— Ясна! — сказаў Віктар. — Цяпер буду фантазіраваць толькі тады, калі добра абдумаю пытанне.
Яны ціха пайшлі напрасткі да сваёй хаты. Хоць думкі іх былі далёка адсюль, але па прывычцы яны пільна прыглядаліся да кожнага куста, да кожнага кутка. І пад адным кустом заўважылі нешта светла-шэрае.
Угледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Праўда, ветрык дзьмуў акурат з яго боку, так што ён мог іх і не ўчуць. Але ж затое бачыць павінен быў.
— Мусіць, спіць, — сказаў Віктар. — Паспрабуем падкрасціся.
І яны пачалі красціся так ціха, што нават адзін аднаго не чулі. Толькі сэрца калацілася моцна-моцна. Крок за крокам пасоўваліся наперад. Вось ужо заяц відаць зусім выразна. Ляжыць на жываце, падкурчыў ногі, вушы натапырыў, а сам глядзіць хлопцам у вочы. Нават нейкі жах ахапіў таварышаў.
Чым бліжэй, тым больш хваляваліся яны. Вядома, ён зараз ускочыць і ўцячэ! Але заяц не рухаўся…
Апошнія пяць крокаў для хлопцаў былі такімі пакутнымі, што нават бадзянне па балоце (як яны казалі потым) здавалася ім лягчэйшым. Нявыказаная напружанасць, надзея, жах, што вось-вось уцячэ, зноў надзея, боязь, што пад нагою ў каго-небудзь з іх хрусне галінка, — усё гэта было надзвычайна цяжкім перажываннем.
Вось Мірон замахнуўся дубінай — і заяц забіты…
— Эх! — вырвалася ў абодвух хлопцаў, нібы яны перанеслі вялікі цяжар.
— Якім чынам гэта магло здарыцца? — не верыў сваім вачам Мірон.
— З імі гэта здараецца. Мая бабуля казала, што аднаго разу, калі збірала ягады, дык яна сама натрапіла на такога зайца. Але чамусьці яна пабаялася хапаць яго голымі рукамі і пачала адвязваць фартух. Заяц прачнуўся і ўцёк.
Вялікая была радасць хлопцаў, але не меншыя былі і скаргі на тое, што няма нажа, калі прыйшлося зайца разбіраць.
— Дзіўная рэч! — заўважыў з гэтага поваду Мірон. — Кожны раз мы скардзімся на гэта тады, калі трэба радавацца, калі ёсць што есці. А калі няма чаго есці, мы не скардзімся.
— А ты ўсё мудрагеліш ды філасофію разводзіш з кожнага глупства, — упікнуў Віктар.
XV
Бабровая гаспадарка. — Неспадзяваная небяспека. — Збаўцы-ворагі. — Чужыя гаспадары. — Рэшткі ад чужога стала. — Сур'ёзная памылка.
Такім чынам высветлілася, што ў бліжэйшыя дні няма чаго спадзявацца на вызваленне. Некалькі часу яны маглі пра гэта не думаць. А запас спажывы дазваляў ім дні са два адпачыць. Гэтае становішча скарыстаў Віктар і прапанаваў, не адкладваючы, на другі ж дзень, ісці наглядаць баброў.
— Толькі, брат, запасіся цярплівасцю! — папярэдзіў ён. — Бо прыйдзецца сядзець і не варушыцца, можа, некалькі гадзін. Абяцаеш?
— Ды ўжо ж! — адказаў Мірон, бо ён і сам цікавіўся не менш за свайго таварыша.
Падышлі яны так ціха, што нават не спудзілі бабра, які нешта майстраваў на сваёй хаце. Аднак, калі хлопцы пачалі масціцца на сваім месцы, бабёр даў нырца і знік.
Хутка з вады зноў высунулася тупая, круглая галава. Праз хвіліну — другая, трэцяя. Двое падышлі да пачатага дрэва і ўзяліся за працу. Якія яны былі смешныя, нязграбныя! Хвост шырокі, нібы рыдлёўка, і пакрыты не поўсцю, а нейкай лускай. Пальцы задніх ног злучаны плеўкай, як у гусей. На пярэдніх жа пальцах плеўкі няма, затое кіпцюры вострыя, а на другім пальцы нават падвойныя. Густая бураватая поўсць аж блішчыць на сонцы.
Двое «дрывасекаў» сталі з абодвух бакоў на заднія лапы, абаперліся яшчэ на хвасты і ўзяліся за працу так, што толькі трэскі пасыпаліся. Трэці зноў палез на сваю хату, чацвёрты пачаў цягнуць з берага дрэўца таўшчынёю з руку чалавека. Цяжкая праца! Таргане крыху — і адпачывае. Яму на дапамогу прыйшоў новы таварыш.
З захапленнем наглядалі хлопцы гэты малюнак.
Тым часам дрэва хіснулася, храснула. «Дрывасекі» адскочылі ўбок, а рэшта баброў кінулася ў ваду.
— Слухай! Яны ж могуць прыстукнуць нас! — з жахам прашаптаў Мірон.
Віктар і сам гэтага баяўся. Ён пільна прыглядаўся, у які бок думае валіцца дрэва, але пакуль што пазнаць было нельга. Дрэва патрэсквала і хісталася. Бабры падскочаць, грызануць і зноў адскочаць. Але падгрызалі яны з боку вады, або, лепш сказаць, грэблі.
— Яно павінна туды паваліцца, — прашаптаў Віктар.
Аднак поўнай упэўненасці ў гэтым не магло быць. Хлопцы рызыкавалі. Толькі вострая цікавасць і запал утрымлівалі іх на месцы.
Вось ужо дрэва хіліцца на той бок. Храснула апошні раз і са страшэнным трэскам шаснула на грэблю.
Ад гэтага шуму нават «дрывасекі» схаваліся ў ваду.
— Але ж малайцы! — з захапленнем прамовіў Мірон. — Такая драбната, а гэткае дрэва звалілі!
— Ціха! Паглядзім, што далей будзе, — прашаптаў Віктар.
А далей… далей адбылося нешта ўжо зусім неспадзяванае. У лесе пачуліся галасы і сярод дрэў мільганулі… два чалавекі!
— Людзі! — радасна крыкнуў Віктар і хацеў быў ускочыць.
Пазней Мірон зусім не мог прыпомніць і растлумачыць, што з ім тады здарылася. Памятаў толькі, што ў яго галаве, нібы маланка, мільганула слова «недакурак», і ён люта сцяў зубы, схапіў Віктара за плячо і прасіпеў:
— Не рухайся! Пачакай!
Віктар апусціўся і заціх. На іх шчасце, толькі што паваленае дрэва заглушыла голас Віктара. Людзі нічога не пачулі, падышлі і спыніліся каля таго стажка, на які ўчора ўзлазілі хлопцы.
Адзін з незнаёмцаў быў высокі, дужы, гадоў пад пяцьдзесят чалавек, з чорнай стрыжанай барадой і густымі чорнымі вусамі, якія апускаліся ўніз, як у маржа. Пад густымі бровамі глыбока сядзелі вузкія вочы, якія надавалі яму люты выгляд. На ім была кароткая шэрая, з грубага сукна, світка і высокія паляўнічыя боты, запэцканыя ў балоце да каленяў. За плячыма вісела стрэльба.
Яго таварыш быў маладзейшы і меў больш «гарадскі» выгляд. Высокі, тонкі, голены. На ім таксама былі высокія боты, а замест світкі — парусінавая накідка. Стрэльбы ў яго не было.
Кідалася ў вочы, што абодва наогул былі вельмі запэцканыя ў балота.
— Вось якое дрэва звалілі, — заўважыў малодшы.
— Гэткім чынам яны маглі разбурыць нашу хатку, — сказаў чорны. — Вось нарабілі б бяды.
— А яны тут былі? — запытаўся першы.
— А ліха іх ведае! Пакуль што, як бачыш, слядоў не відаць.
— Дык усё ж, нарэшце, як вырашым гэтую справу? — звярнуўся малады да свайго спадарожніка.
— І сам не ведаю, — задумаўся старэйшы. — Можа, дай Бог, яны самі загінулі.
— А калі не?
— Тады, мусіць, трэба ім дапамагчы, — крыва ўсміхнуўся чорны.
«Гэта ж, відаць, пра нас ідзе гутарка! — падумаў кожны з хлопцаў. — Але завошта? Што мы ім зрабілі?»
Яны зірнулі адзін на аднаго, але не паварушыліся. Справа была такая незразумелая і недарэчная, што хлопцы не хацелі верыць сваім вачам і вушам і чакалі, што зараз усё высветліцца.
— Кепска атрымліваецца, — казаў тым часам малодшы. — Калі яны выйдуць адсюль, дык усюды раструбяць аб гэтым кутку. Палезуць розныя вучоныя, возьмуць пад ахову гэтых баброў. Пачнуць пісаць у газетах. Да гэтага часу толькі ляснік адзін раз, узімку, наведваўся сюды, а тады кожны палезе. І нам прыйдзецца развітацца з гэтым надзейным прытулкам.
— Я ж і кажу, — буркнуў чорны.
— Але ж, з другога боку, яны нам зусім непатрэбныя.
— Чаго там шкадаваць савецкае насенне! — бліснуў вачыма чорны. — Нічога, акрамя карысці, не будзе, калі загінуць два бальшавіцкія гадаванцы.
— І то праўда, — уздыхнуў малады. — Наша справа важней за гэтых двух малакасосаў. А колькі нашага брата гіне ад іх! Хай не соваюць свой нос куды не трэба. Дзе яны цяпер?
— Там, каля возера.
— Значыцца, зробім такім чынам: яны, вядома, надзвычай будуць рады, калі ўбачаць нас; мы возьмемся іх вывесці, а там…