— З наскоку не атрымалася, дык хоча ўзяць зморам, — зларадна прамовіў Леанід, калі палонных пачалі ўпускаць назад за агароджу.
— З наглядчыкаў няхай вярбуе наймітаў, — падтакнуў Міхась.—Яны прадаліся адразу ж, не раздумваючыся.
Пляц перад агароджаю апусцеў. Першыя яго пакінулі камендант i абодва нямецкія афіцэры. Следам за імі да свайго барака купкамі пайшлі вартавыя.
Палонныя зноў разбрыліся па сваіх пакоях. Тыя, хто меў месцы, паразлягаліся на нарах, каб не замінаць тым, хто сноўдаў у праходах.
Вядома, ніхто з ix не збіраўся мяняць свайго рашэння адносна закліку палкоўніка. Наадварот, многія не пераставалі абурацца ягонай спробаю вярбоўкі здраднікаў. Яны i так пакутліва перажывалі тое, што апынуліся ў варожым палоне, якім як бы заплямілі сябе перад сваім народам. А гэты фашысцкі пасланец хоча навербаваць з іх здраднікаў радзімы. Няўжо ён лічыць іх дурнямі? «Трэба ж дадумацца! — з гневам паўтаралі адны.— Дае гадзіну на развагу! Якая тут можа быць разважлівасць?!» «А што немцам рабіць, калі яны выбіліся з сіл? — злараднічалі другія, —Трэба ж шукаць нейкі выхад са становішча». «Няхай у сваёй Германіі мабілізоўваюць старых, жанчын і дзяцей!» — кпілі трэція. I хто шэптам, а хто ўголас асуджалі чатырох адшчапенцаў, што па закліку палкоўніка выйшлі са строю.
Хвілін праз пятнаццаць у доўгі пакой, дзе жылі Міхась з Леанідам, з калідора ўляцеў камендант i, не загадваючы, як заўсёды, а нейкім палагоднелым голасам з ходу папрасіў:
— Біттэ руэ.
Ужо само з’яўленне яго ў пакоі ды яшчэ без усялякай світы i без перакладчыка выклікала ў палонных здзіўленне і прымусіла ўсіх сціхнуць.
— Вэр фон ойс іст эбен фор гетрэтэн? — зацікаўлена і памяркоўна запытаўся Брэс.
Хаця па інтанацыі ўсе адчулі, што ён штосьці пытаецца, аднак ягонае пытанне павісла ў паветры без адказу, бо акрамя Леаніда і Міхася ніхто яго не разумеў. А абодва сябры, збянтэжаныя раптоўным з’яўленнем Брэса, не ведалі, як сябе паводзіць, баючыся вытыркацца перад ім са сваім веданнем нямецкай мовы.
— Што ён пытаецца? — здзіўлена прашаптаў Хяндога.
— Хто з нас толькі што выходзіў са строю наперад, — шэптам адказаў Міхась.
Вырвін, што заўсёды быў на падхваце, з выпрацаваным, нібы ў шакала, слыхам і спрытам усё-такі расслухаў Міхасёў шэпт, шустра саслізнуў з нараў, падбег да Брэса і з гатоўнасцю выслужыцца бязладна пралапатаў:
— Ix, хэр камендант!
З Брэсавага твару як рукой зняло зацікаўленую памяркоўнасць. Ён вокамгненна спахмурнеў і набыў заўсёдашні змрочны выраз.
— Вільст ду гегэн дайнэ ландслёйтэ кэмфэн?! —абурыўся камендант.— Вірст ду дайнэ брюдэр эршлагэн?!
Вырвін, вядома, не разумеў, што пытаецца Брэс, але не мог не бачыць яго абурэння i таму толькі няўцямна лыпаў вачамі.
— Ду біст айн троттэль! — вымавіў камендант, дзеля большай пераканаўчасці тыцкаючы ў сваю скронь і круцячы ўказальным пальцам правай рукі—і гэтак жа борзда, як увайшоў, вышмыгнуў з пакоя.
Вырвін стаяў як аслупянелы.
Камендантаў жэст быў зразумелы ўсім без тлумачэння. Гэтымі словамі дарожны майстра і вартавыя неаднойчы лаялі палонных, таму гаротнікі ведалі, што яны азначаюць.
— Ну што? Выслужыўся?! —абурыўся Казнадзей і злосна папракнуў:—Раней бацькі ў пекла не лезь!
Вырвін маўчаў.
— А што ў яго пытаўся раззлаваны камендант? —зацікавіўся хтосьці з верхатуры.
Ад гэтага пытання Вырвін схамянуўся і, відаць, хацеў заняць сваё месца на нарах, але ў гэты момант азваўся Міхась:
— Камендант пытаўся: «Ты хочаш ваяваць супраць суайчыннікаў? Будзеш забіваць сваіх братоў?»
Гэтыя словы канчаткова збянтэжылі Вырвіна. На нейкі момант ён як бы застыў у нерухомасці, не ведаючы, што рабіць. Потым страпянуўся і, мусіць, баючыся яшчэ болей сярдзітых папрокаў і абгавораў, моўчкі выйшаў у калідор.
Усіх у пакоі і без таго ўразілі паводзіны каменданта. А калі яшчэ Сіліч пераклаў тое, што Брэс пытаўся ў Вырвіна, здзіўленыя палонныя не маглі растлумачыць учынак немца і наогул не разумелі, што здарылася з камендантам.
З тае пары, як іх перагналі з кароўніка ў будынак школы, у Брэса не было асаблівай патрэбы заходзіць за калючую агароджу. Праўда, калі ў рэдкіх выпадках ён і заглядаў на кухню або ў наглядчыцкую штубу, дык прыходзіў заўсёды з дарожным майстрам або з кім-небудзь з вартавых. А тут нечакана з’явіўся ў пакой палонных адзін. Дый яшчэ як за якую правіннасць адчытаў Вырвіна ў прысутнасці непажаданых сведкаў. Калі б зрабіў гэтакае Кольб, тады іншая рэч. Ад таго можна ўсяго чакаць. Кольб перад ахоўнікамі не ўтойвае свайго спачування да палонных.