— Значыцца, трэба паўзці на руках, — сказаў Мірон, выпрастаўся нерухома на вадзе і лёгка паплыў, перабіраючы рукамі па зямлі.
За ім пусціўся Віктар.
— Ну як? Цяпер Архімед дапамагае? — спытаў Мірон.
Каб выправіць сваю папярэднюю памылку і паказаць, што ён не горш за Мірона разумее гэтае пытанне, Віктар паспяшаўся даць тлумачэнне:
— Цяпер у нас супраціўленне вады зусім невялікае, і нам не трэба моцна ўпірацца рукамі.
Усё ішло добра, пакуль цела трымалася ў вадзе. А калі яны падплылі да берага метраў на пяцьдзесят ды «селі на мель», тады ўжо ніякім спосабам нельга было рухацца далей. Немагчыма было ні абаперціся рукамі, ні стаць на ногі — ад кожнага руху хлопцы яшчэ больш загразалі ў балоце. Хоць ты назад вяртайся!
Яны чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Паступова яны набралі ў рукі па цэлай вязанцы сухога чаротніку і галля, а затым Віктар выступіў з канкрэтнай прапановай:
— Калі мы не можам паўзці, абапіраючыся на рукі, то паспрабуем паўзці, абапіраючыся на вязанкі, вось так…
Моцна трымаючы дзвюма рукамі вязанку, ён закінуў яе наперад, а потым падцягнуўся да яе ўсім целам. Першы крок быў зроблены. А за ім пайшлі далейшыя крокі, цяжкія, марудныя, але кожны з іх крыху набліжаў жаданую сушу.
Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Досыць высокі, сухі, ён глядзеў на поўдзень і добра награваўся праменнямі сонца. Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку; ад нагрэтай зямлі патыхала цеплынёй, як у добры летні дзень. Асабліва вабілі да сябе пляміны чыстага белага пяску. На яго і паваліліся нашы падарожнікі.
— А тут было б зусім нядрэнна, калі б… — пачаў Віктар млявым голасам.
— Калі б не гэтае «калі б», было б сапраўды добра, — згадзіўся Мірон. — Але калі мы засохнем у такім стане, то будзе яшчэ горш, — мы зробімся муміямі.
— Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, — засмяяўся Віктар.
— Ды і табе не лепш будзе, — адказаў Мірон. — Трэба змыць гэтую гразь.
Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:
— Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.
— Трэба, — пацвердзіў Віктар.
І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:
— Нічога не зробіш, трэба ўставаць.
— Трэба, — пацвердзіў Мірон.
І зноў абодва засталіся ляжаць.
Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:
— Так нічога не выйдзе. Давай па камандзе: р-раз!
— Два! — падхапіў Віктар.
А «тры» не сказаў ні той, ні другі — так хацелася яшчэ хвіліначку паляжаць. Многа яшчэ прайшло такіх хвіліначак, пакуль, нарэшце, бадай абодва разам крыкнулі «тры», усхапіліся на ногі і пачалі распранацца.
Адзежы ўсёй разам было: дзве пары бялізны, двое штаноў, дзве верхнія кашулі, пара ботаў (Міронавы), пара чаравік (Віктаравы), скураная куртка (Віктарава), суконная світка (Міронава), пара рваных шкарпэтак (Віктаравы), пара ануч (Міронавы) і дзве шапкі.
Ператрэслі кішэні і падлічылі ўсю сваю маёмасць наогул.
Віктар перш за ўсё ўхапіўся за свой табак. Зверху махорка зрабілася на кашу, а ад паперы нічога не засталося.
— Эх, шкада дабра! — уздыхнуў ён і асцярожна пачаў выцягваць сваё багацце і раскладаць яго на зямлі. — Дзе яго цяпер возьмеш?
— І добра! — сказаў Мірон. — Прынамсі, курыць адвыкнеш.
— Ну не, брат! Я лепш есці адвыкну.
— Цяпер для мяне гэта было б вельмі дарэчы, — спакойна прамовіў Мірон і выцягнуў з кішэні мокрую скарынку хлеба.
— Хлеб?! — падскочыў Віктар.
— Ціха, ціха! Ты ж толькі што казаў, што можаш не есці, абы махорка была. Выбірай — або хлеб, або махорка.
— Тады ліха з табой, не трэба, — пакрыўдзіўся Віктар.
Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі.
Калі вытраслі ўсе свае кішэні, то ў абодвух насы апусціліся яшчэ ніжэй. Агульная маёмасць была: махорка, скарынка хлеба, аловак, адна насавая хустачка, восем рублёў семдзесят чатыры капейкі грошай і чатыры мокрыя запалкі ў расплясканым мокрым карабку.
— Нават запалак не маеш! — упікнуў Мірон. — Адзін выпадак трапіўся ў гісторыі чалавецтва, калі курэц мог быць карысным для грамадства, ды і то…
— Запалак я меў досыць, але яны з усімі іншымі рэчамі былі ў торбе, якую ты пусціў па вадзе, — агрызнуўся Віктар. — А вось у цябе нават ножыка няма.
— Дык і ён жа застаўся ў маёй торбе, — панура адказаў Мірон.
Але спрачацца не было часу. Яны знайшлі клін чыстай вады, выпаласкалі ўсё сваё адзенне і ў чатыры рукі выкруцілі так, што ў ім, здаецца, не толькі вады, але і жывой мясціны не павінна было застацца. Развесілі на сонцы, а самі селі ў пяску пад карэннямі вялікай хвоі. Скардзіцца на холад яшчэ нельга было, але сонца няўхільна апускалася, а адзежа сохла марудна. Беражна расклалі на сонцы і ўсю іншую маёмасць, асабліва запалкі.
— А табе не даводзілася ўжываць высушаныя запалкі? — пытаўся Мірон. — Ці гараць яны?
— Не даводзілася.
— Вось бачыш: такая простая рэч, а ты не ведаеш.
— А ты?
— Дык я ж не куру.
— Гэта ж не толькі для курэння патрэбна. Эх ты! — паківаў галавой Віктар. — Разважаць толькі любіш.
Віктар увесь час скоса пазіраў на хлеб. Не цярпелася і Мірону. Узяў ён вільготны кавалак, разламаў напалам, працягнуў Віктару. З'елі гэты кавалак і яшчэ больш захацелі есці.
— Каб ведаў, лепш бы зусім не еў, — бурчаў Віктар.
— Прывыкай, браток, не тое яшчэ будзе, — суцешыў Мірон.
— Хоць бы закурыць, — прамовіў Віктар, гледзячы на сваю махорку.
— Добра і так, — сказаў Мірон.
Дагэтуль яны неяк не мелі часу падумаць пра свой далейшы лёс: кожную хвіліну перад імі стаяла бліжэйшая, непасрэдная справа. Цяпер жа, калі сядзелі галышом пад дрэвам і чакалі, пакуль высахне адзежа, яны маглі больш падумаць пра заўтрашні дзень.
— А што, калі нам некалькі дзён давядзецца валэндацца тут, пакуль выберамся? — разважаў Віктар.
— О, гэта было б вялікім шчасцем! — прамовіў Мірон.
— Дзякую за гэткае шчасце! — чмыхнуў Віктар. — А есці што будзеш? Можа, яшчэ з голаду зойдзешся.
— Вось таму я і лічу за шчасце пабадзяцца некалькі дзён, а не тыдняў ці месяцаў, — панура сказаў Мірон.
— Можа, скажаш яшчэ — стагоддзяў, — усміхнуўся Віктар.
— І гэта можа быць, — сур'ёзна адказаў Мірон. — Нашы косці могуць знайсці і праз некалькі стагоддзяў!
— Эх ты, нуда хадзячая! — скрывіўся Віктар. — Табе на печы б сядзець, а не пускацца ў падарожжа. Чуў я шмат разоў, як людзі блудзілі па лясах, але не чуў аніводнага разу, каб у нашых лясах гэтак хто-небудзь загінуў. Гэта табе не бразільскія лясы, не афрыканскія пушчы.
— Чаго ты пнешся? Магу цябе запэўніць, што я таксама не вельмі прагну тут загінуць, — апраўдваўся Мірон.
— Ну, дык няма чаго рыхтавацца да смерці! — адрэзаў Віктар.
Хоць сонца яшчэ свяціла, але ўжо не грэла. Доўгія цені паступова пакрывалі светлыя мясціны. Хлопцы адчулі холад.
— Нічога не зробіш, прыйдзецца надзяваць сырую адзежу, — уздыхнуў Мірон.
— Дармо! Дасохне на целе, — бадзёрыўся Віктар.
Калі яны адзеліся, Віктар неяк нерашуча сказаў:
— Можа, пойдзем далей?
— Куды ты цяпер пойдзеш? — адказаў Мірон. — Нават па знаёмай дарозе рызыкоўна пускацца ў такі час. А гэтак мы напэўна праблытаемся ўсю ноч дарэмна. Наўрад ці блізка ў гэтых месцах ёсць паселішча. Якім бы ні было чынам, а прыйдзецца тут пераначаваць.
За ўвесь сённяшні дзень гэта было адзінае пытанне, па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Пачалі рыхтавацца да начлегу. Зрабілі сабе логава ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі сухога лісця і шыльніку.
Нарэшце надышоў самы вялікі, урачысты і адказны момант — здабыванне агню. Сэрцы ў хлопцаў застукалі мацней, рукі дрыжалі. Мусіць, з такім самым пачуццём тысячагоддзі назад у якім-небудзь першабытным храме людзі прыступалі да здабывання свяшчэннага агню.