— Пашукаю, сынок. I выхвацень прынясу, — абнадзеіла яна, адыходзячы.
Паспакайнелы, ён спачатку адлежваўся ў кустах, з якіх праглядалася палянка з казою. Потым яму пачало здавацца, што мінула шмат часу пасля адыходу жанчыны. Ён занепакоіўся і ў думках дакараў сябе за тое, што не пацікавіўся, калі яна вернецца. «Пэўна ж не сярод белага дня, калі могуць заўважыць пабочныя. Ёй, канечне, надзейней забіраць казу надвячоркам... Ды мне ацірацца каля жывёліны да вечара небяспечна. Яшчэ напорашся на якога чорта... А што, калі цётка не адзежу прынясе, а прывядзе каго-небудзь?.. Але яна ж бачыла, што я свой, а не чужы. Пра хлеб жа я не заікаўся. Яна сама напрасілася, сказала, што прынясе выхвацень. I ў іх, на Беларусі, гэтак завуць у некаторых мясцінах праснак або скавародзень. Яго цяпер абрадаваў бы не толькі выхвацень, а аскарак, як у іх называлі цвёрды засушаны агрызак хлеба.
Пасля гэтых няпэўных думак ён вырашыў усё-такі перабрацца ў болей бяспечнае і ўтульнае месца, з якога праглядалася б уся палоса, што аддзяляе хмызняк ад вёскі. Каб добра было відаць, хто ідзе да ўзлеску. «А пад вечар можна будзе зноў падысці бліжэй да палянкі з казою».
Па хмызняку ён пачаў прабірацца ўздоўж вёскі, да яе ўскраіны.
Ішоў, мякка ступаючы па ўтравянелым доле. Калі мінуў крайні двор і аглянуўся, праз голле палоса паміж вёскаю і ўзлескам праглядалася наўскасяк на самую далёкую хату ў супрацьлеглым канцы. Яму трэба было ўзяць лявей, паглыбляючыся ў непралазны ракітнік, што суцэльнай сцяною аточваў узлесак і, напэўна, абгінаў вёску.
«Адразу відно, што ніхто не пляце кашоў: разраслася гэтакая гушчэча», — падумаў Міхась, асцярожна залазячы ў зараснік. Ісці праз яго было нязручна, таму насілу прадзіраўся наперад, увесь час замаруджваючы крокі. Прачыкільгаў метраў сорак і пачаў выбірацца на край узлеску. Як ні асцерагаўся i як ні ступаў абачліва, але не ўбярогся і наступіў на схаваны ў траве сухі валежнік. Галіна так моцна трэснула пад нагою, што ў яго штосьці абарвалася ўсярэдзіне, і адразу ж непадалёку забрахаў сабака.
Праз імгненне, пасля ўзмоцненага шастання і валтузні, якія данесліся адтуль, хлопец пачуў, што сабака, гыркаючы, шыецца ў ракітнік і следам, гергечучы, хтосьці лезе. Уцякаць было позна: узняўся б шум і трэск. Міхась, не дыхаючы, атрупянеў на месцы. I ў гэты час з зарасніку вынырнула спачатку ашчэраная зяпа, потым няўрымслівая воўчая постаць, якую хтосьці стрымліваў за павадок, і, нарэшце, нямецкі салдат.
«Папаўся», — ёкнула і, здаецца, абарвалася хлопцава сэрца.
— Ком раўс! —загадаў немец, заходзячы з сабакам і адразаючы Міхасю шлях назад.
— Вэр іст да? —нецярпліва запытаўся хтосьці за ракітнікам.
— Эс шайнт айн русішэр зольдат цу зайн , — няўпэўнена адказаў аўтаматчык, пад гырканне аўчаркі выправаджваючы хлопца з хмызняку.
Выходзячы на ўскрай гушчару, Сіліч ажно прыжмурыўся ад зыркай люстранай гладзі, што асляпіла вочы і дыхнула ў твар пахам прэснай вільгаці і азёрнага багавіння. На фоне гэтай бяскрайняй воднай прасторы малым! здаліся яму фігуры нямецкіх салдат. Яны разгублена чакалі звароту аўтаматчыка з аўчаркаю. Было іх чалавек дваццаць.
— Як ты трапіў сюды? — спытаўся ў Міхася высокі, з падцягнутым выглядам, мяркуючы па срабрыстых кантах на пагонах, фельдфебель або унтэр-афіцэр.
— Заблудзіўся.
— Ты ведаеш нямецкую мову? —здзівіўся ён.
— Вывучаў у школе.
— А куды ідзеш?
— Дадому,—няўпэўнена адказаў Міхась.
— Напэўна, разведчык, — выказаў меркаванне прысадзісты, шыракаплечы немец.
— Бяззбройны і без шапкі?—яхідна спытаўся ў яго унтэр-афіцэр, грэбліва разглядаючы Міхасёвы калені і локці.
Толькі цяпер хлопец заўважыў, што яны запэцканы зеленню маладой травы.
Сіліч не пачуў, што загадаў унтэр-афіцэр салдату, які трушком пабег у супрацьлеглы ад вёскі бок. Хлопец разгледзеў там бункер, развешаны невад і на прывязі—баркасы. Яму здалося, нібыта адтуль даносіцца пах рыбнай лускі. Удалечыні па беразе відно было яшчэ некалькі агнявых кропак. «От запрапашчэнне!.. Няйначай, як трапіў у нейкі ўмацаваны раён».
Незадаволеныя нямецкія салдаты здзіўлена і насцярожана разглядалі яго, ад чаго ён яшчэ болей хваляваўся і, стараючыся быць спакойным, глядзеў на бяскрайняе азёрнае раздолле, што нагадвала штосьці знаёмае і блізкае і таму таксама трохі супакойвала.
Пасланы да бункера салдат прамчаў міма на матацыкле з парожняй каляскаю. Неўзабаве ў ёй ён прывёз з вёскі калматага дзядзьку.