— Не, відаць, не абысціся без ганчарнага кола! — рашуча сказаў Мірон.
— Вось чаго захацеў: колы, машыны!
— Якую-небудзь круцёлку, абавязкова трэба прыдумаць. Тады шчыльней зліпнуцца часткі гліны. Зараз я пашукаю што-небудзь.
Праз некалькі хвілін Мірон прынёс досыць тоўсты круглы кавалак дрэва, абсмаліў, абскроб яго.
— Цяпер, — сказаў ён, — паставім гэтую штуку старчма. Ты будзеш круціць яе, а я зверху палажу камяк гліны. У кожным разе павінна выйсці нешта, не горшае за гэтае чарап'ё.
Падышлі бліжэй да вады, прыладзіліся. Было б нішто сабе, але канец хістаўся ад рухаў Віктара. Тады зрабілі вілкі, каб «машына» не хісталася.
Нарэшце, пасля доўгай пакуты, нешта зрабілі. Але гэтае «нешта» вельмі мала нагадвала гаршчок.
— Што ён нязграбны — гэта не бяда, — казаў «майстар» Мірон.
— Але сценкі надта тоўстыя, а гэта нядобра: патрэскаюцца. Давай яшчэ паспрабуем.
У выніку ўсёй працы з'явіліся два сякія-такія гаршкі. З задавальненнем глядзелі хлопцы на свае вырабы, і яны пачалі ім здавацца нават нядрэннымі. Хоць на наш погляд гэтыя рэчы былі б зусім недарэчныя.
Але задавальненне значна зменшылася, калі яны падумалі, што да канца яшчэ вельмі далёка.
— Сушыць іх трэба некалькі дзён, — сказаў Мірон, — бо трэба пачынаць з цёмнага, вільготнага месца. А потым абпальваць некалькі дзён, таксама пачынаючы з лёгкага агню, нават дыму. Ды і то невядома, ці не патрэскаюцца, бо гліна не падрыхтаваная і не апрацаваная як трэба.
— Э-э! — працягнуў Віктар. — У такім разе і не дачакаемся. Мусіць, мы тады ўжо дома будзем. Вада бадай ужо спала.
— Я не буду шкадаваць, калі не дачакаемся. А калі спатрэбяцца, мы самі будзем рады, што зрабілі. Рыбы на сёння хопіць, пойдзем пашукаем да яе яшчэ чаго-небудзь.
Як звычайна, накіраваліся ў лес. Праз некаторы час знайшлі некалькі маладзенькіх грыбоў.
— Бач, якія прыгожыя сыраежкі! — усцешыўся Віктар, сарваў і адразу з'еў корань. — Смачныя, салодкія! — цмокнуў ён. — Нездарма іх завуць сыраежкамі.
А яшчэ праз некалькі крокаў натрапілі хлопцы на лісічкі.
— Цёплае надвор'е, пачынаюць грыбы лезці, — задаволена казаў Мірон. — Будзем мець падмацаванне замест цецерукоў.
Перасеклі лес наўскасяк і выйшлі да таго месца, дзе яны ў першы дзень бачылі клін, што вытыркаўся ў возера. Цяпер з гэтага боку ўжо возера не было.
— Суха ўжо! — крыкнуў Віктар і пабег наперад.
Пабег за ім і Мірон. Але хутка пераканаліся, што да сухога месца яшчэ далёка. Тут была дрыгва, у якую і думаць нельга было совацца.
— А ўсё ж такі цяпер можна ўжо спадзявацца знайсці выхад, — суцяшалі сябе хлопцы. — Заўтра пойдзем шукаць.
Тут Мірон звярнуў увагу на малады аер у балоце.
— А вось і яшчэ страва! — сказаў ён, вырваў расліну, вылушчыў белы канец каля кораня і пачаў есці.
— Праўда! Ведаю. Не раз еў! — крыкнуў Віктар і далучыўся да Мірона.
— Здаецца, і сёе, і тое з'ясі, — разважалі хлопцы, калі ішлі назад, — а ўвесь час адчуваеш голад, усё чагосьці не хапае.
Пад вечар пачаўся дождж, вялікі, доўгі. Увесь час прыйшлося сядзець у будцы. Хоць і старанна яна была пабудавана і дагледжана, але ўсё роўна працякала.
— Абавязкова спалю яе, калі будзем адыходзіць дадому! — злаваў Віктар.
Зноў зрабілася нудна і сумна. Зноў нямілым стала ўсё навакол. Адна толькі ўцеха была: заўтра яны канчаткова выберуцца з гэтага дзікага кута, бо вада ўжо спала.
XII
Зноў няўдалая спроба. — Неспадзяваная сустрэча. — Вожык дапамог. — Апошняя рыба. — Новая спроба. — Нядоўгая радасць. — У пастцы. — Апошнія патугі. — Побач са смерцю.
Спалі дрэнна. Увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Дождж перастаў на світанні, і хлопцы зараз жа пачалі рыхтавацца ў дарогу.
Вялікую надзею яны мелі, што цяпер ужо выберуцца. Не можа быць, каб нідзе аніякай магчымасці не было! Калі спатрэбіцца, яны нават папаўзуць, як тады паўзлі ад возера. Так або іначай трэба нарэшце вырвацца…
Перад адыходам Мірон кінуў у вогнішча ўсе назапашаныя дровы.
— Хай гараць. Можа, яшчэ прыйдзецца назад вярнуцца.
Ісці было вельмі непрыемна. Зямля мокрая, з дрэў капае вада. Закране першы якую галіну — другі крычыць, што яго абліло. Абутак прамок адразу, а далей паступова прамакала і адзенне.
Пайшлі тым самым шляхам, што і першы раз, — навакол. Але самаадчуванне было нават горшым, як тады. Тады, прынамсі, адразу было відаць, што далей — вада, значыць, і совацца няма чаго. А цяпер кожны раз прыходзілася лезці ў балота спрабаваць, ці нельга прайсці, — і кожны раз вяртацца назад.
Нават возера не было відаць; перад ім распасцерлася вялікае балота, пакрытае рэдкім хмызняком і паасобнымі дрэвамі. Толькі часам блісне між зелянінай вада і зноў схаваецца.
Яны прайшлі толькі палову свайго вострава, а змарыліся куды болей, як тады за ўвесь шлях. Да таго ж голад пачаў мучыць. Спачатку іх падтрымлівала надзея, што вось зараз яны выберуцца, але хутка надзея знікла. Нават Мірон не вытрымаў:
— Гэтак можна швэндацца тут усё сваё жыццё!
— Толькі цяпер я адчуў, які прыемны, прыгожы, прытульны быў наш куток, будан, вогнішча! — сказаў Віктар. — Хадзем назад!
— Хадзем! — згадзіўся Мірон. — Усё роўна сёння не паспеем усяго абысці. Заўтра пачнём з гэтага месца.
Калі вярнуліся назад, было пад вечар ужо. Жар ад вогнішча захаваўся, але ў запасе не было ні ламачча, ні ежы.
Хлопцы былі так стомлены, што ім не хацелася нават варушыцца. Трэба было ісці па галлё, па рыбу, але абодва згадзіліся лепш галадаваць, абы толькі адпачыць, бо і папярэднюю ноч яны амаль не спалі.
Падсушыліся, выпілі «чаю» і зараз жа паляглі спаць.
Прачнуліся на світанні, праспаўшы гадзін адзінаццаць. Затое зноў адчувалі сябе бадзёрымі і вясёлымі. Толькі голад даваў сябе знаць.
Ускінулі на плечы свае дубіны і бягом памчаліся да сажалкі. Наперадзе шпарка бег Віктар, ззаду дыбаў Мірон. Беглі яны па дарозе, якую добра ведалі, таму нават не глядзелі вакол сябе. Вось кусты па беразе іх сажалкі; Віктар ужо абмінуў куст…
Але ў гэты момант адбылося нешта такое, чаго Мірон зусім уразумець не мог.
Пачуўся крык, рэў, стук, і насустрач Мірону выскачыў бледны, бяззбройны Віктар.
— Уцякай! — паспеў ён толькі крыкнуць і паляцеў як страла.
Мірон нават і сам не заўважыў, як ужо імчаўся следам за Віктарам.
Вецер свісцеў у вушах, галіны сцёбалі па твары, а яны ўсё ляцелі ды ляцелі. Азірнуўся быў Мірон назад, нічога не заўважыў, але не адставаў ад Віктара. Толькі каля вогнішча спыніўся Віктар і пачаў углядацца назад.
— Што… такое? — задыхаўшыся, спытаўся Мірон.
— Мядзведзь! — коратка адказаў Віктар.
Але як яны абодва ні прыглядаліся, нікога не было відаць.
— А можа, табе толькі здалося? — насмешліва сказаў Мірон.
— Добра здалося, калі я сам стукнуў яго па галаве! — адказаў Віктар сур'ёзна.
Потым, прыгінаючыся, пачаў красціся наперад. Рушыў за ім і Мірон. Крокаў пяцьдзесят пасунуліся яны і нічога не заўважылі. Тады толькі Віктар супакоіўся.
— Я быў упэўнены, што мядзведзь за намі гоніцца, — прамовіў ён з палёгкай.
— Ды раскажы ты толкам, у чым справа? — нецярпліва запытаў Мірон.
— А вось калі я заскочыў за куст, дык трапіў акурат у лапы да мядзведзя. Сажалка высахла, засталося толькі балота, а ў ім бялела шмат рыбы. Вось мядзведзь і капашыўся там, падбіраў нашую рыбку. Мусіць, таму ён і не пачуў нас, што быў заняты гэтай справай. Я з разгону так і паляцеў на яго. Ён мігам выпрастаўся, стаў на заднія лапы і павярнуўся да мяне. У бяспамяцці я стукнуў сваёй булавой яму па мордзе. Ён зароў і ўхапіўся лапамі за вочы. Відаць, я трапіў яму ў вока. Булава вывалілася з рук, і я паляцеў назад. Вось і ўсё.