Сіліча прыгнятала ягоная непаўнацэннасць. Трохі ачомаўшыся, ён ледзьве падзякаваў Абзалутдзінаву і Драпезу за тое, што тыя выратавалі яму жыццё, але не пачуў, што яны прамовілі ў адказ. Яму зрабілася няёмка. Пабрацімы таксама былі збянтэжаны, калі зразумелі, што ён аглух. Хлопец адчуў сябе ізалявана ад людзей. Глухата міжволі зрабіла яго нямым. Бо як жа гаварыць з іншымі, калі не чуеш, што яны адказваюць? Маркотным позіркам ён абводзіў людскі натоўп і нідзе не знаходзіў ніводнага нашага афіцэра. «Напэўна, немцы вылучылі іх з гэтага гурту».
Неўзабаве нямецкія аўтаматчыкі ачапілі жывым ланцугом незанятую рэшту папару і пачалі пераганяць туды людзей, нібы статак жывёлы на выгараджаны ўчастак нявытаптанай пашы. Пераганялі не спяшаючыся, калонаю па чатыры чалавекі ў рад. Наперадзе, усё роўна як уваходныя вароты, на ладнай адлегласці адзін ад аднаго стаялі чатыры раскладныя столікі, за кожным з якіх сядзеў нямецкі пісар. Метраў за трыццаць перад імі, у тым месцы, дзе калона разгрупоўвалася і рухалася далей чатырма паасобнымі шарэнгамі, з інтэрвалам у пяць-шэсць крокаў чалавек ад чалавека, здаравяк фельдфебель час ад часу ўголас тлумачыў па-руску, што палонныя, праходзячы міма пісараў, павінны называць ім свае падраздзяленні і часці.
Міхась, вядома, не мог чуць гэтай абвесткі. Ён вырашыў, што немцы складаюць спісы палонных. Таму, прыпыняючыся каля стала, за якім сядзеў драбнатвары пісар у пенснэ, з вузка пасаджанымі вачамі, выразна вымавіў сваё прозвішча. Але немец штосьці злосна закрычаў, ашчэрваючы рэдкія зубы, і не даў назваць Міхасю сваё імя, а хапіў са стала палку і выцяў ёю хлопца па галаве. Міхасю здалося, што ў яго з вачэй пасыпаліся іскры, а з вушэй выскачылі заткалы. З пісаравай пераносіцы звалілася на зямлю пенснэ. Пакуль немец падымаў яго з долу, збянтэжаны хлопец, мабыць, хацеў растлумачыць, што яму балюча, і вымавіў гэта па-нямецку: «Шмэрцхафт».
— Какая часть?! — выпростваючыся, па-руску закрычаў пісар.
Цяпер Міхась выразна пачуў пытанне, але, не разумеючы, чаго дабіваецца ад яго немец, разгублена тыцнуў пальцамі ў вушы.
— С какой ты части? — смеючыся i лаючыся, па-руску перапытаўся пісар, кідаючы на стол палку.
Усё гэта адбылося настолькі неспадзявана, што Сіліч, атлумлены вомракам, не паспеў апамятацца і выйсці з шокавага стану. Праўда, ён не сумняваўся ў тым, што ворагі ведаюць, якія нашы часці былі акружаны. Таму, як у яго спыталіся, гэтак ён і адказаў:
— З дваццаць трэцяга сапёрнага батальёна сто дзевяноста другой стралковай дывізіі.
Гэтым самым нібы хацеў сказаць, якога ён узросту і якія першыя тры лічбы ягонага года нараджэння. А роды войск назваў такія, што трапілі на язык.
«Няхай парадуюцца, што захапілі значна болей трафеяў!» — яхідна падумаў хлопец, далучаючыся да палонных, перагнаных на новае месца, i прысаджваючыся на дол побач з Драпезам і Абзалутдзінавым, з краю людскога натоўпу.
Толькі цяпер у яго выбухнула абурэнне, выкліканае знявагаю немца, што абразіў ягоную чалавечую годнасць.
— Гэтак касталомы і прыдуркаватаму ўправяць мазгі... Адным ударам аслепяць відушчага i вернуць слых глухому,—здзекліва прамовіў ён сам сабе, ні да кога не звяртаючыся.
Абзалутдзінаў i Драпеза, не разумеючы ягоных слоў, разгублена i разам з тым спачувальна паглядзелі на яго, як на чалавека, у якога памутнеў розум. Аднак Абзалутдзінаў, нібы падтрымліваючы Міхасёву думку, сказаў:
— Ад іх можна ўсяго чакаць.
— Дык я ж i кажу, — падтакнуў Міхась. — Гэтак гваздануць па мазгаўні! Добра яшчэ, што хоць зноў трохі чую, а то мог бы i нямым стаць.
— Яны не хаваюць сваіх звярыных твараў, — дадаў Драпеза.
Аднак адчувалася, што настрой суседзяў не надта выклікае ў іх гаворку. Яны змоўклі. Мусіць, кожны з іх цяпер думаў толькі сам пра сябе. Абзалутдзінаў і Драпеза—шафёры грузавікоў ва ўзводзе боезабеспячэння.
Сіліч трапіў у гэты ўзвод выпадкова.
Іх, камсамольцаў, былых студэнтаў розных інстытутаў, набіралі ў дывізіён гвардзейскіх мінамётаў з іншых часцей.
Новую сакрэтную зброю абы-каму не даручалі.
У ранейшым артпалку Міхась быў наводчыкам хуткастрэльнай зеніткі. Мабыць, таму, што гэтыя гарматы зручныя для аховы «кацюш» ад налётаў варожай авіяцыі, імі ўкамплектоўвалі і дывізіёны гвардзейскіх мінамётаў.
Такім чынам Сіліча зноў прызначылі ў артылерыйскі разлік зенітчыкаў.