— Але жыццё гэтае ўсё роўна застаецца нязносным, — сказала Святлана. — Уяві сабе, што нам трэба кожны вечар, пасля некалькігадзіннага лета, рыхтавацца да зімы, што мы павінны быць у гэтай пячоры, што мы не маем ні цяпла, ні святла, што мы павінны жывіцца толькі гэтымі палярнымі кактусамі, што мы…
Светазар замахаў рукамі і закрычаў:
— Не, не! Не хачу ўяўляць, я і так разумею іх. Але я не бачу ніякіх адзнак таго, што яны тут жывуць; гэтае памяшканне, відаць, служыць ім параднай залай. Пашукаем, дзе яны спяць.
Між скал знайшлося некалькі праходаў, за якімі было многа калідораў і закуткаў, дзе і размясціліся спальні яхаў. Адзіным абсталяваннем гэтых спальняў былі ахапкі сухога моху. Убачылі дзеці тут і тыя вязанкі галля, што нёс на спіне ях. Гэта быў палярны кактус, які служыў «хлебам» для яхаў. Сустракаліся і сухія сцяблы кактуса. Светазар узяў іх у рукі і сказаў Святлане:
— Гэта штука смалістая і павінна добра гарэць. Паколькі мы зрабіліся іхнімі шэфамі, то трэба пазнаёміць іх з агнём. — Ен спыніўся пасярэдзіне залы і крыкнуў: — Таварышы яхі, сюды, бліжэй! Глядзіце ўважліва, што мы вам пакажам. Вы, небаракі, не ведаеце яшчэ, што такое агонь. А без агню наогул ніякага жыцця не можа быць. Дык вось, глядзіце і слухайце ўважліва.
Наўрад ці зразумелі слухачы гэтую ўрачыстую прамову, але ўсе яны падышлі зусім блізка, селі на заднія лапы і глядзелі на прамоўцу вельмі ўважліва. Светазар пагасіў ліхтарык. Усе яны войкнулі, нібы іх раніла страла.
— Пачакайце, пачакайце, — супакоіў Светазар. — Зараз будзе вам другі агонь.
Хлопчык выняў з кішэні карабок запалак, прысеў на зямлю і запаліў агонь. Зноў адгукнуліся ўсе яхі, толькі ўжо задаволена. Светазар падлажыў запалку пад кавалкі сухога кактуса; агеньчык заскакаў, затрашчаў як жывы. Публіка яшчэ больш зашумела, загаманіла. Сярод гоману выразна вылучалася слова «го». А Светазар і Святлана праз перадатчыкі зразумелі сэнс гэтага слова: «агонь!»
— Яны ўжо ведаюць агонь! — крыкнула Святлана.
— Выходзіць, што так, — збянтэжыўся Светазар. — Чаму ж тады ніякага следу агню няма?
Агонь павялічваўся, трашчаў усё больш і больш, асвятляў усю пячору, і паступова яхі пачалі адчуваць яго цеплыню. Найвялікшае задавальненне свяцілася на іх тварах. Выраз іх усё больш і больш адыходзіў ад жывёльнага. Вочы загарэліся чалавечай радасцю.
— Таварышы! Ды вы ўжо гатовы засмяяцца! — закрычаў Светазар. — Давайце разам. Ну, раз… два… тры!..
Светазару і Святлане стала смешна ад гэтай каманды, што яны самі зарагаталі так, як ніколі яшчэ не смяяліся ў сваім жыцці.
Усё гэта разам разварушыла яхаў, на іх тварах таксама засвяціліся ўсмешкі…
Толькі бліжэйшы сусед Святланы, вельмі падобны да тых мішак, якія на Зямлі прадаюцца ў магазінах, глядзеў сур'ёзна, як стары. Святлана не ўстрымалася і прытуліла яго да сябе. Ен са здзіўленнем паглядзеў на яе, але не засмяяўся. Замест яго засмяяліся яшчэ раз. яго бацькі і дзядзькі.
— Дык адкуль усё-такі вы ведаеце агонь? — звярнуўся Светазар да яхаў, нібы да зусім разумных істот.
Старэйшы з іх зразумеў сэнс пытання. З яго мармытання Светазар і Святлана праз свае перадатчыкі выявілі такі сэнс:
— Даўно-даўно… бацькі… дзяды…
— Усё ясна! — сказаў хлопчык сястры. — Відаць, у іх ёсць паданне, што калісьці продкі іх мелі агонь, ды страцілі. Мусіць, гэта было шмат тысяч гадоў назад. Ды яно і зразумела: якім чынам захаваеш тут агонь, калі ніякага паліва няма, апрача гэтых няшчасных кактусаў, якіх, можа, і на ежу не хапае.
— У такім разе, — з жалем сказала дзяўчынка, — можа, замест карысці мы зрабілі ім шкоду. Калі ў іх не хопіць паліва і яны зноў страцяць агонь, то гэта будзе для іх такім няшчасцем, якога яны не перажывуць.
Светазар мог толькі сурова сказаць:
— Мы не можам пільнаваць іх агонь. Хай самі змагаюцца за яго і за жыццё. Нашы продкі не мелі такіх шэфаў, як мы з табой, але давялі да нас нават і такі агонь, як у гэтым ліхтарыку. А цяпер, таварышы, папрактыкуемся. — Ен узяў за плячо аднаго старога яха, паказаў на агонь і сказаў: — Агонь хоча есці. Разумееце? — Для большай пераканальнасці ён узяў кавалак кактуса і сунуў сабе ў рот. Потым палажыў гэты кавалак на агонь. Агонь ажывіўся, забегаў, затрашчаў. Тады Светазар сунуў кактус у рукі яха і паказаў, каб той зрабіў тое самае.
Ях нязграбна адламаў кавалак кактуса і сунуў яго ў агонь, але так няўдала, што апёк сабе руку і пачуўся пах смажанай поўсці. Ях закрычаў і кінуўся ўцякаць. А за ім і іншыя. Усе кінуліся да адтуліны і пачалі праціскацца праз яе.
— Стойце! Стойце! — закрычалі Светазар і Святлана, са смехам пабеглі да іх і пачалі цягнуць назад.
Убачыўшы, што нябесныя госці смяюцца, яхі трохі супакоіліся і асцярожна вярнуліся назад. Светазар зноў пачаў навучанне.
— Бачыце, нічога страшнага няма. Трэба толькі асцярожна, вось так.
Зноў ён стаў паказваць, зноў прапанаваў яху зрабіць тое самае. Пасля адпаведнай трэніроўкі быў нарэшце падрыхтаваны на Марсе першы спецыяліст па падтрыманні агню.
— Ну, цяпер мы спакойна можам ехаць далей, — сказаў Светазар. — А вы бывайце здаровы, жывіце багата. Шкада нам вас, але нічога не зробіш, няўдалую планету выбралі вашы продкі. Але нічога, можа, калі-небудзь мы здолеем перасяліць вас да сябе, а то на вашым Марсе, як відаць, ніякай цывілізацыі не зробіш.
Яхі слухалі яго развітальную прамову з такім выглядам, нібы ён казаў ім найпрыемнейшыя рэчы. А калі госці накіраваліся да выхада, гаспадары трохі занепакоіліся і пайшлі ўслед. Светазар, убачыўшы, што кіраўнік агню таксама ідзе, раззлаваўся, схапіў яго за руку і пацягнуў назад, да агню, і прачытаў яму яшчэ адно строгае павучанне. Ях зразумеў і застаўся ля агню. Калі выйшлі з пячоры, сонца ўжо садзілася. Госці селі ў сваю машыну і з палёгкай знялі дыхальныя маскі і шапкі. Для яхаў адбыўся яшчэ новы цуд: іхнія госці ператварыліся ў іншых, новых «лю»…
На дварэ пачыналася зіма, хоць дванаццацігадзінная, але лютая зіма.
— Што ж мы цяпер будзем рабіць? — спытала Святлана. — Можа, паспім тут седзячы?
— Калі і паспім, то ні ў якім разе не тут, бо нашы прыяцелі замерзнуць, стоячы ля нас, — адказаў брат. — Лепш перанясёмся туды, дзе светла. Можна, напрыклад, накіравацца на захад і дагнаць сонца, а потым ехаць следам за ім. Такім чынам мы можам зрабіць сабе вечны дзень, а значыцца, і вечнае лета.
— Тутэйшае вечнае лета я не памяняла б на адзін наш летні дзень, — зазначыла Святлана.
Яны крануліся з месца і панесліся наўздагон Сонцу. А бедныя яхі доўга стаялі на месцы і сумна глядзелі на неба. Толькі мароз прымусіў іх вярнуцца ў сваю пячору.
Сонца падарожнікі дагналі хутка і апынуліся ў тым самым вечары, які толькі што пакінулі. Гэта было прыблізна шэсць гадзін. Потым стала пяць гадзін, чатыры, тры і нарэшце поўдзень.
— Выходзіць, што мы сталі на шэсць гадзін маладзейшымі,— засмяялася Святлана.
— Правільна! — пацвердзіў Светазар. — Калі хочаш, можам і спыніць наш узрост. Калі сёння, скажам, 12-га ліпеня, едучы за сонцам, мы заўсёды будзем мець гэты самы дзень, хоць гадоў і болей.
— Каб выканаць дзедаву камандзіроўку, — напомніла сястра, — нам трэба азнаёміцца не толькі з экватарыяльнай паласой, а і з сярэдняй. Давай заглянем туды. Толькі не на Поўдзень: там цяпер лютая зіма.
Яны павярнулі на Поўнач. Зноў пачаліся знаёмыя карціны: тыя самыя даліны з ланцугамі азёр і балот, тыя самыя голыя горы, тыя самыя пустыні. Розніца была толькі тая, што пустыні займалі больш месца, а зеляніна ўсё менш і менш. Ды як магло быць іначай? На экватары толькі ноччу была зіма, а тут у дадатак была яшчэ «законная» зіма, якая цягнулася (па нашаму часу) каля года, ды яшчэ з марозам пад восемдзесят градусаў.
— Ці жывуць тут яхі? — задавалі сабе пытанне падарожнікі. Але як ні прыглядаліся яны, ніякіх адзнак жыцця не заўважалі. У адным месцы яны ўбачылі мясцовасць, якая вельмі нагадвала тую, дзе жылі яхі. Апусціліся сюды, прыгледзеліся да расліннасці і пераканаліся, што гэта зусім не тыя палярныя кактусы, што былі на экватары, а драбнюткі мох, які зусім урос у зямлю. Слядоў жывых істот нідзе не было.