Мірон разгроб нару шырэй, глыбей, так, каб агонь быў пад верхнім пластом зямлі, і падпаліў. Калі разгарэлася, Мірон пачаў кідаць вільготнае старое лісце, трухлявае галлё. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў усярэдзіну.
— Што рабіць? — крыкнуў ён Віктару. — Дым не ідзе ў нару.
— Нічога! — адгукнуўся той. — Частка яго трапляе! Дзьмухай!
Мірон пачаў дзьмухаць. Справа пайшла лепш: і лепш гарэла, і дым уганяўся ўсярэдзіну.
Віктар жа стаяў ля другога выхада і напружана чакаў. На ліса ён пашкадаваў сваёй булавы і ўзяў Міронаву дубіну. Доўга цягнуўся час. Усё здавалася, што вось ужо нешта там варушыцца, але нікога не было. Не так ужо шмат часу прайшло, а хлопцам пачало здавацца, што яны стаяць тут немаведама колькі. Мірон нецярпліва пазіраў у Віктараў бок. Той усё стаяў з паднятай дубінай, нібы скамянелы. Рукі яго здранцвелі.
Нарэшце сапраўды заварушылася.
Але Віктар ледзь не выпусціў дубіны з рук, калі ўбачыў замест лісінай галавы доўгую, белую морду з дзвюма чорнымі палосамі ўздоўж яе.
Тырканулася морда раз-другі — і зараз жа назад. Але вось каля яе з'явіўся маленькі дымок… Бедная жывёліна вымушана была вылазіць… Праўда, яна не бачыла ворага, бо Віктар стаяў ззаду, але ўсё роўна адчувала бяду. Віктар ужо здагадаўся, што гэта за звер, і супакоіўся: гэтая нязграбная жывёліна не паспее ўцячы, як ліс!
Жывёліна зрабіла пару крокаў наперад; паказалася спіна з шараватаю грубай поўсцю.
Віктар апусціў дубіну раз… другі… Жаласна кугікнула жывёліна свіным голасам…
— Гатова! — крыкнуў Віктар.
Мірон мігам падбег да яго.
— Што гэта такое? — вылупіў ён вочы.
— Барсук! — урачыста адказаў Віктар. — Але ж стой! Яшчэ нешта варушыцца!
З нары вылазіла двое барсучанят, якія здурнелі ад дыму. Яны былі такія мілыя, пацешныя, што хлопцам і ў галаву не прыйшло іх забіваць. Іх забралі жывымі.
— Вось табе і яшчэ жывёла для гаспадаркі! — сказаў Віктар.
— Я ж казаў, што трэба будаваць добры хлеў.
— А есці іх можна? — зараз жа запытаўся Мірон.
— Ніхто не забараняе, але звычайна іх не ядуць.
— А скура каштоўная?
— Не вельмі. За дарослага рублёў пяць атрымаць можна.
— Тады і важдацца з імі не варта, — скрывіўся Мірон.
— Але ж яны цікавыя і хутка асвойваюцца. Апрача таго, тлушч барсука вельмі дапамагае ад прастуды і ідзе для шмаравання ботаў, асабліва паляўнічых.
Стары барсук меў каля паўметра даўжыні і важыў кілаграмаў з трыццаць. Цяжка было цягнуць яго, а яшчэ цяжэй зняць скуру тымі прыладамі, якія былі ў хлопцаў. Але Мірон вельмі квапіўся на скуру, якая была б дарэчы ў іхняй «хаце». Ён настояў, каб зараз жа паспрабаваць зняць скуру. Праца была складаная. Доўга мучыліся яны і знялі не скуру, а нейкія лахманы.
Забралі сваю здабычу і, змораныя, пацягнуліся дахаты. Барсучаняты вырываліся, нават кусаліся.
— Ці можна будзе іх садзіць разам з цецерукамі? — казаў Віктар.
— Для цецерукоў зробім жэрдкі, а барсукі будуць на зямлі, — размеркаваў Мірон.
— А гэтыя барсукі досыць цікавы народ, — расказваў дарогай Віктар. — Яны вельмі падобны да мядзведзяў, толькі меншыя і належаць да пароды куніц. Ён зусім няшкодны: жывіцца карэннямі, ягадамі, чарвякамі. На ўловы выходзіць уначы. Узімку спіць у сваёй нары, як мядзведзь. Вельмі любіць чыстату. Гэта часам выкарыстоўвае ліс: забярэцца, калі няма гаспадара, у хату і напаскудзіць там. Вернецца барсук, пачуе гэтую брыдоту ды і выселіцца са сваёй хаты. Тады яе займае ліс.
Дома размясцілі сваю жывёлу, павячэралі і паляглі спаць з пачуццём гаспадарскага задавальнення. У параўнанні з першым днём справы іх значна палепшыліся.
— Для поўнага шчасця не хапае толькі нажа, гаршка, хлеба і солі, — сказаў Мірон.
— І махоркі, — дадаў Віктар.
— А ты яшчэ не забыўся на гэтую брыдоту?
— Часам забываюся, але часам і цягне. Але нішто — ўжо цярпець можна. Напэўна, потым буду рады, што так здарылася.
XI
Барсукі падвялі. — Не святыя гаршкі лепяць (а спрактыкаваныя). — Новыя сродкі жыцця.
На другі дзень, як толькі прачнуліся, зараз жа сунуліся ў хлеў паглядзець сваю жывёлу. Глянуў Віктар праз шчыліну — і нічога не ўбачыў.
— Нешта не відаць, — прамармытаў ён.
Рассунуў галлё болей, зазірнуў ва ўсе куты — няма нікога! Глянуў Мірон — таксама нікога не ўбачыў.
Паглядзелі адзін на аднаго — і рукамі развялі.
— Куды ж яны падзеліся? Хлеўчык жа цэлы!
Агледзелі навокал усю будову і заўважылі каля зямлі досыць вялікую дзіру.
— Гэта ж барсукі зрабілі! — крыкнуў Мірон. — А за імі і цецерукі паўцякалі. Як мы маглі гэтага не прадугледзець? Нават і ты, спец па заалогіі, не прадбачыў.
Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым.
— І то праўда, — прамовіў ён. — Калі яны рыюць сабе норы, значыцца, маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Але ў такой справе ніякіх спецыяльных ведаў не трэба: ты сам мог гэта добра ведаць, але вось не падумаў.
— Я ж казаў, што не трэба было важдацца з імі, — злосна адказаў Мірон. — Ніякай карысці ад іх няма. Трымаць іх для пацехі ў нашым становішчы зусім лішняе. А цяперака праз іх цецерукі ўцяклі. Вось табе і жывёлагадоўля!
— А ўсё ж пра гэта ты і сам не думаў, — апраўдваўся Віктар. — Каб сказаў, зусім іншая была б справа. Няма чаго вінаваціць другога. Сам дапамагаў. Другі раз будзем разумнейшымі.
— Чакай цяпер другога разу!
Паахкалі, павохкалі, але дапамагчы справе нічым не маглі. А паколькі ў «сажалцы» хапала рыбы, то вялікай бяды пакуль што не было. Праз некалькі хвілін нават пачалі жартаваць.
— У другі раз для кожнай пароды жывёлы будзем рабіць асобныя, спецыяльныя, прыстасаваныя памяшканні, — суцяшаў Віктар. — А пакуль што давай ляпіць гаршчок.
— А ты ведаеш, як ляпіць? — запытаўся Мірон з трывогай.
— Хто з нас калісьці не ляпіў? — бесклапотна адказаў Віктар. — Нездарма кажуць: не святыя гаршкі лепяць.
— Тут не ляпіць, а круціць трэба, — пахмура адказаў Мірон.
— Давай круціць — усё роўна. Ты, мусіць, добра ведаеш гэтую справу?
— Чаму ж так я? — здзівіўся Мірон.
— Ды ты ж сам надоечы апяваў гліну, паэму дэкламаваў.
Мірон паскроб патыліцу.
— Паэма паэмай, — прамовіў ён, — а як робяцца гаршкі, я не бачыў. Неяк не траплялася. Справа лічыцца такой простай, што, я думаў, не варта спецыяльна наглядаць, вывучаць яе. Можа, ты часам бачыў?
— І я не бачыў! — з камічнай мінай адказаў Віктар. — Таксама не цікавіўся гэтай прымітыўнай прамысловасцю. Усе дзікуны ўмеюць гэта рабіць. Я нават недзе чытаў, што егіпцяне чатыры тысячы гадоў назад выдумалі нейкую прыладу для гэтай вытворчасці. Але, я думаю, зляпіць абы-які гаршчок можна і без усякай прылады.
— Паспрабуем, — панура адказаў Мірон.
Як ён цяпер шкадаваў, што не пацікавіўся гэтай справай! Яму таксама даводзілася чытаць, ён меў нават некаторыя тэарэтычныя веды, але як узяцца за справу — не ведаў.
Намачылі, размясілі гліну. Пусцілі ў ход і сваю чарапаху для вады. І пачалі ляпіць, як гэта робяць маленькія дзеці. Маленькія, нязграбныя місачкі сяк-так выходзілі, але ім не гэта трэба было, а гаршчок, прынамсі, хоць на літр. Такую пасудзіну трэба было злепліваць з кавалкаў, а тады ўжо адразу было відаць, што ў злепленых месцах будзе шчарбіна.
Стараліся хлопцы так, што аж пот капаў. Шмат разоў нанава камячылі свае «гаршкі».
— Вось табе і «не святыя гаршкі лепяць»! — злаваў Віктар. — Выходзіць, наадварот: якраз святым трэба быць у гэтай справе.
— Або дзікуном, — дадаў Мірон.
Нарэшце кожны з іх зляпіў па невялічкаму «гаршку», але, глянуўшы на сваю працу, хлопцы толькі насамі паківалі.
— Яны адразу распаўзаюцца, калі пачнуць сохнуць. А іх яшчэ трэба абпальваць, каб ужываць. Вось табе і прымітыўная вытворчасць! — прамовіў Віктар.