— Ідзём да тых дубоў, — сказаў Мірон. — Можа, знойдзем леташніх жалудоў. Калі прыйдзе бяда, яны спатрэбяцца.
— Ды і без бяды кавы добра будзе папіць, — адказаў Віктар. — Трэба толькі мець начынне і цукар.
Калі падышлі да дубоў, то ўбачылі, што там нехта перад імі ўжо гаспадарыў. Зямля была перакапаная, віднелася шмат слядоў, а жолуда аніводнага. Але дзіўней за ўсё было тое, што сляды здаваліся свежымі.
— Хто б гэта мог быць? — задуменна сказаў Мірон.
— Дзікі! — упэўнена адказаў Віктар, разглядаючы сляды.
— Невядома, ці радавацца, ці шкадаваць, што знайшліся такія суседзі, — прамовіў Мірон.
Віктар чамусьці памахаў сваёй дубінай.
— Добра было б здабыць дзіка, але, кажуць, звер вельмі небяспечны. Калі раззлуецца, дык нават добрая зброя не паможа.
У гэты момант збоку нешта затрашчала. Хлопцы ўздрыгануліся і мацней сціснулі свае дубіны. З-за ламачча паказаўся дзік. Здавалася, увесь ён складаўся толькі з адной страшэннай галавы. Ні зада, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава са шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай.
— Не рухайся! — прашаптаў Віктар.
Дзік спыніўся, задраў свой лыч, панюхаў паветра, глуха рохнуў і завярнуўся назад.
— Ну і страшыдла! — прамовіў Мірон. — Яго не толькі дубіна, але і гармата не возьме. Ліха з імі, з гэтымі суседзямі.
— Крыўдна ўсё ж! — пашкадаваў Віктар. — Гэткі выпадак, а ты стой ды глядзі, як дурань.
Пайшлі далей. У густым ельніку пачулі зусім блізка моцны лопат крылаў; здавалася, нейкая вялізная птушка заблыталася ў галінах і не можа адтуль выбіцца. Зірнулі ў той бок і сапраўды заўважылі вялікага чорнага птаха. Ляцеў ён так нізка і так нязграбна махаў крыламі, што, здавалася, яго было зусім лёгка злавіць рукамі.
— Хапай яго! — кінуўся наперад Мірон. Але Віктар не зварухнуўся.
— Дарэмна. Гэта табе так здаецца. Глушэц заўсёды так лятае ў ельніку, але ніхто яшчэ не лавіў яго рукамі.
— У такім разе хадзі сюды, — крыкнуў Мірон. — Я табе пакажу нешта другое.
Калі Віктар выбраўся на купчастую балоцістую палянку, дык убачыў, што Мірон схіліўся над журавінамі.
— Пакаштуй, якія яны смачныя, салодкія пасля зімы, — сказаў Мірон. — Шкада толькі, што гэтыя лясныя жыхары ўжо ласаваліся тут. І нам мала пакінулі.
З вялікай ахвотай падмацаваліся хлопцы ягадамі ды назбіралі яшчэ ў шапку.
— Нічога, жыць можна, — з задавальненнем сказаў Віктар. — Але ўсё ж такі мушу сказаць, што ўвесь час адчуваю сябе галодным, і ў роце і ў жываце неяк нядобра. Хоць бы кавалак хлеба ці якога-небудзь варыва — зусім іншая была б справа.
— Спачатку сырому зайцу быў рады, а цяпер ужо сапраўднага абеду захацеў, — засмяяўся Мірон. — У нашым становішчы трэба разважаць інакш: абы-чым, толькі б падтрымаць сябе. І галоўнае, каб разнастайная была страва. Вось чаму і журавіны вельмі карысныя. Гэта, брат, пладавіна, а ў ёй ёсць жалеза, вугляводы, вітаміны.
З поўнай шапкай журавін яны не хацелі ісці далей у лес, далі круг і накіраваліся назад. У адным месцы ўбачылі вялікую змяю. Яна ляжала, скруціўшыся на пяньку, і грэлася на сонейку. Галаву яна вытыркала ўверх і млява варушылася.
Віктар мігам падскочыў і забіў яе дубінаю.
— Ну і гадзіна! — сказаў ён і пакратаў змяю нагою. — Мусіць, з метр будзе.
Яны пасунуліся былі далей, але хутка Мірон прыпыніўся.
— Слухай, — сказаў ён, — у нашым становішчы шкада пакідаць здабычу, якая б яна ні была. Ці нельга будзе як-небудзь скарыстаць і гэту?
— Ды што ж ты з яе зробіш? — засмяяўся Віктар.
— Не ведаю яшчэ. Але ў нашай бядняцкай гаспадарцы ўсё можа спатрэбіцца. Здымем з яе скуру.
— Хіба зрабіць з яе чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар.
Агідная была справа, але праз некалькі хвілін скура была здзёртая. На зямлі застаўся голы, брыдкі скрутак, а Віктар закінуў сабе на плечы скуру-кішку.
Ціха ішлі яны па лесе, пільна прыглядаючыся навокал. За гэты невялікі час, як яны апынуліся на востраве, прырода значна змянілася. Лісце на дрэвах загусцелася, трава паднялася. Здавалася, і птушак больш стала, мацней разляталіся па лесе іх галасы. Вось пінькае лілавагрудая зябка, вось заліваецца чорны дрозд, свішча жоўтая івалга, стукаюць дзятлы. Заварушыліся розныя казюлькі, а ў цяньку пачуўся непрыемны звон камароў. Сям-там пераскакваюць з дрэва на дрэва вавёркі.
— Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! — прамовіў Мірон.
— Разласаваўся, — усміхнуўся Віктар. — Не на кожным кроку гэта здараецца, брат ты мой. Нават каб і знайшлі такое самае дупло, дык гэта зусім не значыць, што там абавязкова будуць арэхі: маглі і вавёркі з'есці за зіму.
Тут па дрэве шмыгнула нейкая новая жывёліна, крыху падобная да вавёркі, толькі танчэйшая і даўжэйшая за яе. Колер скуры — руды з белымі плямамі.
Мірон няўважліва зірнуў на яе і прамовіў:
— А гэта не вавёрка?
— Тсс! — шапнуў Віктар і прытрымаў рукою Мірона. — Гэта гарнастай!
— Няўжо ж ён такі нікчэмны? — здзівіўся Мірон.
— Зімою ён белы, а цяпер якраз змяняе зімовае адзенне на летняе. Самая галоўная яго адзнака — канец хваста, які заўсёды бывае чорным.
Гарнастай тым часам знік з вачэй.
Мірон зняважліва паціснуў плячыма.
— А я думаў — гарнастай немаведама што такое. Раней жа ніхто не меў права насіць гарнастаевыя футры, апрача цароў ды князёў.
— Я думаю, каб цары прысвоілі сабе таксама выключнае права на лапці, тады і лапці лічыліся б найбагацейшай і самай моднай рэччу, — усміхнуўся Віктар.
Праз некаторы час натрапілі на вожыка. Убачыўшы небяспеку, небарака зараз жа скруціўся ў клубок. Хлопцы падышлі да яго і пачалі меркаваць, што з ім рабіць.
— Каб былі дома, то ўзялі б яго жывым на пацеху, а тут што з ім будзеш рабіць? Есці, мусіць, яго нельга, — разважаў Віктар.
— А трэба было б і яго як-небудзь скарыстаць, — напружана думаў Мірон. — Могуць, напрыклад, спатрэбіцца ягоныя іглы ў якой-небудзь справе.
— А ведаеш што? — схапіўся Віктар. — Калі ўзяць яго скуру ды абкруціць ёю канец нашай дубіны, дык будзе такая булава, што з ёю хоць на мядзведзя ідзі!
— Вось бачыш!
— Але ж як шкада забіваць гэтае мілае стварэнне! — уздыхнуў Віктар.
Аднак прыйшлося забіць. Да журавін і змяінай скуры далучыўся вожык. З гэтай здабычай яны і вярнуліся дадому.
Было яшчэ рана, не пазней за поўдзень. Часу заставалася досыць для гаспадарскай працы. Паабедалі рыбай, арэхамі і журавінамі.
Скуру змяі павесілі сушыцца, а з вожыка пачалі рабіць булаву. Але ж і папакутавалі, пакуль знялі з яго скуру сваім «нажом»! Скрывавілі ўсе чатыры рукі. Затое булава выйшла на славу! Толькі Мірон усумніўся ў ёй.
— Супраць чалавека, — сказаў ён, — лепшай і не трэба. А што ты зробіш са зверам? Для яго гэтыя іглы — нішто.
— А ўсё ж такі лепш, як голая дубіна, — цешыўся Віктар.
Цяпер, калі непасрэдная пагроза голаду адсунулася, яны мацней адчулі недахват адной дробязі — пасудзіны ці якога чарапка для вады. Увесь час ім прыходзілася піць жменямі, а калі вада спала, то зусім дрэнна зрабілася: часам да чыстай вады нельга было даступіцца так, каб дастаць яе абедзвюма рукамі, і даводзілася піць брудную.
— Гэткае глупства ды так перашкаджае! — злаваў Віктар. — Пойдзем шукаць гліны, можа, злепім які чарапок.
— Хадзем на рыбу і па дарозе пашукаем, — згадзіўся Мірон. — Да захаду сонца застаецца яшчэ гадзін з пяць.
Але не так лёгка было знайсці гліну, як гэта здавалася. То пяскі, то балота — а гліны ні знаку. Усё далей і далей зварочвалі яны ўбок. Падыходзячы да аднаго балотца, здалёк заўважылі, што на беразе яго нехта капошыцца. Хлопцы прыпыніліся і пачалі ціхенька красціся. Але чым больш набліжаліся, тым болей дзівіліся: гэты «нехта» не быў падобны ні на звера, ні на птушку. Проста штосьці круглае круцілася на месцы, станавілася рубам.