Ад таго, што хутка заснуў з вечара, i ад таго, што не прачнуўся ад страляніны ўначы, цяпер ніякавата адчуваў сябе перад абодвума суседзямі. Але гэтую няёмкасць адразу ж захліснула ўздыбленая хваля ўсеагульнага непакою. Нібы разварушаны мурашнік, лагер насцярожана назіраў за тым, як чатыры вартавыя, трымаючы вінтоўкі напагатове ды незразумела лаючыся i выкрыкваючы слова «курат!», прымусілі трох палонных закопваць забітых.
— Бач, як эстонцы практыкуюцца забіваць, несучы каравульную службу, — ні да кога не звяртаючыся, прамовіў Багдан Платонавіч.
«Значыць, гэта эстонскае падраздзяленне, сфармаванае гітлераўцамі, — зразумеў Міхась, —Выходзіць, што і там фашысты навербавалі верных паслугачоў». Але, калі схамянуўся, што ў Эстоніі ўсяго толькі год была Савецкая ўлада, адагнаў ад сябе гэтую думку і супакоіўся.
— Мала што цябе падганяюць... Людыну належыць хаваць па-людску! — зазначыў Багдан Платонавіч хударляваму хлопцу-далакопу, аднаму з тых, хто закопваў забітых і цяпер спыніўся паблізу.
— Па-людску пахаваць нельга было, дзядзька, — вінавата апраўдваўся той.— Там пад забалочанай глебай — торф... А спадыспаду яго сочыцца вада...
Далакоп расказаў, што ногі забітых былі захвендраны. Лагерная прыбіральня прыбудавана да сцяны стадолы. Уцекачы праз дзюркі ў падлозе апусціліся ўніз, адчынілі над сабою люк, праз які павінны апаражняць прыбіральню, — i вылезлі на волю. Але на ўчастку, што асвятляўся ўначы поўняю, з ахоўных вышак іх заўважылі вартавыя.
— У дзярмо нечага лезці для таго, каб паміраць. А мёртваму ўсё роўна, як яго пахаваюць, — удакладніў Паўло, спрабуючы прымірыць абодва бакі.
— Людына павінна заставаціся людынаю, а не апускаціся да жывёліны, — павучальна рассудзіў Багдан Платонавіч.
За кухонным акенцам Паўлу з Міхасём выкулілі ў кацялок два чарпакі кіпеню. Хлопцы высербалі яго лыжкамі. Строем атрымлівалі сняданне, а ледзьве паспелі высербаць кіпецень, як зноў загад выходзіць на пастраенне. Па тым, як неарганізавана выстройваўся лагер, адчувалася, што ў ім яшчэ няма падганятых.
Пакуль палонныя вяла выстройваліся ў калону па чатыры, да яе набліжаліся камендант і двое немцаў, што ўчора клеймавалі Міхася. Энергічным узмахам рукі камендант на хаду моўчкі даў зразумець, што ён хоча штосьці абвясціць. Амаль адначасова з тым, як настала цішыня, ён епыніўся, шырока ставячы цыркуль сваіх крывых ног, і па-нямецку гучна запытаўся:
— Хто гаворыць па-нямецку?
Сіліч разумеў пытанне, але маўчаў. Учора ў часе кальцавання ён быў рады, што не выдаў свайго ведання нямецкай мовы. А тут тым болей няма чаго вытыркацца наперад. Ён ужо навучаны горкім вопытам.
З калоны таксама ніхто нічога не адказаў.
Відаць, камендант гэтага не чакаў, бо трошкі сумеўся.
— А хто хоць трохі разумев нямецкую мову? — ужо іначай паўтарыў ён пытанне пасля некаторай замінкі, нецярплівым позіркам абводзячы палонных.
— Іх! — вымавіў хтосьці ў канцы калоны.
Усе павярнулі ў той бок твары, але ўбачылі не чалавека, а невысока ўзнятую руку.
— Ком хэр! — прамовіў камендант, мабыць, таксама не ўгледзеўшы таго, хто падняў руку, і кіўком пальца паклікаў яго да сябе.
Расштурхоўваючы пярэднія шарэнгі, з задніх ледзьве выбраўся i нерашуча падышоў да яго чарнявы лупаты хлопец у пілотцы, з шынельнай скаткаю цераз плячо. Ён быў настолькі недарослы i шчуплы, што камендант грэбліва перасмыкнуў твар і яхідна спытаўся па-нямецку:
— Чаму ж ты адразу не адклікнуўся?
Хлопец моўчкі перавёў дыханне.
— Таму што дрэнна размаўляю па-нямецку. Я чакаў, што абзавецца хто-небудзь, хто можа гаварыць лепей за мяне. А разумець я разумею нямецкую мову, —запінаючыся і збіраючыся з думкамі, нясмела апраўдваўся ён.
Камендант недаверліва ўхмыльнуўся.
— Скажы ім, — ён кіўнуў галавою ў бок палонных і, выкінуўшы перад сабою рукі, развёў іх убакі, — каб яны перастроіліся ў дзве шарэнгі. Разумеет?..
— Я! — сцвярджальна адказаў недаростак і па-вайсковаму, нібы толькі гэтага і чакаў, гучна загадаў:
— Внимание! Первые две шеренги, слушай мою команду. Вперед прямо перед собой шагом м-а-а-арш! Раз, два, раз, два, левой, раз, два, раз, два, левой!..
Ці то ў выніку таго, што людзі перажылі за некалькі апошніх дзён, ці то наогул не жадаючы падначальвацца нейкаму самазванцу, абедзве першыя шарэнгі неяк нязладжана i не па-страявому рушылі з месца. Калі хвост іх апынуўся насупраць сярэдзіны нерухомага строю, недаростак скамандаваў:
— Внимание! Направляющие, левое плечо вперед, прямо перед собой м-а-арш!
Спыніў ён шарэнгі, як толькі іхні хвост параўняўся з галавою нерухомага строю, і павярнуў палонных тварам да каменданта. У сваю чаргу прарабіў тое ж самае з дзвюма заднімі шарэнгамі, толькі спачатку павярнуў іх кругом, трохі адвёў і таксама развярнуў.