Яны зноў вярнуліся на экватар і паляцелі далей на захад. Пасля толькі што бачанай карціны тутэйшая прырода здавалася ўжо «раскошнай».
Машына абагнала сонца і прыляцела «ў раніцу». І вось далёка наперадзе заблішчэла неабсяжная прастора вады.
— Мора! Мора! — узрадавалася Святлана.
— Не надта радуйся, — адказаў ёй брат. — Невядома яшчэ, якое яно тут. Можа, такое самае нялюдскае, як і ўсё, што знаходзіцца на гэтай планеце. Давай паглядзім спачатку, якое яно, ці вялікае, ці глыбокае.
Велічыня аказалася нішто сабе — прыблізна як Індыйскі акіян. Глыбіня, якую так добра наглядаць з вышыні, была таксама немалой. Таму мора не паспявала замерзнуць за ноч. Лёд быў толькі па берагах. Ен пачынаў ужо раставаць: пасля паўдня ён знікне, а праз ноч зноў з'явіцца.
Была раніца. Марозная ноч толькі што скончылася. Уся зямля была мёрзлая. Замерзла і вада ля нізкіх берагоў і астравоў. Але ў глыбокіх месцах вада не замерзла, там хадзілі хвалі. Аднак, у параўнанні з зямнымі, гэтыя хвалі былі зусім невялічкімі, бо на Марсе няма ўмоў для моцных вятроў — няма вялікай розніцы тэмператур. Можна думаць, што пустыні, якіх на Марсе так многа, павінны моцна награвацца, але гэтае «моцна», як мы ведаем, на экватары дасягае толькі дзесяці — дваццаці градусаў, а далей — усяго да некалькіх градусаў. А калі дадаць да гэтага разрэджанасць паветра, якое не можа насіць цяжкіх дажджавых хмар, то будзе зразумела, чаму на Марсе не бывае вялікіх вятроў, воблакаў, дажджоў. Вось чаму над Марсам бадай заўсёды чыстае неба. Тая невялікая колькасць пары, якая ўсё ж такі ствараецца над паверхняй, большай часткай застаецца над ёй у выглядзе туману і хутка зноў асядае. Можна сказаць, што на Марсе вада «мясцовая», якая не выходзіць далёка за межы свайго раёна. Таму нашы падарожнікі не бачылі тут значных рэк, для якіх патрэбна сталае і багатае забеспячэнне вадой.
Пераляцелі на другі бок акіяна. Ен быў гарысты, адсюль пачыналіся горныя хрыбты. У адным месцы да берага выходзіла глыбокая даліна. Маленькая рачулка цякла па ёй. Сонечныя праменні награвалі даліну і навакольныя скалы. Небагатая цеплыня, якую давала Сонца, сабіралася ў гэтай даліне і падымала тэмпературу вышэй, чым у іншых месцах. Аб гэтым сведчыла і расліннасць. Апрача кактусаў тут можна было заўважыць і нешта падобнае на траву; мох таксама быў больш багаты. Усё гэта падарожнікі заўважылі, калі апынуліся на беразе рачулкі.
— Гэта, мусіць, і будзе самае лепшае месца на Марсе, — з усмешкай сказала Святлана.
— Паглядзім, паглядзім, — сказаў Светазар. — Можа, мы тут знойдзем і самых культурных яхаў.
Яны адчынілі дзверцы машыны і адчулі, што паветра тут іх не душыць.
— Слухай! — радасна сказала дзяўчынка, — можа, тут можна будзе дыхаць па-чалавечаму, без гэтых абрыдлых апаратаў.
— Здаецца, можна будзе, — сказаў Светазар, удыхаючы паветра. — Тут больш зеляніны і, значыцца, больш кіслароду.
— Ой, як хораша паляжаць на зямлі, паспаць! — казала дзяўчынка. — Давай сюды наша цёплае адзенне, мы пасцелемся і паляжым.
— І паабедаем, ці паснедаем, ці павячэраем, хто яго цяпер разбярэ, — дадаў брат.
Яны ўзялі свае прадукты, пачалі есці і разам з тым высвятляць, колькі часу яны вандруюць.
— Мне здаецца, што мы выехалі з дому прынамсі шэсць месяцаў назад, — казала Святлана.
— Яно заўсёды так бывае, калі падарожнічаеш і кожную хвіліну бачыш усё новае і цікавае, — разважліва сказаў Светазар. — Я нават недзе чытаў такі выраз: «Жыццё чалавека вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а колькасцю перажытых уражанняў».
— Калі гэта праўда, — заўважыла Святлана, — то мы з табой хутка зусім састарэем. І ўсё-такі сапраўды, колькі часу мы вандруем? Светазар адказаў:
— Гледзячы па якому часу. Калі па тутэйшаму, то нават ніякі астраном не разбярэ, бо надта мы гэты час заблыталі. А калі па нашаму, то… — ён глянуў на гадзіннік у машыне, — паказвае дзесяць гадзін, а якіх — ці раніцы, ці вечара — невядома.
— Мы ж, здаецца, з дому выехалі ў дзесяць гадзін! — здзівілася Святлана.
— Так, у дзесяць. Вось цяпер і мяркуй, ці тыя самыя цяпер дзесяць гадзін, ці дзесяць гадзін вечара, ці дзесяць гадзін наступнага дня, а можа, дзесяць гадзін наступнага месяца…
— Шкада, — уздыхнула дзяўчынка, — няўжо хоць прыблізна нельга даведацца, колькі часу мы ў дарозе?
— Калі прыблізна, то можна, — адказаў Светазар. — Давай сюды шклянку, я табе налью з тэрмаса чаю. Калі ён будзе зусім гарачы, значыцца, прайшло пяць, дзесяць, ну дванаццаць гадзін; калі толькі цёплы, то каля сутак, а калі халодны…
— То двое сутак, дзесяць месяцаў ці пяць гадоў…— скончыла Святлана.
— Усё можа быць у нашым становішчы, — не то жартам, не то сур'ёзна сказаў Светазар, наліваючы чай.
Ен быў зусім гарачы.
— Вось мы і ведаем, што вандруем менш за суткі.
— Паўгадзіны таксама менш за суткі,— насмешліва сказала Святлана.
— Ну, тады ёсць яшчэ адзін паказчык, — раззлаваўся Светазар. — Гэта страўнік. Ен ужо не будзе маўчаць месяц і суткі: калі мы не спім, ён падасць свой голас праз пяць-шэсць гадзін. Значыцца, прыблізна столькі часу мы і падарожнічалі.
Яны разлягліся на зямлі. Вельмі прыемна было паляжаць спакойна і вольна пасля ўсіх турбот. Яны глядзелі на неба і гаварылі, што яно больш нагадвае неба Месяца, чым неба Зямлі. Яно чыстае, вельмі цёмнае, нават некаторыя зоркі можна бачыць удзень. Толькі Сонца значна меншае, чым з Месяца.
— Памятаеш ты, як у нас было ў часе няпоўнага зацьмення Сонца, у мінулым годзе? — звярнулася Святлана да брата. — Дык вось, калі я цяпер пагляджу навакол, то мне ўсё здаецца, што і тут цяпер такое самае зацьменне.
Брат паглядзеў навакол і згадзіўся з ёю. Раптам Святлана крыкнула:
— Глядзі, глядзі, чарвяк паўзе!
Брат усхапіўся так, нібы яму крыкнулі: «Зямля гарыць!»
— Дзе? Дзе? — кінуўся ён глядзець. Святлана ўрачыста паказала яму сапраўднага чарвяка, які поўз па зямлі паміж травы.
— Які ён? — спытаў Светазар. — Няўжо з яго выходзяць матылькі? Нешта іх тут не відаць.
— Гэта, мусіць, які-небудзь земляны чарвяк, — адказала дзяўчынка. — У зямлі яны могуць хавацца на ноч.
Яна пачала калупаць зямлю каменьчыкам, і сапраўды — там знайшліся яшчэ некаторыя насякомыя: нейкая тонкая-даўгая муха з вузкімі чорнымі крыламі, маленькая жоўтая казяўка і іншыя. Потым да іх наблізілася жывёлінка, падобная да мышы. Яе прыцягнулі крошкі хлеба. Падарожнікі нават стаіліся, каб не спудзіць жывёлінку.
— Хай паспрабуе нашага хлеба, — казалі яны. — Яна будзе хваліцца тады на ўвесь Марс, што ела сапраўдны хлеб з жыта.
Затым яны ўбачылі такую самую даўгакрылую птушку, што бачылі раней. Яна несла ў дзюбе рыбіну. Гэта ўжо сведчыла, што ў вадзе ёсць рыба.
— Калі пажыць тут болей, то можна было б убачыць, магчыма, многа жывёлы і птушак. І ўсе яны павінны кожны вечар рыхтавацца да суровай зімы. Дзіўнае жыццё!..
— А каб хто-небудзь з іх апынуўся на нашай Зямлі,— сказала Святлана, — то, напэўна, таксама сказаў бы: дзіўнае жыццё! Для кожнага незнаёмае здаецца дзіўным.
Паляжалі некалькі хвілін спакойна, а потым Светазар узняў новае пытанне:
— Усе падарожнікі,— сказаў ён, — якія адкрываюць новыя землі, маюць права даваць ім назвы. Трэба і нам даць назву для будучай карты Марса. Вось гэтую рачулку я прапаную назваць Святланкай. Падабаецца?
— Падабаецца, — усміхнулася Святлана. — У такім разе мора няхай будзе Светазарава мора. Падабаецца?
— Падабаецца. Толькі бяры вышэй: гэта не мора, а акіян, Светазараў акіян. Добра гучыць! Але табе крыўдна будзе. Трэба было б табе што-небудзь дадаць яшчэ.
— А я вось што скажу, — сур'ёзна адказала Святлана і нават села. — Вось увекавечым мы свае імёны, а нас усё роўна ведаць не будуць — хто мы такія, чые гэта імёны? Трэба даць такія назвы, якія гучалі б на ўвесь свет і ўсе іх ведалі б.
— Якія, напрыклад?
— Ды, скажам, так: Камсамольскі акіян, а рэчка — Піянерка. Гэта гучыць зусім інакш.