Выбрать главу

Як бы там ні было, але праз пару тыдняў у лагеры адбылася падзея, што занепакоіла i насцярожыла палонных.

Здарылася гэта ў нядзелю, пад канец дня. У пакоі, дзе жыло пяцёра неразлучных суседзяў, панавала расслабленая цішыня. За выхадны палонныя з непрывычкі разамлелі: адны драмалі, другія моўчкі сядзелі і ляжалі на нарах, калі на двары пачуліся ажыўленыя галасы і выкрыкі.

Леанід першы кінуўся да аконных кратаў, з ходу абвяшчаючы:

— Прыбыла падмога! —і, асекшыся, няўпэўнена растлумачыў: — Прыгналі нейкую партыю палонных.

Расслабленая цішыня адразу ж наэлектрызавалася. Іншыя зацікаўленыя таксама пакінулі нары і прыліплі да вокнаў.

«Ого! Дзе ж яны размесцяцца? — здзівіўся Міхась, убачыўшы на пляцы ладную калону палонных. Самых пярэдніх з яе ахоўнікі ўжо прапускалі за калючую агароджу. — Таксама дахадзягі. У вынашаных, не падагнаных па росту шынялях, з калодкамі на нагах».

Тым часам па ганку i па падлозе ў калідоры спорна загрукаталі драўляныя падэшвы, як быццам з кузава самазвала павольна ссыпаліся на гравійку патрушчаныя руіны, і ў пакой, не зачыняючы за сабою дзвярэй, дружна павалілі незнаёмыя людзі. З ходу навічкі перамешваліся са старажыламі i наперабой гаманілі:

— Дайце прытулак выгнаннікам!

— У цеснаце, ды не ў крыўдзе.

— Адкуль вас прыгналі?

— З суседняга лагера.

— А што з ім? Згарэў?

— Не. Цэлы.

— Дык чаму ж выгналі з яго?

— Хто яго ведае? У канцы выхаднога дня паднялі ўсіх на ногі, загадал! ўзяць рэчы і пагналі напроці ночы.

Нібы электрычны разрад слабога напружання, многіх скаланулі насцярожанасць і трывога. Абставіны напальваліся.

Суседні лагер адгэтуль за якіх-небудзь дзесяць кіламетраў. Яго палонныя ўпарадкоўвалі свой участак гравійкі. Адсюль ганяць іх на працу ў такую далеч немцам нявыгадна. Дый па колькасці людзей той лагер не меншы за гэты. Усе палонныя тут усё роўна не размесцяцца. Навошта ж спатрэбілася ў нядзелю тэрмінова пераганяць ix сюды? Значыць, немцы наважваюцца штосьці рабіць. Вядома, гэта многіх непакоіла.

Разам з тым жывых людзей не маглі не турбаваць першачарговыя надзённыя клопаты. У пошуках месца для начлегу і землякоў, з якімі можна адвесці душу ды падзяліцца навінамі, навічкі паступова асвойваліся з абставінамі і зноў фізічна расслабляліся, часова забываючы на нядаўнюю трывогу.

Праўда, толькі нямногім з іх удалося ўшчаміцца паміж землякамі, таму што на нарах месцы не пуставалі. Ва ўсіх пакоях небаракі размясціліся нанач на падлозе ўздоўж сцен. Толькі лагерныя прыдуркі адразу ж паразумеліся між сабою і атабарыліся ў наглядчыцкай штубе.

— Сабакі здалёку нюхам адчуваюць адзін аднаго, —пацвельваўся Казнадзей з іхняга хаўрусу.

Аказалася, што фашысцкія прыхвасні ў суседнім лагеры называліся не наглядчыкамі, а паліцаямі і насілі на рукавах белыя павязкі.

— Мала таго, што на кожным крону белым колерам пацвярджаюць сваю капітуляцыю, дык яшчэ ўвачавідкі падкрэсліваюць гэтым, што вераю і праўдаю служаць ворагам, —абураўся Леанід.

— Раз у іх наглядчыкі называліся паліцаямі, значыць, камендант у тым лагеры—не турэмшчык, а нейкі фашысцкі палітыкан,—разважліва супакоіў яго Міхась.

Упоцемку за поўнач у лагеры не змаўкала гаворка.

А раніцаю сэнс прыказкі «Пераначуем — болей пачуем» пацвердзіўся не адразу. Як заўсёды, палонным выдалі на снеданне кіпень, але на працу не выганялі. А кожны з іх ведаў, што немцы адпачыць не дадуць і лішняга выхаднога не зробяць. Што яны задумалі?

Чым болей мінала часу, тым болей узмацняліся насцярожанасць i падазронасць.

Нарэшце позняй раніцаю да агароджы прыйшлі ахоўнікі абодвух лагераў. З двух бакоў яны ачапілі пляц, на які праз брамку пачалі выпускаць палонных. Наглядчыкі і паліцаі выстраілі іх у калону і павярнулі тварамі да склада.

Неўзабаве ад барака падышлі камендант i два нямецкія афіцэры: адзін —прысадзісты, важны, напэўна, высокі чын, з незадаволеным тварам і другі —малады, з лейтэнанцкімі пагонамі на плячах, мусіць, ягоны ад’ютант. Калі яны спыніліся перад павернутым да іх строем, Брэс спачатку акінуў яго з краю ў край пранізлівым позіркам, потым, уладна ўскідваючы руку, гучна абвясціў: «Ахтунг!» і ветліва звярнуўся да высокага вайсковага чына:

— Біттэ зэер, хэр обэрст!

— Ого! Палкоўнік! Чаго заляцела да нас гэта стрэляная птушка? — шэптам запытаўся Леанід у Міхася, калі стаяў побач з ім у страі.

— Зараз пабачым, — прашаптаў сябра.

Палкоўнік грузна пераступіў з нагі на нагу, як быццам пераконваючыся, наколькі трывалы пад ім грунт, і глухім хрыплаватым голасам, усё роўна як ні да кога канкрэтна не звяртаючыся, прамовіў: