У адным кутку, пад елкай, знайшлі яшчэ некалькі апошніх журавін, у другім месцы паскублі маладога шчаўя, а ў арэшніку знайшлі крыху леташніх арэхаў. Калі ўбачылі ліпу, Мірон спыніўся і сказаў:
— А мы забыліся яшчэ на гэтую спажыву. Маладзенькае лісце ліпы не горш за салату.
Пакаштаваў Віктар і застаўся вельмі задаволены.
— Гэта нават лепш за аер і шчаўе! Э-э, жыць можна! А ўлетку, мусіць, яшчэ больш усялякага дабра набярэцца.
Раптам ён спыніўся і ўтаропіўся на верхавіну дрэва. Зірнуў Мірон і яшчэ болей здзівіўся: там, высока над зямлёй, скакала жаба. Ярка-зялёная, з белым жыватом і дзвюма чорнымі з жоўтымі палоскамі па баках, яна мела лёгкі і жвавы выгляд і спрытна пераскаквала з галіны на галіну.
— Як яна сюды забралася? — спытаўся Мірон.
— Ды яна жыве на дрэве, як птушка, — адказаў Віктар. — Наогул такіх жаб шмат на свеце. Ёсць у паўднёвай і сярэдняй Эўропе. Вось, як бачыш, сустрэлася і ў нас. Яна таксама жывіцца казюлькамі, як і птушка. А ікру адкладае на зямлі, у вадзе.
— Дык вось чаму людзі кажуць, што часам жабы нараджаюцца ў арэхах! А я лічыў гэта байкай, — сказаў Мірон. — Наогул, колькі цікавых рэчаў ёсць у нас у прыродзе, пра якія мы нічога не ведаем.
— Калі прыцісне бяда, можна будзе і жаб пакаштаваць, не гэтых, а тых, што на зямлі. Трэба думаць, што рэч няшкодная.
— Калі трэба будзе, пакаштуем і жаб, — са смешнай пакорлівасцю ўздыхнуў Мірон.
Нічога больш спажыўнага на гэты раз не здабылі.
— Добра, што хоць крыху папасвіліся, — казалі хлопцы, калі ішлі дадому.
Сонца ўжо заходзіла, калі яны вярнуліся на сваю стаянку. Паправілі вогнішча. Агонь весела затрашчаў. Пасля ўчарашніх турбот іх «дом» здаваўся такім прытульным, родным, нібы яны тут і нарадзіліся.
— Няма чаго дурыцца, заўтра абавязкова пайду памыюся, — нездаволена бурчаў Мірон. — А ты як сабе хочаш.
— Заўтра і я пайду, — са смехам адказаў Віктар. — Але вось што: адной чарапахі для чаю мала, трэба яшчэ пасудзіну зрабіць з бяросты.
— Рэч добрая, — згадзіўся Мірон.
Віктар адышоўся да бярозы.
І раптам ён закрычаў так, што рэха пакацілася па ўсім лесе:
— Мірон! Што гэта такое?!
Мірон ускочыў, нібы яго хто тыцнуў пад бок. Падбег да Віктара і ўбачыў, што той падымае з зямлі недакурак.
— Што гэта такое?! — паўтарыў Віктар.
— Недакурак, — спакойна адказаў Мірон.
— Адкуль?! — зароў Віктар.
Тут ужо і Мірон сцяміў, што справа сур'ёзная.
— Пакажы, — прамовіў ён дрыжачым голасам.
Недакурак быў сухі, свежы…
Хлопцы пазіралі адзін на аднаго, як ачмурэлыя.
— Можа, ты? — шэптам запытаўся Віктар.
— Ідзі ты к ліху! — раззлаваўся Мірон. — Хутчэй ты сам.
— І не я. Значыцца…
— …тут нядаўна быў чалавек, — скончыў Мірон. І быў ён не пазней учарашняга дня, бо ў перадапошнюю ноч быў дождж і недакурак пажаўцеў бы.
— А я думаю, што сёння, — упэўнена адказаў Віктар, — бо сёння я тут быў і ў кожным разе такую незвычайную рэч заўважыў бы.
— Відаць, ён быў тут, калі нас не было, і падумаў, што нікога няма. Можа, ён і недалёка паспеў адысціся.
— Гэй! Людзі! Сюды! — загукалі хлопцы што было сілы.
Прыслухаліся — ніхто не адгукаецца.
Зноў пачалі крычаць, зноў прыслухаліся. Потым пабеглі наперад, нібы шалёныя, кідаліся ва ўсе бакі і крычалі датуль, пакуль не страцілі голас. Але ўсё было дарэмна…
— Няма! Пайшоў, — апусціў галаву Віктар. — А ён ведае дарогу.
— Добра ўжо і тое, што сюды можна прыйсці, — сказаў Мірон. — А калі можна прыйсці, значыцца, можна і выйсці.
— Але як, калі не ведаеш, знайсці гэтую сцежку?
— Вядома, нялёгка. Затое мы пэўна ведаем, што яна ёсць. І гэта добра.
Доўга абмяркоўвалі яны гэтае здарэнне, нават заснуць не маглі. Вельмі шкадавалі, што чалавек не знайшоў іх. Але ж затое ў іх з'явілася надзея хутка выбрацца з гэтай пушчы.
І калі нарэшце, здавалася, яны паснулі, Віктар раптам усхапіўся і штурхнуў Мірона ў бок.
— Чаго ты? — нездаволена буркнуў той.
— Слухай, — трывожным шэптам пачаў Віктар. — А што, калі… ён… наўмысля не хацеў сустрэцца з намі?
— Ну, вот яшчэ што выдумаў! Спі. Заўтра ўбачым.
— Не, ты толькі падумай: будка, вогнішча, чарапаха з сокам, розныя хатнія рэчы, а галоўнае — барсучыная скура ў будцы. Хіба можна падумаць, што нікога няма? Га?
— А чаму ж не? — адказаў Мірон, але ўжо не так упэўнена. — Калі мы пойдзем, то пакінем жа і вогнішча, і будку.
— А чарапаху? А барсучыную скуру?
— Ну, ён мог на гэта не звярнуць увагі.
— Але ж ён, здаецца, стаяў і курыў тут.
Довады Віктара пахіснулі і Мірона. Але як яны ні меркавалі, растлумачыць гэты незразумелы факт ніяк не маглі. Ну, хто мог хавацца ад іх і навошта?…
Так і паснулі ў трывожным няведанні.
XIV
Дарэмныя патугі. — Паселішча баброў. — Яшчэ адна няўдалая спроба. — Недакурак варона на хвасце прынесла. — Сонны заяц.
Ледзь толькі ўзышло сонца, як хлопцы былі на нагах і спешна рушылі ў дарогу. Калі яны падышлі ўжо да балота, каб пераправіцца на другі востраў, Мірон прыпыніўся і сказаў:
— А чаму мы так упэўнены, што чалавек прыходзіў з таго вострава? Ён жа мог прыйсці і непасрэдна на наш.
Віктар і сам здзівіўся, адкуль узялася ў іх гэтая ўпэўненасць. Тым болей што чалавеку без ніякай патрэбы і карысці трэба было прабірацца і праз гэтае балота, у якім яны ледзь не загінулі.
— Усё роўна трэба абследаваць абодва, — нарэшце сказаў Віктар, — дык пачнём ужо з таго, які меней вядомы.
Яны пільна прыглядаліся да балота, ці не відаць слядоў незнаёмага чалавека. Але сярод сваіх слядоў новых нельга было заўважыць.
— А можа, ён у другім месцы перайшоў.
Прайшліся ў адзін, другі бок, але ніякіх слядоў не знайшлі.
Як жа не хацелася ім зноў лезці ў гэтае абрыдлае балота! Адно што ўдзень ісці было куды лепш, як уначы. Апрача таго заўважылі, што за апошнія суткі балота крыху пасушэла.
— Відаць, паводка яшчэ не скончылася, — сказаў Мірон. — Вада ўсё падае. Гэта для нас добра.
Перайшлі на той бераг і пайшлі ў абход, як і раней.
Зноў пачалася цяжкая праца. Зноў у роспачы соваліся яны ва ўсе куткі і кожны раз без выніку адыходзілі назад. Вось абагнулі адзін бок, другі, а выйсця ніякага няма. Абышлі трэці бок і завярнуліся зноў назад.
— Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — упэўнена сказаў Віктар.
У кутку, адкуль хлопцы пачалі абследаванне апошняга, паўднёвага берага вострава, сярод дрэў і лазняку яны заўважылі ваду, нібы азярцо. Яны і раней бачылі яе, але палічылі, што сюды няма чаго совацца, і пайшлі далей да месца сваёй пераправы.
Цяпер жа зацікавіліся і гэтым месцам. Калі праціснуліся праз лазняк, убачылі крынічку, якая, відаць, выцякала з балота ў возера. Крыху далей крыніца была перагароджана нібы грэбляй, перад якой вада крыху затрымлівалася і стварала тое азярцо, што хлопцы бачылі з берага. Цяжка было распазнаць, ці прыродная гэта грэбля, ці зроблена людскімі рукамі. Праўда, два зламаныя дрэвы з галінамі, кучы ламачча ляжалі так, як чалавек не рабіў бы. Але, з другога боку, цяжка было даць веры, што ўсё гэта навалілася тут выпадкова. Перад грэбляй з вады вытыркаліся тры стажкі, нібы копы сена. Зноў жа нельга было даць веры, каб такія стажкі стаялі выпадкова.
Раптам каля грэблі плюхнуліся ў ваду дзве-тры невялікія жывёлівы, падобныя да выдры, якую хлопцы бачылі раней.
— Бабры! — крыкнуў Віктар.
Гэтае з'явішча так зацікавіла хлопцаў, што яны забыліся і на голад, і на зморанасць, і на таемнага чалавека, і на сваё становішча. Столькі разоў яны чулі і чыталі пра гэтых рэдкіх, каштоўных і цікавых жывёл, якія захаваліся ў рэчках лясных раёнаў Расеі і Беларусі. Столькі чулі пра іх паселішча, жыццё. І вось цяпер яны бачаць іх сваімі ўласнымі вачыма ды яшчэ ў першабытных, прыродных умовах.