Выбрать главу

— Гэты чалавек з вашай вёскі? —нецярпліва запытаўся унтэр-афіцэр у пажылога вяскоўца, што з цяжкасцю вылез з каляскі.

Дзядзька з-пад калматых броваў бясколернымі вадзяністымі вачамі слізгануў па Міхасю з ног да галавы, дапытліва ўтаропіўся ў ягоны твар і, пераводзячы позірк на немца, адмоўна пакруціў галавою.

— Можаш ісці,—пагардліва прамовіў унтэр-афіцэр, а калі дзядзька расслабленай паходкаю пашыбаваў да вёскі, перакрывіў твар і ўдакладніў: — Ад старасты тхне шнапсам, як ад матацыкла—бензінам.

Міхась адчуў, што абставіны прыкметна напальваюцца, і міжволі звесіў галаву.

Унтэр-афіцэр паціху даў нейкае ўказанне матацыклісту. Той з’ездзіў да бункера і вярнуўся адтуль за рулём грузавіка, над кузавам якога быў наняты брызент.

— Залазь! — па-нямецку загадаў Міхасю унтэр-афіцэр.

Залазячы ў кузаў, хлопец пачуў за спінаю, як унтэр-афіцэр сказаў яшчэ, што паедуць —і назваў тры нямецкія прозвішчы. Адзін з названых, мусіць, сеў у кабіну, бо адрывісты стук яе дзверцаў адазваўся ў Міхасёвых вушах адзіночным стрэлам. Два другія, з аўтаматамі, неахвотна залезлі ў кузаў. Сярод іх быў і той прысадзісты, што западозрыў у Міхасю разведчыка.

Адбылося гэта настолькі хутка, што хлопец не паспеў ачомацца. «Ну, цяпер усё, капут!» — мільганула ў ягонай галаве.

Грузавік крануўся з месца ў напрамку вёскі. Астатнія салдаты таксама рушылі ўслед за ім.

«Адвязуць падалей—і прыкончаць без усялякіх сведкаў, — рашыў хлопец, калі перад уездам у вёску аўтамашына павярнула ўлева і паехала ўзлескам па прасёлачнай дарозе, якую нядаўна ён пераходзіў. — Як недарэчна сам трапіў у іхнія лапы! Трэба ж было набрысці на гэты ўмацаваны раён? Уцёк ад іспанцаў і апынуўся ў немцаў».

4

Прывезлі Сіліча да нейкага лагера, што быў пры самай гравійцы. Хлопца падвялі да лагернай брамкі, за якою стаялі два вартавыя ў незнаёмай форме.

— Загадана даставіць яго вам!'—як сапраўдны служака, па-нямецку адрапартаваў ім салдат, што прыехаў у кабіне грузавіка.

— Дзе вы ўзялі яго? —таксама па-нямецку спытаўся адзін з вартавых.

— Затрымалі на беразе Ільменя,—растлумачыў служака.

Вартавы, што пытаўся, дзе ўзялі Міхася, павярнуў твар і цераз плячо крыкнуў у лагерную пустату:

— Пана каменданта!

— Пана каменданта! Пана каменданта! — нібы працяжнае водгулле, пачулася з ахоўных вышак.

Салдаты чакалі моўчкі. Міхась неўпрыкмет употайкі разглядаў іхнюю незнаемую ахоўнага колеру форму.

Тым часам з лагера да брамы ўладнай хадою ішоў чалавек у бліскучых крагах і ў галіфэ, з пілоткаю на галаве. Ад ягоных крывых ног з выгнутым! ўбакі каленямі здавалася, што ён пры хадзьбе злёгку пагойдваецца ў плячах. Міхась зразумеў, што гэта камендант лагера. Хлопец разгледзеў яго ядавіта-жоўтую форму з адтапыранай чорнай кабурай на левым баку i на чырвонай нарукаўнай павязцы прачытаў слова «Тодт». Ён ведаў, што ў нямецкай мове гэтае слова абазначае—«смерць», але не памятаў, як яно правільна пішацца. Ад гэтай павязкі i ад лагернага запусцення патыхнула мярцвячынаю. «Калі суджана памерці, дык не мінеш смерці... Трапіў з агню ды ў полымя».

Пасля таго, як салдаты выкінутай прыўзнятай рукою ўзаемна павіталіся з камендантам, ён абыякава выслухаў завучаныя словы служакі: «Загадана даставіць яго вам!»—і, перш чым дазволіць вартавым упусціць палоннага ў лагер, пранізліва паглядзеў у Міхасёў твар бліскучымі чорнымі вачамі.

Бязлюддзе ў лагеры выклікала падазронасць. Але яшчэ не паспеў Міхась дайсці да сярэдзіны двара, як з насцеж расчыненых дзвярэй нейкай прыбудовы словамі «ком хэр!» і таямнічым кіўком пальца яго паклікаў нізкі чалавек, таксама ў ядавіта-жоўтай форме і з павязкаю «тодт» на рукаве. Насцярожаны, хлопец нерашуча пераступіў парог змрачнаватай капцёркі, што прапахла ці то дэнатуратам, ці то пакостам, і з сонечнага святла не адразу разгледзеў за сталом белабрысага чалавека ў зеленаватай палатнянай спяцоўцы.

З абодвух бакоў над яго скронямі тырчэлі касмылкі непадатлівых русых валасоў і над вачамі навісалі калматыя бровы. Калі б на губах былі яшчэ вусы, увесь выраз твару нагадваў бы каціны, досыць задаволены, з лянівым паглядам вачэй. Перад ім ляжаў разгорнуты канторскі гросбух і каля стала пры сцяне стаяў кій.

— Яшчэ адна прапашчая душа! — невыразна прамармытаў па-нямецку белабрысы, беручы самапіску. — Прозвішча, імя і імя па-бацьку?—запытаўся ён, не адрываючы вачэй ад гросбуха.

Міхась не спяшаючыся і выразна вымаўляючы, называў кожнае слова, а немец, не перапытваючы, павольна запісваў. Потым ён нагнуўся, узяў са скрыні за сталом прамавугольную пласцінку з матузком і насупраць Miхасёвага прозвішча запісаў выціснутыя на ёй лічбы, а яе падаў прысадзістаму. Той пальцамі абедзвюх рук паказаў, каб хлопец расшпіліў каўнер гімнасцёркі. Сіліч няўпэўнена выканаў гэтае патрабаванне. Прысадзісты праз галаву надзеў яму на шыю матузок з пласцінкаю.