Выбрать главу

— Пэўна, бо свае тонкія карэньчыкі яна запускае глыбока ў дрэва. Нават можна па глыбіні пазнаць, колькі часу яна тут жыве. Але ўсё-такі лягчэй будзе беднаму дрэву.

Дома ім сапсавала настрой дымарня. Ім здавалася, што шынкі пачнуць падсыхаць і набываць такі выгляд, у якім звычайна ўсе мы прывыклі іх бачыць, а тым часам адбывалася нібы наадварот: яны рабіліся больш мяккімі, разлезлымі і, здавалася, псаваліся хутчэй, як без акурвання.

— Відаць, нічога не выйдзе, — журыўся Мірон. — Іх трэба і саліць, і сушыць доўга, а потым ужо акурваць. Апрача таго, вецер адносіць дым. Выходзіць, што мы самі толькі псуём іх. Лепш ужо спячы — даўжэй захаваюцца.

— І высушыць, — дадаў Віктар.

Знялі мяса і ўзяліся за новую справу. Адразу выявілася, што сушыць нельга, бо не было чым парэзаць на тонкія лусты. Пачалі кавалкамі пячы. Да ночы ў шалашы было ўжо шмат печаных кавалкаў.

Мірон дадумаўся нават да рацыяналізацыі. Таму што солі, якая ў іх была, не хапала, каб пасаліць мяса, ён засаліў крыху вады і памачыў у ёй кавалкі мяса.

— Гэта пойдзе ў лік пайка, — звярнуўся ён да Віктара. — Дадаваць да такога кавалка яшчэ солі ты не будзеш мець права.

— Я і не думаю, абы толькі захаваць на лішні дзень.

— Але ў адну кучу іх усе класці нельга, каб не загніліся, — прамовіў Мірон і азірнуўся навакол.

— Тады паложым іх у хлеў, — сказаў Віктар. — Пакуль што ён у нас пусты.

Там на сухіх галінках і расклалі кавалкі паасобку. Гаршкі пакінулі сушыцца над агнём.

— Мы ж забыліся пра нашых пчол, — сказаў Віктар, калі яны паляглі ўжо спаць.

— Туды пойдзем заўтра раніцою, — адказаў Мірон.

Назаўтра ўзялі з сабой адзін з гаршкоў, палажылі туды вугольчыкаў і пайшлі па мёд. Пад дрэвам расклалі агонь. Але як выкурыць пчол там, наверсе?

— Я палезу туды, а ты мне падасі тычку запаленага моху, — прапанаваў Віктар.

— Каб знайсці добрую жэрдку, дык лепш было б з зямлі прасунуць, — сказаў Мірон. — Спакайней, ды і табе не прыйшлося б цярпець.

Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку. Як загуло там! Хлопцы зараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары.

Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала.

Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.

— Ды гэтага і чакаць трэба было, — сказаў Мірон. — Новага мёду не маглі яшчэ назбіраць. Засталіся толькі леташнія рэшткі.

— Дзякуй і за гэта. Шклянка добрая набярэцца, — казаў Віктар, аблізваючы пальцы.

— Цяпер мы жывём! — разважаў Мірон, калі ішлі назад. — Калі ўзяць, напрыклад, ды змяшаць з мёдам ліпавае лісце, дык будзе такая страва, ад якой ніхто і дома не адмовіўся б. Пасля мяса гэта будзе вельмі дарэчы.

— Пачакай цешыцца, — усміхнуўся Віктар. — Можа, звар'яцееш яшчэ.

— Чаму так? — прыпыніўся Мірон.

— Забыўся? А можа, гэта мёд з той цудоўнай азаліі?

— Ну, не. Столькі не набяруць.

— Калі не зусім, дык крыху ашалееш.

З гэткімі гутаркамі яны весела ішлі дадому і не думалі пра тое, што іх там магло чакаць.

А калі прыйшлі, то ўбачылі такую карціну, ад якой аж уваччу пацямнела: абгрызеныя косці, разбураны хлеў і сляды звяроў…

У Мірона ледзь гаршчок не вываліўся з рук, а Віктар забегаў і закрычаў, нібы хто яго ўкусіў.

— Ах, праклятыя! Хто гэта? Як гэта здарылася?!

— Мы забыліся, што апрача нас у лесе яшчэ ёсць насельнікі: лісы, ваўкі, дзікі, — панура сказаў Мірон. — Вось хто-небудзь з іх і паквапіўся.

Віктар пачаў прыглядацца да слядоў.

— Ды тут іх шмат было! — сказаў ён. — Вось сляды нібы ваўка, вось — нібы кошкі. А тут вунь яшчэ нейкія. Адкуль яны ўсе разам сабраліся?

— А навошта было ім збірацца ўсім разам. Спачатку хто-небудзь адзін прыйшоў, разбурыў, наеўся, а там маглі пачуць і падысці іншыя. Але нам ад гэтага не лепш.

— Што ж мы цяпер будзем рабіць? — схапіўся за галаву Віктар.

— Тое, што і да гэтага часу, — спакойна адказаў Мірон. — Трэба думаць, што не загінем, як і дагэтуль.

Спакойны тон Мірона крыху суцешыў і Віктара. Выбух роспачы сцішыўся, а там яны ўзялі сябе ў рукі і сталі глядзець на справу цвяроза. Усё роўна назад не вернеш. Калі забыліся, дзе знаходзяцца, зрабілі памылку, дык трэба прыняць яе пад увагу і другі раз быць разумнейшымі.

— Вось ужо колькі памылак мы нарабілі, — разважаў Віктар, — кожны раз абяцаем быць разумнейшымі і ўсё аніяк не можам паразумнець.

Мірон нават засмяяўся.

— Ці ведаеш, што мы і так разумныя? — сказаў ён.

— Не відаць гэтага, — паківаў галавой Віктар.

— Добра відаць. Калі яшчэ не памерлі, значыцца, не дурныя. А калі пажывём у гэткіх умовах год, то я абяцаю табе, што памылак у нас амаль не будзе.

— А калі дзесяць год, дык аніводнай не будзе! — сказаў панура Віктар.

— Пэўна, — сур'ёзна адказаў Мірон. — На ўсё трэба практыка, а ты адразу хочаш зрабіцца чалавекам без хібаў.

— Але дзе ж мы цяпер другога такога мядзведзя знойдзем? — ужо жартам прамовіў Віктар.

— На наш век дурняў хопіць, — засмяяўся Мірон. — Пратрымаемся як-небудзь тыдзень, а там прыйдуць нашы «збаўцы».

— Ты іх лічыш дурнямі?

— Калі мы іх перахітрым, — так.

— А калі яны?

— Тады мы будзем дурнямі.

Паступова вастрыня ўражання змяншалася. Забыцца на няшчасце, не шкадаваць яны, вядома, не маглі, але будучыня ўжо не здавалася ім безнадзейнай.

— Давай падбяром хоць агрызкі, — сказаў Мірон.

— А можа, яшчэ якую хваробу схопіш ад іх?

— Я думаю, тутэйшыя звяры адчуваюць сябе лепш, як мы.

Такіх недаедкаў навакол набралася столькі, што хлопцам магло хапіць на ўвесь заўтрашні дзень. А потым яны пачалі суцяшаць сябе тым, што, можа, паслязаўтра мяса і само сапсавалася б. А калі ўбачылі, што рэштка солі засталася некранутай, то яшчэ лягчэй зрабілася на сэрцы.

XVIII

Панская страва. — На баброў. — Вось дык бабёр! — Таемныя лісты. — Рамонт бабровай хаткі. — Ваенная падрыхтоўка. — Чаму людзі шануюць баброў.

Мінула яшчэ два дні. За гэты час хлопцы скончылі сваё абследаванне. Толькі ў адным месцы яны знайшлі нешта падазронае і, прасунуўшыся ў балота, адчулі пад нагамі нібы нейкія жэрдкі.

— Мусіць, тут! — узрадаваліся хлопцы.

Але праз некалькі крокаў жэрдкі скончыліся. Непадалёк ад іх, на купінцы, расло дрэўца. Віктар скокнуў да яго, але недаскочыў і заграз у балоце так, што Мірон ледзь выцягнуў яго з дапамогаю доўгага кала. Пры такіх умовах совацца далей ужо нельга было.

— Але ўсё ж такі недзе выхад ёсць! — ламаў галаву Віктар.

— Ну і што з таго, калі мы не ведаем, — пакорліва прамовіў Мірон. — Нічога не зробіш, прыйдзецца пачакаць. У кожным разе мы свой абавязак выканалі, даследавалі ўсё, што можна было.

А выканаўшы абавязак, яны ўжо ўвесь час маглі аддаць на пошукі спажывы. Але «дурных» звяроў больш не траплялася. Зноў давялося перайсці «на пашу», як казаў Віктар. А адной пашай пратрымацца было цяжка.

Аднаго разу Віктар прынёс зялёную жабу.

— Давай пакаштуем панскай стравы, — сказаў ён.

— Ой, баюся! — скалануўся Мірон.

— А я думаю, калі паны ядуць, дык і нам можна.

— Можа, не такіх?

— Прыблізна такіх, зялёных. А калі крыху і не такой пароды, то бяды не павінна быць. Шкада толькі, што ядуць адны заднія лапкі. А гэткімі кумпякамі не наясіся.