— Чэрап зайца, —растлумачыў Міхась.
— Яго таксама трэба апрацоўваць?—разгублена насцярожыўся вартавы.
Калі Міхась пераклаў гэтае запытанне, Ярмолік навучыў:
— Няхай з гадзіну вымачыць чэрап у салёнай вадзе, а потым, выняўшы, мокры, густа пасыпле з усіх бакоў дробнай соллю i пакладзе сушыцца.
Сіліч пераклаў Кольбу Ярмолікава павучанне.
— А што яшчэ спатрэбіцца для чучала? — ужо не адставаў ад палонных вартавы.
Міхась таксама пераклаў Ярмоліку гэтае пытанне.
— Мяккі дрот—на каркас. Пакулле і ачоскі лёну—для начынкі. У вушы — тонкі кардон, — нетаропка пералічваў Ярмолік, чакаючы, пакуль Міхась перакладзе. — Два вялікія пукатыя гузікі—для вачэй. Драўляны корак—у вялікую патылічную адтуліну. Суровыя ніткі з іголкаю і акуратная дошчачка—для падстаўкі.
— Сапраўды дробязь! Але ўсяго не запомню. Што-небудзь магу забыць, — усміхаючыся, шчыра прызнаўся вартавы і, пасур’ёзнелы, дадаў:
— Заўтра я прынясу вам аловак з папераю. На адным баку яе вы напішаце, як выдубіць шкурку, а на другім—пералічыце ўвесь матэрыял, што патрэбен для чучала. А зайцаў чэрап я сёння апрацую так, як вы параілі. Гут?
— Гут! — адказаў Сіліч.
Задаволены Кольб, як быццам нічога i не было, нетаропкай хадою пакрочыў па абочыне.
— Ну от, хоць чучалам уцешым чалавека, як некалі Багдан Платонавіч уцешыў яго вазаю для кветак, —нарэшце супакоіўся Ярмолік i хуценька ўзяў ручкі насілак, употайкі сочачы за дарожным майстрам, што нетаропка прабіраўся да іх паміж палоннымі.
А Кольбава абяцанне прынесці аловак з папераю вывела Сіліча з сябе, зноў абудзіўшы ў ім падспуднае жаданне напісаць маці запіску. А тут яшчэ гэтая Ярмолікава згадка пра Багдана Платонавіча! Яна перавярнула ўсё ўсярэдзіне. Хлопца ахапіла нейкае душэўнае разладдзе. Як гэта ён мог зусім забыць чалавека, які ў няволі быў яму старэйшым сябрам і неаднойчы выручаў з цяжкога становішча? Колькі імі перажыта і перагаворана разам! Успомнілася іхняя звада і канчатковае разыходжанне з Паўлом. Прыгадалася, як Багдан Платонавіч зрабіў Міхасю бляшанку з дымавой шашкі, а потым навучыў суседзяў рабіць з гарматных гільзаў вазы і попельніцы, а з буйнакаліберных патронаў —падсвечнікі. Яны трохі прамышлялі імі, выменьваючы хлеб у нямецкіх салдатаў. Успомнілася раптоўная і нечаканая смерць суседа. Кажуць, людзі пазнаюцца ў бядзе. Сапраўды, бяда іх зблізіла. Але ж яна і прытупіла Міхасёвыя пачуцці. У бядзе ён забыўся пра Багдана Платонавіча. Хлопцу стала сорамна перад сваім сумленнем. Добра, што гэтага не ведаюць суседзі.
Як быццам цяпер усёю істотай ён фізічна адчуваў, наколькі закарэла паверхня яго цела. Праўда, ён разумеў, што гэтакі стан яшчэ не можа быць апраўданнем забыўчывасці. У якіх бы жахлівых умовах ні жыў чалавек, як бы ні існаваў, але, нават думаючы толькі пра хлеб надзённы, усё роўна ён павінен практыкаваць і трэніраваць сваю памяць, каб не даць ёй прытупіцца або, крый божа, зусім атрафіравацца.
«Няўжо я патрохі дзічэю і ператвараюся ў малпападобную істоту, у якой пад уплывам навакольнага асяроддзя чалавечыя пачуцці паступова выцясняюцца жывёльнымі інстынктамі?» — схамянуўся Сіліч, і ў ім зноў варухнулася і пачало абуджацца забытае жаданне.
Варта яму толькі заікнуцца вартавому наконт лішняга аркуша паперы— і той, вядома, заадно прынясе яго. Цяпер самы зручны момант. Нават упрошваць Кольба не прыйдзецца: ён ахвотна згодзіцца перадаць Міхасёву запіску сялянам, калі пойдзе да іх па аўсяную муку. А тыя перададуць яе далей, у іншую вёску. I гэтак з рук у рукі вестка дойдзе да маці. Як яна абрадуецца, калі даведаецца, што сын жывы! Спячэ хлеба ці скавароднікаў. Возьме з кубла сала. Збярэ ўбогую перадачу i прынясе сыну.
Чамусьці Міхасю раптам прыгадаліся расказы бабулі пра тое, як яна з ягонай маці і цёткаю хадзілі ў Кіева-Пячорскую лаўру пакланіцца мошчам святых. А цяпер маці вымушана будзе ўбачыць мошчы жывога сына і адмольваць ягоныя грахі, укленчваючы перад руінамі пана вялікага Ноўгарада.
Што натварылі на яго зямлі нашчадкі праклятых крыжакоў! Адпомсцілі за ўсе ганебныя прамашкі сваіх бясслаўных продкаў. Адным махам расправіліся і з Ноўгарадам, і з Кіевам, і з Полацкам. Іх крывавае нашэсце не ідзе ні ў якое параўнанне з былымі міжусобіцамі паміж князямі гэтых старажытных гарадоў, якія то ўваходзілі ў Кіеўскую Русь, то адасабляліся ў самастойныя княствы і феадальныя рэспублікі.
З гісторыі Сіліч ведаў, што ў канцы дзесятага стагоддзя наўгародскі князь Уладзімір, раззлаваны тым, што Рагнеда, дачка полацкага князя Рагвалода, адмовілася выйсці за яго замуж, напаў на Полацк, забіў князя з сынамі і ажаніўся з Рагнедай. А ў пачатку адзінаццатага стагоддзя полацк! князь Брачыслаў авалодаў Ноўгарадам і адасобіў Полацкае княства ад Кіеўскай Русі.