Выбрать главу

Яшчэ пазней, у 1068 годзе, у выніку паўстання народнага апалчэння і ўцёку з Кіева князя Ізяслава там часова захапіў уладу сын Брачыслава полацкі князь Усяслаў.

Канечне, Ноўгарад ад Полацка бліжэй, чым Кіеў. Ісці сюды маці не гэтулькі, як да Кіева-Пячорскай лаўры. Толькі зімою дабірацца кепска. Трэба было летам падаць ёй вестку пра сябе. Улетку зручней ісці босай. Лягчэй несці хатуль за плячамі. Зімою яна можа падбіцца ў дарозе. Дый яшчэ заб’юць нямецкія захопнікі, што з непрывычкі мерзнуць ад нашага холаду. Яны пагаляцца на яе кажух і валёнкі. Мала таго, што ён сам пакутуе ў палоне, дык яшчэ і маці загіне праз яго.

Паўтара года, як ён пайшоў з войскам абараняць бацькаўшчыну. I даваяваліся яны да таго, што захоплены ворагамі ў палон. Цяпер яго родную зямлю дратуюць падкаваныя боты фашыстаў. Замест таго, каб выручаць з бяды маці, ён яшчэ спадзяецца на яе дапамогу. А чым яна можа памагчы яму? Перадачаю? Галоднага і знясіленага не выратуе ўбогая перадача. Лепей хай маці не ведае, што ён у палоне. Няхай думае, што ён загінуў у баі. Яна ўжо змірылася з такой доляю. Хай не ўбіваецца i не перажывае за яго. Весткаю пра сябе не стане ён знеслаўляць бацьку і сарамаціць аднавяскоўцаў. Бо што яны падумаюць пра яго? Гэтулькі вучыўся чалавек, а застаўся недарэкам. Можа, яму яшчэ ўдасца ўцячы i прабрацца да сваіх або прабіцца да лесавікоў. Не можа быць, каб нашы людзі не атабарыліся ў дрымучых барах ды пушчах.

І ў гэтых мясцінах можна будзе помсціць за маці. Вось тады не сорамна будзе падаць ёй вестку пра сябе.

На гравійцы гэтыя думкі на розныя лады вар’іраваліся ў ягонай галаве. Хлопца наводзіла на ix і спадарожнічала ім ягонае маўклівае сноўданне з насілкамі.

А варта было калоне рушыць у напрамку да лагера, як настрой змяніўся i ранейшыя думкі выцесніліся з галавы зусім іншымі намерамі і турботамі.

Нават нармальны чалавек, прызвычаены есці ў пэўныя гадзіны дня, і той інстынктыўна адчувае набліжэнне гэтай пары. А што ўжо казаць пра людзей, змардаваных голадам і знясіленых дакучлівай працаю? Яны не толькі абвострана адчуваюць набліжэнне часу яды, але яшчэ задоўга да яго пачынаюць глытаць сліну. Таму няцяжка ўявіць, пра што маглі думаць Міхась з Леанідам i Хяндога з напарнікамі, якія паўгода не бачылі ў вочы мяса, а цяпер прадчувалі, што неўзабаве пакаштуюць не поснага кандзёру, а наварыстага булёну i адведаюць згатаванай у ім зайчаціны.

Па меры таго, як палонныя з бляшанкамі і кацялкамі ў руках размяшчаліся на абодвух ярусах нараў, адусюль чуліся іх пахвальныя водгукі аб кандзёры.

— Ого! Сягоння нішто сабе прыварак!

— Нават скалкі плаваюць!

— Канечне, кухар збольшага павылоўліваў іх зверху.

— Без гэтага не абышлося!

— Але ўсё роўна кандзёр—тлусты!

— I не толькі з выгляду, але і на смак нічога!

Нягледзячы на тое, што Ярмолік прынёс у пакой абсохлую зайцаву тушку, якая, відаць, загадзя была вынята з катла, у носе заказытаў нязвычны, даўно забыты пах свежаніны. «Дзічына, а пахне свойскай свежыною, — здзівіўся Міхась. — Мы адвыклі ўжо ад паху свежаніны».

— Адхапіць кавалак мяса кухар не пасмеў, але наварысты сок з тушкі сцадзіў, — зларадна пакпіў Казнадзей. — Нябось, сабе паўкацялка халадцу выгадаў!

Аднойчы Сіліч заўважыў праз акенца, як кухар зладзеявата ўмінаў ружаватыя камы. Хлопец не сумняваўся, што ўрвіцель сцягнуў з агульнага катла апошнія бульбіны і замест прыправы дзеля акрасы стоўк ix сабе з вараным бураком. «Хоць i не тлуста, затое —густа i з выгляду апетытна», —абурыўся тады хлопец і сказаў суседзям пра бачанае.

I нязвычным пахам, i прывабным выглядам тушка неймаверна распальвала апетыт у галодных людзей. Па нявопытнасці Леанід з Міхасём гатовы былі разгавецца ёю, расперазаўшы дзягі. Але Ярмолік ведаў, што з галадухі чалавеку небяспечна есці многа мяса, дый бачыў, з якою прагнасцю вачамі паглынаюць тушку іншыя палонныя. Таму ён рашыў і дагадзіць абодвум хлопцам, якім вартавы аддаў сваю здабычу, i заадно пачаставаць дзічынаю ўсіх палонных у пакоі. Бо калі раздзяліць мяса толькі паміж напарнікамі і сябрамі, дык яны ўсё роўна не наядуцца ім навекі, а ў астатніх выклічаш зацятую зайздрасць.

Вострым самаробным нажом Ярмолік умела, па-майстэрску разбіраў тушку. Леаніду з Міхасём адпаласаваў па кумпяку, Хяндогу з Казнадзеем—па лапатцы, сабе выразаў кавалак азадку, а ўсю рэшту, каб нікога не пакрыўдзіць, невялікімі порцыямі раздаў усім палонным у пакоі.

— Пасля вялікага посту ўсім не грэх разгавецца скаромнінаю, — дабрадушна пажартаваў ён суседзям па нарах пасля свайго свяшчэннадзейства.