Выбрать главу

Мабыць, той, хто пабываў у няволі, узбуджана ўспрымае сваё вызваленне і абвострана прыкмячае прыгажосць навакольнага свету.

Сіліч трохі развеяўся пасля душэўнага стрэсу і разважыў, што тут ён можа спакойна адпачыць і бяспечна пераначаваць. За ноч хлопец добра адкархнуў.

А раніцаю зноў занепакоіўся: яму няма чаго заседжвацца. Хоць ягонае становішча і няпэўнае, але ж ён—салдат, прызваны радзімаю ў цяжкі для яе час. Ён добра ўсведамляў, які ягоны абавязак перад ёю. Цяперашняе ягонае становішча яшчэ болей трывожыла і непакоіла. Ён разумеў, што яму трэба хутчэй набрысці на якое-небудзь часовае прыстанішча, дзе можна было б пераапрануцца, падсілкавацца і запасціся харчамі. Па сваёй зямлі, на якой гаспадараць ворагі, у чырвонаармейскай форме прабірацца рызыкоўна.

Баючыся дарог і сцежак, арыентуючыся толькі па сонцы, пабрыў ён туды, дзе ўдалечыні відаць былі зараснікі. Калі перайшоў лугавіну і нырнуў ва ўзлесак, уздыхнуў спакойна. Хаця ён ведаў, што пара каласавікоў мінула, але яму здавалася, нібыта ўсё наваколле прапахла грыбніцаю. Праўда, прыглядацца панізе не было калі. Яго насцярожаны позірк пранікліва працінаў малады пералесак з шызаватымі стваламі асінніку, падсвечанага камлямі белых бярозак.

Праз некаторы час, пасля працяглага беспаспяховага блукання, нарэшце разгледзеў удалечыні шэрыя пабудовы. Асцярожна падкрадаючыся паміж кустамі, наблізіўся да краю ўзлеску і ўбачыў вясковыя хаты.

Сіліч прытаіўся ў крайніх кустах і доўга сачыў за бліжэйшымі хатамі і дварамі. Вёска выглядала бязлюдна. Ні ў вокнах, ні на падворках не паказвалася ніводнай жывой душы. Гэта яшчэ болей насцярожыла і выклікала падазрэнне, што паблізу знаходзяцца ворагі. «Таму і жыхароў не відно».

Ускрайкам хмызняку хлопец асцярожна пракрадаўся ўздоўж вёскі, працягваючы назіраць за хатамі. Нечакана выйшаў на невялікую палянку, акружаную кустамі. З краю яе пасвілася каза. Яе вымя, туга набрынялае малаком, прымусіла хлопца аблізнуць губы і праглынуць сліну. Паружавелы выгляд вымя, абвіслага да самай зямлі, навёў на спакуслівую думку. Ён ведаў, што ўлетку ў абедзенную пару кароў прыганяюць з пашы даіць. «Дык, можа, і казу дояць у абед? Трэба заняць зручны назіральны пункт, з якога добра праглядвалася б наваколле. Ва ўсякім разе, як бы там ні было, а па яе хоць увечары ды хто-небудзь жа павінен прыйсці».

Каза была прывязана вяроўкаю да колічка, убітага ў зямлю. Думаючы так, ён сноўдаўся паміж кустоў вакол казы. Яна спакойна скубла мурог, а ён, насцярожаны, час ад часу прысядаючы на кукішкі, вышчыкваў і запіхаў у рот шчаўе.

Глытаючы разжаванае лісце, хлопец ледзь не папярхнуўся, пачуўшы паблізу звонкае брынканне і глухаваты металічны шоргат. Міхась насцярожыўся. Доўга чакаць не давялося. Непадалёку з кустоў вынырнула на палянку жанчына. Яна прыпынілася, паставіла на дол два вядры, падышла да казы і пачала вырываць з зямлі колічак. Вырывала яго няўмела і таму трохі праваждалася. А калі, нарэшце, вырвала, узяла камень, што ляжаў у траве побач з колічкам, і на вяроўцы падвяла казу бліжэй да сярэдзіны палянкі. На новым месцы каменем нетаропка забіла ў зямлю колічак, узяла абодва вядры і падышла да жывёліны.

Цяпер Міхась разгледзеў вёдры. Старое, з якога жанчына паіла казу, было невялікае, ацынкаванае. А другое, з боку якога вытыркаўся выгнуты ражок, аказалася звычайнай даёнкаю з белай бляхі. Пакуль жывёліна ціха піла з вядзерца, у парожняй даёнцы зазвінелі струмені малака.

Калі жанчына падаіла казу і ў адной руцэ з парожнім вядзерцам, а ў другой—з даёнкай наблізілася да кустоў, з-за іх, нібы прывід, узнік перад ёю хлопец.

— Цётка, не палохайцеся, я свой.

— А чаго ж баяцца цябе, сынок? — стараючыся як мага спакайней, запыталася жанчына, і яе вялікія вочы, у якіх перад гэтым мільгануў ці то спалох, ці то здзіўленне, прыжмурыліся, ад чаго пад імі .абазначыліся дробныя зморшчынкі, а над пераноссем на лобе прыкметна торгнулася невялікая круглая радзімка.

— Немцы ў вёсцы ёсць?

— Стаяць. Але іх няшмат, — яна з ног да галавы акінула хлопца позіркам і, напэўна, убачыўшы ягоны спакутаваны выгляд, схамянулася: — Чаго я стаю, сынок? Папі хоць свежанькага малака, — і адхінула ў ягоны бок даёнку.

Правай рукой Міхась нерашуча ўзяў яе за дужку, а леваю падхапіў спадыспаду, падняў і, трохі нахіляючы, прыпаў губамі да адтапыранага наска. Малако было густое і тлустае. Можа, піў бы яшчэ, але пасаромеўся, што i так адпіў ужо многа.

— Дзякуй, цётка. Малако смачнае, — сказаў ён, аддаючы даёнку. А калі жанчына ўзяла яе, сарамліва i нерашуча запытаўся: — Можа б, у вас знайшліся старыя абноскі? А то салдацкая форма—дужа прыкметная. Усім кідаецца ў вочы.