Міхасёвы грудзі міжволі ўздрыгнулі ад настылага металу, і ўвесь хлопец аж злёгку скалануўся.
— Сядай і трохі нагніся! — па-нямецку загадаў прысадзісты і, відаць, упэўнены ў тым, што хлопец не разумее сказанага, сам паказаў, як Сілічу трэба сесці на табурэт.
Хлопец нясмела сеў і насцярожана паглядзеў то на кій, то на абодвух немцаў, чакаючы, што яны збіраюцца рабіць.
Белабрысы неахвотна ўстаў з-за стала, схадзіў у кут i прынёс адтуль бляшанку з бяліламі і з квачом. Міхасю ў нос тхнула самагоначным перагарам. Хлопец не зразумеў, адкуль гэты пах: ад бляшанкі ці ад немца.
Прысадзісты ўзяў паміж сталом і сценкаю бляшаны ліст з выразаным вялізным трафарэтам, прыклаў яго да Міхасёвых плячэй і квачом пачаў распэцкваць на іх бялілы.
Грудзі распірала нясцерпная крыўда на белабрысага і прысадзістага, якія на плячах намазалі нязмыўнае кляймо, а на шыю, як бязмозгаму барану, пачапілі бірку. Не лічаць за чалавека!
— Здымай боты! — па-нямецку загадаў прысадзісты.
Сіліч не падаў выгляду, што разумее па-нямецку.
Прысадзісты паказаў жэстамі, каб хлопец разуўся.
Міхась зіркнуў на кій, нехаця, павольна сцягнуў з ног боты, а лыжку, што вывалілася з халявы, паклаў у кішэню портак. Анучы не стаў раскручваць. Прысадзісты ўзяў з падлогі боты і падаў белабрысаму. Той пайшоў з імі да паліцаў, што цягнуліся ўсцяж бакавой сценкі, доўга корпаўся там і нарэшце прынёс калодкі.
«Наўмысна здзекуюцца, сволачы!» — мільганула ў хлопцавай галаве, калі прысадзісты шпурнуў да ягоных ног калодкі з ружаватай альховай драўніны і загадаў: — Абувайся і выходзь!
Адчуваў ён сябе як пабіты. Ад знявагі не толькі пякуча смылела душа, але і тупа ныла цела.
З непрывычкі ісці ў калодках было нязручна. Падэшвы іх не прагіналіся, i пальцы ў выдзеўбаных насах не рухаліся, а пяты пры кожным крону падымаліся і вылазілі з неглыбокіх заднікаў. Міхась ледзьве даклыпаў да шурпатай калоды, якая адзінока стаяла ў канцы двара, і вымушаны быў прысесці на яе, бо адчуў, што з-пад штанінаў выпаўзаюць анучы. Гэтак у маленстве ў яго спаўзалі разборсаныя аборы лапцей.
«Калі б тымі забарснямі папрывязваў гэтыя калодкі, дык, можа, было б хадзіць зручней дый анучы не апаўзалі б. Бірку з шыі заўсёды скінуць можна. А як у халадэчу вылузнуцца з кляймаванай гімнасцёркі ды з кайданоў-калодак?»
З гэтымі самотнымі думкамі і панурым настроем ён абыякавым позіркам абводзіў сетку прасторнай драцяной клеткі, у якую яго кінулі і акальцавалі, як пералётнага птаха, што вяртаўся з выраю. Прасторнаю клетка выглядала таму, што была парожняя. Невялікі прамавугольны ўчастак зямлі аточвала высокая калючая агароджа ў два рады, паміж якімі пуставала нейтральная палоса крокі ў чатыры шырынёю. Усцяж агароджы літараю «Г» цягнулася прысадзістая пабудова з падслепаватымі акенцамі, мабыць, наспех прыстасаваная для часовага жылля.
З аднаго боку лагера, за гравійкаю, відаць было поле, што злева паката збягала ў мурожную даліну. А з другога, за адзінокімі кустамі, набліжаўся радкавы ўзлесак, з якога сіратліва вытыркаліся тэлеграфныя слупы з абарванымі правадамі. Напэўна, там была чыгунка.
Пад вечар нямецкія аўтаматчыкі прывялі да лагера калону палонных. Пасля таго, як вартавыя ўпусцілі яе ў вароты, пад’ехалі крытыя грузавікі, забралі і павезлі салдатаў.
З калоды Міхась назіраў, як палонныя ў драўляных калодках і з белым! аршыннымі літарамі на плячах разбрыдаліся па двары і зашываліся ў памяшканне.
Да калоды падышлі двое: каржакаваты з шырокім разлётам броваў мужчына і цыбаты драбнатвары, з маленькімі рыбінымі вачамі хлопец.
— Атрымаемо кандзёр —і пойдземо адпачываці, — разважліва прамовіў мужчына, усаджваючыся на вольны край калоды. — Сядаймо, Паўло: у нагах праўды няма.
— Праўда дзесьці запрапасцілася, Багдан Платонавіч. Нагамі яе не знойдзеш. Галавою трэба раскумекаць, як шукаць, — адказаў хлопец, таксама сядаючы поплеч.
— Скажыце, а ў што наліваюць кандзёр? — наіўнавата спытаўся Міхась, аблізваючы сасмяглыя губы.
— А ў што ты ранкам атрымліваў?—не паварочваючыся, здзівіўся мужчына. — Нальюць у любую бляшанку, якую прасунеш у акенца. Хоць і ў пілотку.
— Дык і пілоткі ж няма, — разгублена вымавіў Мііхась.
Хлопец i мужчына амаль адначасова павярнуліся, уважліва разглядаючы яго.