Яны дагналі яго на беразе другога мора, не надта вялікага, неглыбокага, з нізкімі берагамі. Тут яны і спыніліся «на ноч».
Уся прастора навакол была зялёная, і ніякіх узвышшаў на ёй не было.
— Як табе здаецца, — спытала Святлана, — могуць тут жыць яхі ці не?
Светазар паглядзеў ва ўсе бакі і сказаў:
— Думаю, што не. Тут няма дзе схавацца ад начнога марозу.
— А выкапаць зямлянку нельга?
— А можа, у гэтай нізіне пад зямлёй блізка вада? А калі і няма вады, то сваёй сучаснай тэхнікай яхі не здолеюць выкапаць сабе жыллё. Невядома яшчэ, ці ёсць тут вада для піцця, бо ў моры вада салёная.
— А ты каштаваў яе? — хітра спытала сястра. Хлопец засмяяўся.
— Сапраўды, мы не ведаем. Ідзём пакаштуем ваду.
Вада была салёная, і нават вельмі салёная, бо рэкі не прыносяць сюды столькі прэснай вады, як на Зямлі.
— Давай хутчэй спаць, мы так натаміліся, — казала дзяўчынка. — Як мы будзем спаць?
— На зямлі, вядома, мух, здаецца, не відаць.
— Заслонімся ад сонца нашай машынай і паспім. Калі яны прачнуліся і захацелі пад'есці, то выявілася, што ў іх застаўся адзін бутэрброд.
— Якога маху мы далі! — шкадаваў Светазар. — Не думалася, што столькі часу прыйдзецца тут быць, што столькі знойдзецца тут арганізацыйнай работы. Чаго добрага, прыйдзецца і нам перайсці на палярныя кактусы.
— Нічога, — суцешыла дзяўчына, — для карысці нашых суседзяў можна і пагаладаць.
Вярнуліся ў Зялёную даліну раніцою. Усюды бялеў іней, замерзла Піянерка ля берагоў, бялеў ад лёду і бераг Камсамольскага мора. Ці захаваўся агонь у яхаў?
Пайшлі праверыць. У першай пячоры агонь ледзь тлеўся, а ўсе спалі. Раскатурхалі нядбайных гаспадароў, прымусілі іх раздзьмухваць агонь і пайшлі ў другую пячору. Там агонь зусім пагас і раздзьмухваць не было чаго. І тут накрычалі, а потым Святлана сказала:
— Навошта нам крычаць, ваяваць, хвалявацца, калі ў іх будзе сталы агонь і яны заўсёды будуць магчы запаліць касцёр!..
Гэтае меркаванне было зусім слушнае. Цяпер заставалася толькі перамясціць жыхароў. Як прыступіць да гэтай справы? З чаго пачынаць? Як ім растлумачыць, чаго ад іх хочуць? Шапка-перадатчык можа перадаць ім толькі паасобныя простыя паняцці, а тут трэба расказаць пра вялікія і складаныя меркаванні.
Урэшце пастанавілі так: зрабіць з кактусаў дубцы і далікатненька гнаць імі паважаных жыхароў Зялёнай даліны туды, куды трэба для іх карысці.
— Магчыма, яны пакрыўдзяцца, — сказаў Светазар, — але што ты зробіш, калі іначай нельга. Каб зрабіць гэтае перасяленне па-культурнаму, нам прыйшлося б сядзець тысячу гадоў, пакуль яхі навучыліся б гаварыць і разумець па-людску.
Так і зрабілі. Для пачатку ўзялі з першай пячоры двух маці з дзецьмі і ласкава пачалі іх падштурхоўваць да рэчкі, а потым да пячоры. Падышлі да ўвахода, спыніліся. А што далей рабіць? Пячора напоўнена газам, нават ля ўвахода стаяць нельга, а як увайсці ў сярэдзіну ды запаліць агонь?
— Мала таго, — дадаў Светазар, — а каб і ўвайшоў у якім-небудзь процівагазе ды запаліў агонь, то цябе разарваў бы выбух газу, які запоўніў усю пячору. Ну што ж, трэба шукаць другога спосабу. Ага! Зробім вось як: вы схавайцеся вось тут за скалой, а я запалю кактусавы смаляк ды кіну ў сярэдзіну.
Праз некалькі хвілін ён кінуў смаляк і схаваўся за скалой. Як загуло ў сярэдзіне, як шугане полымя з пячоры…
Счакаўшы некаторы час, яны асцярожна ўвайшлі ў пячору. Пах газу яшчэ адчуваўся, але дыхаць можна, а ў кутку, як і раней, бесклапотна калыхалася полымя.
— Цяпер усё ў парадку! — весела сказаў Светазар. — Займайце вашу кватэру, паважаныя грамадзяне!
Адна з «грамадзянак» увайшла ў пячору, як у сваю ўласную кватэру, а за ёй нясмела ўвайшла і другая.
— Пачатак зроблены, — сказаў Светазар, — пойдзем вербаваць яшчэ маці з дзецьмі.
Яны «завербавалі» і перасялілі яшчэ чатыры маці, а тады паўстала пытанне: а ці не прыйдзе сюды Бао, ці не выганіць ён новых жыхароў? Значыцца, трэба арганізаваць ахову.
— Ох, колькі клопату! — казалі падарожнікі, выціраючы пот. — Як цяжка наладзіць жыццё на другой планеце.
Потым пайшлі яны паглядзець, дзе знайшоў прытулак Бао са сваёй світай. Убачылі іх у канцы даліны, у шчыліне між дзвюх скал. Але там іх было толькі двое ці трое. Брат і сястра азірнуліся і ўбачылі, што на беразе рэчкі некалькі яхаў на чале з самім Бао збіраюць кактусы…
— Усё ў парадку! — сказаў Светазар. — Паразіты распачалі працоўнае жыццё. Мы можам спакойна ехаць дадому.
Яны вярнуліся да сваёй машыны. Вакол іх, як заўсёды, сабраліся яхі. Светазар выступіў перад імі з развітальнай прамовай.
— Вось што, браточкі: мы пакідаем вас, едзем дадому. Жывіце тут шчасліва, развівайцеся, больш старанна вучыцеся хадзіць і гаварыць, карыстайцеся агнём — і, можа, праз некалькі тысяч гадоў вы станеце сапраўднымі людзьмі. Не падпускайце блізка да сябе Бао, цяпер вы ведаеце, як гнаць яго ў шыю. Нам хацелася б яшчэ многаму вас навучыць, ды на гэта патрэбна шмат гадоў. Мы не можам жыць з вамі столькі часу. Ды і клімат ваш нікуды не варты. Можа, праз некаторы час мы наведаем вас, каб паглядзець, якіх поспехаў вы дасягнулі…
Сястра штурханула яго пад бок і сказала:
— Годзе ўжо! Чаго ты разышоўся? Не могуць жа яны зразумець усяго таго, што ты гаворыш.
Светазар павярнуўся да яе і сказаў:
— А табе шкада, ці што? Нават калі яны зразумеюць хоць два-тры словы, і тады прамова будзе карыснай. Не часта людзям з Зямлі даводзіцца выступаць з прамовамі перад марсіянамі. Ну, бывайце, дарагія таварышы!
Праз хвіліну яны ўжо зноў ляцелі даганяць сонца. Аднак дадому вяртацца яшчэ не маглі: яны не абследавалі ўсяго Марса. Яны пабывалі толькі ў Паўночным паўшар'і, а потым наведалі частку экватарыяльнага пояса. Трэба было цяпер заглянуць у Паўднёвае паўшар'е, аб'ехаць увесь Марс па экватары. Яны павярнулі на Поўдзень.
— Гэта толькі для таго, каб выканаць нашу камандзіроўку, — сказаў Светазар, — а цікавага там мы нічога не ўбачым. Калі ўлетку тут прырода горшая за нашу тундру, то чаго ж чакаць узімку!
І сапраўды, на Паўднёвым паўшар'і, дзе была цяпер зіма, карціна была такая, што і глядзець не хацелася. Тыя самыя голыя горы, бязмежныя пустыні, даліны і тундра, але ў гэты час зусім мёртвая.
— Хоць бы гурбы снегу былі, як належыць узімку, і то весялей было б глядзець. А тут толькі іней ці танюсенькі пласток снегу.
Вядома, нічога жывога ўбачыць тут нельга было, таксама як і ў Паўночным паўшар'і.
— Значыцца, тут яхі не жывуць? — спытала Святлана.
— Як бачыш, не жывуць, — адказаў Светазар. — Тым лепей, мы спакойна можам ляцець далей.
Да экватара яны вылецелі ля таго месца, дзе спыняліся мінулы раз, гэта значыць, каля другога мора.
— Пачакай, — сказала Святлана, — трэба ж і яму даць назву.
— Прапаную назваць яго Савецкім морам.
— Так і запішам, — згадзілася сястра. Падарожнікі паляцелі далей на захад. Мора мела, мусіць, тысячу кіламетраў у шырыню, а ў даўжыню значна болей. За ім пачалася знаёмая карціна — зялёныя даліны, ланцугі вялікіх і малых азёр, пустыні і горы.
Праз некаторы час падляцелі яшчэ да аднаго мора.
— Ого! — усклікнулі падарожнікі.— Гэта ўжо нават акіян!
Велічыня яго здавалася сапраўды акіянская, ды толькі надта многа было на ім нізкіх астравоў.
Стваралася ўражанне, нібы ў часе разводдзя вада заліла вялікую нізіну. Паколькі акіян быў неглыбокі, а вялікіх вятроў на Марсе няма, то вада ў ім за ноч замерзла ўся: лёд растане толькі пад вечар, калі трэба будзе зноў замярзаць. Акіян гэты назвалі Маскоўскім, хоць Святлана пярэчыла, што ён не варты такой назвы: шырыня яго складала тысячы дзве кіламетраў. Далей яны ўбачылі мясцовасць, якая трохі нагадвала Зялёную даліну.
— Прыпынімся, — сказала Святлана, — можа, і тут жывуць яхі.
— Ой, не! — усклікнуў Светазар. — Нам па экватары трэба праляцець дваццаць дзве тысячы кіламетраў. Калі мы будзем наведваць усіх яхаў, то затрымаемся тут на многія месяцы.