Аднак зенітныя гарматы чамусьці не прыбылі ў іхні дывізіён, і камандаванне «сплавіла» зенітчыкаў ва ўзвод боезабеспячэння.
Сіліч суправаджаў грузавікі з рэактыўнымі снарадамі.
Спярша новае прызначэнне ўшчаміла Міхасёва самалюбства. Маўляў, як жа так? Яго, наводчыка хуткастрэльнай зеніткі, а калі ўжо на тое пайшло, гатовага палітрука, лічы, што без году камісара, ды паставілі суправаджаць грузавікі са снарадамі?
Праўда, пасля, калі хлопец даведаўся, што сакрэт новай грознай зброі не ў аўтамашыне з рэйкамі над прымітыўнай станінаю, а ў гэтых снарадах, ён у душы ганарыўся, што яму таксама даручылі немалаважную місію.
I вось чым усё гэта скончылася ў выніку акружэння. Яшчэ добра, што яны ўзарвалі сваю тэхніку і боепрыпасы, а не пакінулі іх ворагам.
Сіліч разглядаў цяпер папар, на якім дзіка буяла дробнае разнатраўе. Вытыркаліся галінастыя сцяблінкі палявой ясколкі, стракацелі ружовыя пялёсткі кветачак чырвонага свінакропніку. Сям-там сіратліва выглядалі галоўкі белай канюшыны. Над імі не лётала ніводная пчала. Мабыць, і пчолы пазляталі ад фронту, адчуваючы, што тут узяткі мёду з кветак гарэняць ад сажы і дыму. Зусім побач Міхась угледзеў тры зялёныя лісткі палявога шчаўя. Прагна вышчыкнуў іх і пачаў старанна разжоўваць, адчуваючы языком і паднябеннем кіслы смак. Але кіслата не наталіла, а яшчэ болей абудзіла смагу. Марна хлопцаў позірк абмацваў разнатраўе, не знаходзячы болей ніводнага лістка шчаўя. «Калі б папоўзаў ракам па папары, дык, можа б, і навышчыкваў яго сям-там. Але ж гэтыя нелюдзі прыстрэляць».
Вытрашчаным сінявата-ліловым вокам глядзеў на Міхася палявы паўночнік, увесь густа пакрыты шчаціністымі валаскамі. Цяпер хлопец заўважыў у траве каля ног дробных чорных мурашак. Яны паспешліва бегалі, напэўна, прадчуваючы небяспеку. Міхась уявіў, як гэтую прыгожую кветку i гэтых жывых істот зараз растопчуць ногі небаракаў. I яму стала шкада і маленькіх мурашак, і кветкі. «Але ж такія мурашкі жывуць не ў мурашніку. Іх не растопчаш. Яны пахаваюцца ў зямлю. О, калі б i мы цяпер маглі пазашывацца куды-небудзь ад гэтых аўтаматчыкаў!»
Калі ў Сіліча праяснілася галава, яго мозг неадчэпна вярэдзілі пакутлівыя думкі. Апаноўваў жах ад усведамлення таго, што ён апынуўся ў палоне. Раней Міхась нават не мог уявіць пра такі зыход крывавага паядынку з лютым ворагам. Гэта не дапускалася ў думках i не прадугледжвалася ніякімі агаворкамі ў статуце. Яму ўбілі ў галаву, што любога агрэсара яны павінны знішчаць на ягонай тэрыторыі з найменшымі для сябе стратамі. Як быццам з людзьмі не можа здарыцца што-небудзь нечаканае i непрадбачанае... Як адбылося з імі... Цяпер Сіліч разумеў безвыходнасць свайго становішча. «Лепей бы загінуў у няроўным баі, чым паміраць у невядомасці. Сканаў бы там разам з іншымі пабрацімамі, дык хоць Радзіма ведала б, дзе i як ты напаткаў смерць. А тут загінеш—і ніхто не даведаецца, дзе твая магіла».
Ад беспрасветнага одуму зноў мутнела галава. Як безнадзейны тапелец, які хапаецца за саломінку, ён супакойваў сябе тым, што ў запрапашчэнні апынуўся не адзін, а продьма люду. Але гэта не суцяшала, наадварот, яшчэ болей прыгнятала і непакоіла. Калі ворагі па гэтулькі будуць захопліваць у палон, які ж лёс чакае яго Радзіму? Няўжо ні яна, ні ён нічога не здолеюць зрабіць адзін для аднаго?..
Нямецкаму камандаванню, мусіць, рупіла хутчэй удакладніць, салдаты якіх савецкіх часцей захоплены і якая колькасць палонных. Яго не цікавіў іх далейшы лёс, а тым болей паіменны склад. Лішнім клопатам для яго было таксама і канваіраванне іх да месца прызначэння. Таму аўтаматчыкі, што суправаджалі паходную калону, паводзілі сябе як гаспадары. Палонныя былі не кормлены i не поены. Карміць і паіць іх са сваіх палявых кухняў для пыхлівых заваёўнікаў было абразаю.
Па прасёлачных дарогах калону вывелі на шашу і пагналі па ёй у паўднёвым кірунку. Міхась зразумеў гэта па тым, як гарачыя промні сонца няшчадна прыпякалі яго ў левую шчаку і скронь стрыжанай галавы. Ён ішоў без пілоткі. Яна, мабыць, адляцела некуды ўбок, калі выбуховая хваля чмякнула яго вобземлю.
Хаця шаша звязвала не захад з усходам, а, мяркуючы па яе напрамку, праходзіла прыкладна ўсцяж фронту; па ажыўленым руху, які не спыняўся на ёй, адчувалася, што яна мае немалаважнае стратэгічнае значэнне. У адным месцы да яе набліжалася лінія тэлеграфных слупоў з абарванымі правадамі. Сіліч здагадаўся, што непадалёку праходзіць чыгунка. Яго разабрала злосць. Паўгода ён не бачыў ні шашы, ні чыгункі. На гэтым участку фронту немцы перарэзалі іх, а нашы часці вымушаны дзейнічаць у забалочаных і лясных мясцінах. Часамі праз дрыгву самі байцы масцілі з бярвення ляжнёўкі і рухаліся па іх з падмацаваннем і тэхнікай.