і на Святлану, прадставіўся: — А мы — людзі. Разумееце? Людзі. Лю-дзі, лю-дзі.
Яхі паўтарылі:
— Лю… лю… — а на далейшае ў іх не хапіла здольнасці.
— Хай будзе «лю», — згадзіўся Светазар. — Для пачатку хопіць і гэтага. Значыцца, будзем знаёмымі.
І ён працягнуў руку да рукі яха. Той, вядома, не зразумеў, чаго хоча гэты «лю», і боязна глядзеў у вочы. Хлопчык абедзвюма рукамі ўхапіў лапу яха і стаў яе трэсці, а той не ведаў, што рабіць, і нарыхтаваўся быў уцякаць. Але, на яго шчасце, Светазар пакінуў яго руку і ўзяўся за суседаву. Так ён абышоў бадай усіх яхаў.
Святлана не адважылася на такое блізкае знаёмства. Яна толькі вельмі ласкава ўсміхалася ім.
Дружба была наладжана. Можна было зайсці і ў хату да новых сяброў. Госці не чакалі запрашэння: па шчырых тварах яхаў было відаць, што яны будуць вельмі рады, калі да іх зойдуць пасланцы з неба.
Увайшлі ў пячору. Пачыналася яна са шчыліны між дзвюма скаламі, потым заварочвала ў бакі і ішла зігзагамі. Зрабілася зусім цёмна, але гаспадары адчувалі сябе тут, як на сонцы.
Раптам прамень святла прарэзаў цемру — гэта Светазар уключыў электрычны ліхтарык. Падзямелле напоўнілася незвычайнымі гукамі: тут былі і крыкі страху, і здзіўленне, і захапленне, і глыбокія ўздыхі. Усе твары яхаў павярнуліся да хлопчыка. Ен стаяў, падняўшы руку з ліхтарыкам, і цешыўся эфектам.
— Ну, ідзём далей, таварышы! — сказаў ён яхам. — Супакойцеся. Нічога асаблівага тут няма — звычайны электрычны ліхтарык…
Але яхі не зводзілі з яго вачэй, і ён вымушаны быў пайсці наперад. Каб не адстаць, сястра ўчапілася за яго руку. Праз некаторы час пячора звузілася і знізілася так, што засталася толькі адтуліна.
— Ну, браточкі, паказвайце дарогу! — звярнуўся да яхаў Светазар.
Яхі адзін за адным палезлі ў адтуліну.
— Я баюся! — сказала Святлана, прыціскаючыся да брата.
— Цяпер ужо няма чаго баяцца, — адказаў ён. — Яны ж цяпер самыя лепшыя нашы сябры. А паглядзець, як яны жывуць, мы абавязаны: трэба будзе дзеду даваць справаздачу.
Яны пралезлі праз адтуліну апошнімі.
— Вельмі добра зроблена! — пахваліў Светазар, паказваючы на адтуліну. — Гэтак і марозу цяжэй дабрацца сюды.
Святлана звярнула ўвагу на вязанку моху, якая ляжала каля адтуліны. Ахапак гэты быў не выпадковы, а звязаны ды скручаны, каб не разматаўся.
— Эге! — усклікнуў Светазар. — Ды гэта ж спецыяльна зробленая затычка на ноч! Выбачайце, грамадзяне, я зусім не думаў, што вы дасягнулі такіх поспехаў.
Трэба сказаць, што «грамадзяне» не звярнулі ўвагі на яго словы, бо ўся іх увага была накіравана на прамень ад ліхтарыка. Гэты прамень «зайчыкам» бегаў па сценах пячоры ад кожнага руху Светазара, і яхі кожны раз паварочваліся да яго, а некаторыя нават рабілі спробу ўхапіць прамень.
Пячора, у якой яны знаходзіліся, была досыць вялікай і высокай, а ўверсе была адтуліна, праз якую відаць было сонечнае святло.
— І вентыляцыя ёсць! — задаволена сказаў Светазар. — Выходзіць, што і ў самых невыносных умовах можна прыстасавацца да жыцця.