Выбрать главу

Светазар таксама падняўся, паглядзеў на яе сур'ёзна, трасянуў галавой і сказаў:

— Добра прыдумала, Святланка! Сапраўды, так будзе лепей. А даліну гэтую як назавём?

— Проста: Зялёная даліна. Праз некалькі мінут яны заснулі.

Запрашэнне ў госці

Святлана прачнулася з такім пачуццём, нібы ёй нешта перашкаджае. Села, працерла вочы, азірнулася — і з жудасным крыкам ухапілася за плечы брата. Той усхапіўся, некаторы час глядзеў, нічога не разумеючы, а потым убачыў… двух яхаў. Яны нерухома сядзелі і ўважліва глядзелі на гасцей.

— А-а! Старыя знаёмыя! Добры вечар, таварышы!

Але «таварышы» не варухнуліся: яны пільна глядзелі, нібы вывучаючы гасцей, і ў іхніх вачах заўважалася нешта недружалюбнае. І выгляд іх некалькі адрозніваўся ад ранейшых яхаў. Колер гэтых быў — з бурым адценнем. Цела здавалася даўжэйшым і дужэйшым. Твары былі больш прадаўгаватыя і менш дабрадушныя.

Светазар памацаў сваю кішэню, дзе ляжаў браўнінг… Святлана, дрыжучы, прыціснулася да брата.

Адзін з яхаў павярнуў галаву да другога і буркнуў некалькі слоў, з якіх можна было разабраць слова «бао».

— Цікава паслухаць, што яны там буркаюць, — сказаў Светазар, устаў і дастаў з машыны шапкі-перадатчыкі. Яхі з сур'ёзнай уважлівасцю сачылі, як незнаёмыя стварэнні рухаліся і нешта рабілі. І зноў адзін з іх нешта другому сказаў. З гэтых слоў падарожнікі зноў пачулі слова «бао» і зразумелі слова «ісці».

— Ліха яго ведае, што гэта за «бао»! — сказаў Светазар. — Па вобразу адчуваецца, што гэта як быццам нейкі важны ях, цар іхні, ці што.

— І я таксама зразумела так, — сказала Святлана.

Яхі тым часам апусціліся на пярэднія лапы і зачыкільгалі ў глыб даліны.

Светазар паціснуў плячыма і збянтэжана сказаў:

— Што ўсё гэта азначае? Ці не пайшлі яны да нейкага свайго князя Бао?

Дзяўчынка пакацілася ад смеху.

— Князь! Ха-ха-ха! Мядзведжы князь! Смяяўся і Светазар, але пры апошнім слове сястры сурова перапыніў яе:

— Святланка! Ты не маеш права здзекавацца з якой бы там ні было асобы, хай сабе будзе яна падобнай і да мядзведзя.

— Я не з гэтых «асоб» смяюся, — апраўдвалася дзяўчынка, — а з іхняга «князя», калі такі можа быць у іхнім жыцці.

— Зараз мы гэта ўбачым, — сказаў Светазар, — пойдзем у госці да тутэйшых яхаў. Сядзем у машыну і ціхенька паедзем следам за імі.

Некаторы час яхі ішлі па беразе рачулкі, а потым па каменнях перабіраліся на другі бераг. Падарожнікі хацелі павярнуць за імі, але раптам заўважылі пячоры і з гэтага боку. Па схіле гары на рознай вышыні відаць былі шчыліны, адтуліны, ля якіх час ад часу паказваліся яхі, старыя і малыя.

— Уга! — усклікнула Святлана. — Тут іх цэлае паселішча. У параўнанні з жыллём тых яхаў гэта ўжо будзе горад.

Яны спыніліся ля аднаго з уваходаў, дзе ляжала маці з дзіцем. Убачыўшы гасцей, маці села на заднія лапы.

Тым часам і з іншых пячор пачалі збірацца сюды жыхары. Набліжаліся яны асцярожна, са страхам, і спыняліся за дзесятак крокаў ад машыны.

— Добры дзень, таварышы! — крыкнуў Светазар, выйшаўшы з машыны. — Прывітанне вам з Зямлі! Не ведаеце? Ну, нічога, зараз пазнаёмімся.

Але яхі стаялі на месцы, напружана сачылі за кожным іх рухам і як быццам не выяўлялі жадання знаёміцца бліжэй. Калі Светазар паспрабаваў падысці да іх, яны падаліся назад.

Выручыла малое. Яно смела падышло да Святланы, а яна прысела і пачала гладзіць малое, а потым нават і на рукі ўзяла. Убачыўшы такую ласкавасць, яхі пасунуліся бліжэй, і твары іх зрабіліся больш ласкавымі. Але ніхто з іх не ўсміхнуўся.

— Значыцца, агню яшчэ не маюць, — зазначыла Святлана.

Раптам яхі затрывожыліся, са страхам сталі глядзець некуды, замармыталі паміж сабой — і зноў пачулася слова «бао».

— Зноў гэты Бао! — здзівіліся госці.

У гэты момант праз рачулку перабраліся яхі і накіраваліся ў гэты бок. Іх было ўжо чацвёра. Усе жыхары пячор пахаваліся ў сваіх памяшканнях.

Падышоўшы да гасцей, яхі выстраіліся ў шарэнгу, падняліся на заднія лапы, а потым зноў апусціліся.

— Э-э, ды яны кланяюцца нам! — крыкнуў Светазар. — Даўно б гэтак. А то нейкую палітыку вядуць: «бао», «бао».

Пачуўшы гэтае слова, яхі селі на заднія ногі і задаволена паўтарылі:

— Бао, Бао.

Пры гэтым яны паварочваліся назад і паказвалі рукой у той бок, адкуль прыйшлі.

— Справа ясная! — сказаў Светазар сястры. — Яны запрашаюць нас да свайго Бао. Што будзем рабіць?

— Не ведаю, — адказала яна. — Нешта не падабаюцца мне гэтыя малойчыкі. Нейкія несімпатычныя, зусім не такія, як гэтыя жыхары.

— Таму трэба пайсці паглядзець, што там такое.

— А ты ўпэўнены, што нічога дрэннага яны нам не зробяць? — спыталася сястра.

— Пакуль што мы бачым, што гэтыя яхі — добры народ і дагаварыцца з імі можна.

Святлана паківала галавой і сказала:

— А мне здаецца, што гэтыя тыпы не належаць да таго добрага народа, аб якім ты гаворыш.

— Глупства гаворыш! — сурова сказаў брат. — Хіба ты не бачыш, што яны той жа пароды, што яны свае для гэтых жыхароў?

— А чаму яны жывуць асобна? Чаму іх баяцца гэтыя жыхары? — пярэчыла Святлана.

— Усё ж да гэтага часу не было ніякіх намёкаў на тое, каб яхі думалі нападаць на нас, — настойваў Светазар. — Мы ж для іх вышэйшыя істоты, нібы богі, яны нас і паважаюць і баяцца. Мы павінны высветліць гэтую таемную справу.

— Я не супярэчу, — сказала нарэшце Святлана. — Я выказваю толькі свае ўражанні аб гэтых новых яхах.

Пакуль яны размаўлялі, трое яхаў пайшлі ў пячоры і праз некаторы час выйшлі адтуль з жыхарамі, якія неахвотна ішлі наперадзе. Стваралася пэўнае ўражанне, што прышэльцы іх кудысьці гоняць. Прайшоўшы некалькі крокаў у бок мора, «канваіры» спыніліся, некалькі хвілін пастаялі на месцы і, пераканаўшыся, што тыя самі пайшлі далей, вярнуліся да чацвёртага. Потым усе яны зноў падняліся на заднія лапы і апусціліся на пярэднія.

— Бачыш, як пакорна яны нас просяць? — звярнуўся Светазар да сястры. — А ты чагосьці баішся. Хадзем. Не, лепш паедзем.

Праважатыя і зацікавіліся і ўстрывожыліся, калі ўбачылі, як госці садзіліся ў машыну і асабліва як машына паехала.

Ехала яна зусім ціха, так, што праважатыя маглі ісці побач. Пад'ехалі да каменняў, праз якія трэба было перабірацца на той бок рэчкі. Адзін ях перайшоў на той бок, а іншыя чакалі, што будзе рабіць дзіўнае чырвонае стварэнне. Стварэнне лёгка пераскочыла цераз раку. Яхі яшчэ больш здзівіліся. Далей двое ішлі наперадзе, увесь час азіраючыся, а двое ішлі побач.

— Яны, мусіць, думаюць, што вядуць нас пад канвоем да свайго Бао-Дая, — смяяўся Светазар.

— Бао, а не Бао-Дая, — паправіла Святлана.

— Усё роўна, яны, мусіць, аднолькавыя. Надыходзіў вечар. Сонца зайшло за горы, і ў даліне адразу зрабілася змрочна. І раптам нашы падарожнікі ўбачылі наперадзе… водбліск агню!

— Глядзі, глядзі, агонь! — закрычалі разам і Светазар і Святлана. — Няўжо сапраўды агонь? — і іхняя машына нібы сама апынулася каля ўвахода ў пячору, адкуль ішло святло. Канвойныя з усіх чатырох ног павінны былі даганяць яе.

Светазар наводзіць парадак на Марсе

Падарожнікі вылезлі з машыны і спыніліся на парозе пячоры. Перад імі былі нібы сенцы, за якімі адкрывалася ўжо вялікае памяшканне. Там, у куце, і гарэў агонь, сапраўдны агонь. Гарэў ён не на зямлі, а ў сцяне, ніякага паліва пад ім не было.

— Справа ясная, — сказаў Светазар, — значыцца, са сцяны вылучаецца гаручы газ. Але хто яго запаліў?..

Засопшыся, падбеглі канвойныя і ўвайшлі ў сярэдзіну разам з гасцямі. Светазар і Святлана ўбачылі вялікую трохкутную пячору. Побач з агнём было паглыбленне ў сцяне. У ім на зямлі ляжаў вялікі камень, відаць, знарок сюды пакладзены. На гэтым камені важна сядзеў ях, той самы таемны Бао. Ен быў таўсцейшы і дужэйшы за іншых яхаў, і нават нейкую важнасць можна было заўважыць. Па другі бок ад яго размясціліся яго «прыдворныя». Тут былі і такія самыя «салдаты», як тыя пасланцы, і больш далікатныя маці з дзецьмі. За імі ў сцяне чарнеўся ўваход у далейшыя пячоры. Світа размясцілася абы-як: адны стаялі на чатырох лапах, другія ляжалі, некаторыя сядзелі. Але як толькі ўвайшлі госці, усе селі на заднія лапы. Па ўсім было відаць, што і сам Бао сеў на свой «трон» у той момант, калі падышлі госці.