Выбрать главу

Па шашы ў абодва бакі праносіліся вялізныя грузавікі з салдатамі ў доўгіх кузавах і з мяхамі ды кардоннымі скрынкамі, напакаванымі пад самы верх брызентавых тэнтаў. Міхасю кінулася ў вочы, што шафёры ў грузавіках сядзяць за рулём з правага боку кабіны. Мімаволі прыгадаліся колішнія чуткі пра тое, нібыта за мяжою і чыгуначная каляя вузейшая, чым у нас, і транспарт рухаецца на вуліцах не па правым, а па левым баку.

Пад канвоем нямецкіх салдат, не паскараючы хады, мерна рухалася па шашы незвычайная працэсія. Кароткімі аўтаматнымі чэргамі ды адзіночнымі рэвальвернымі стрэламі яна злавесна абвяшчала аб сваім з’яўленні і, канвульсіўна ўздрыгваючы, пакідала на шляху крывавыя сляды. Погаласкі ад стрэлаў, нібы паляскванні дратаванкаю, падсцёбвалі калону, насцярожваючы кожнага палоннага.

Спачатку Міхась толькі інтуітыўна адчуваў, што стрэлы абвяшчаюць штосьці нядобрае. Пакуль на свае вочы не ўбачыў, як свінцовым шматкроп’ем яны падводзяць рыску пад чалавечым жыццём.

Радоў праз пяць наперадзе нязграбна пахіснуўся і паваліўся на абочыну крайні справа чырвонаармеец з забінтаванай галавою. Як толькі нямецкі салдат прастрачыў яму грудзі аўтаматнай чаргою, да ахвяры падскочыў афіцэр і стрэліў ёй у галаву з парабелума.

Пасля наступных аўтаматных чэргаў Міхасю здавалася, што ад іх разносяцца не погаласкі, а балюча якоча параненае наваколле. Хаця па-ранейшаму ў яго балела галава, але страх адпалохваў стому і разганяў вяласць.

У адным месцы па абодва бакі шашы была невялікая вёска. Калі палонныя ўвайшлі ў яе, з хат пачалі мітусліва выбягаць жанчыны, несучы ў руках гладышы з конаўкамі, міскі з варанай бульбаю і акрайцы хлеба. Калона скаланулася, як ваэлектрызаваная. Але папераджальныя адзіночныя стрэлы астудзілі чакальны парыў палонных. А кароткія аўтаматныя чэргі паўзверх галоў прымусілі жанчын застыць на месцы.

Пад вечар мінулі яшчэ адно паселішча паводдаль ад шашы і на змярканні звярнулі налева і прыпыніліся каля нейкага жывёльнага двара, абнесенага агароджаю з жэрдак.

Афіцэры акінулі позіркам двор, агледзелі карыта, пагергеталі між сабою і аддалі нейкую каманду. Салдаты жэстамі паклікалі спераду калоны пажылога палоннага і загадалі яму вядром даставаць са студні ваду і наліваць у жолаб.

Натужліва зарыпеў калодзежны журавель, хаваючы ў глыбіні зруба сваю доўгую шыю. Па тым, як яна на нейкі момант нерухома застывала, адчувалася, што ён прагна нрыпаў да вады, а калі напіваўся, лёгка i без скрыпу выцягваў дзюбу са студні. Ледзьве палонны выкуліў вядро, як з калоны ад Міхася наперагонкі кінуліся да жолаба Абзалутдзінаў i Драпеза. Сіліч не паспеў уцяміць, што да чаго, як нямецкі салдат без папярэджання ва ўпор прастрачыў кароткай аўтаматнай чаргою абодвух ягоных аднапалчан. Яны з разгону паляцелі потырч пад жолаб.

Пажылы палонны пабялеў як палатно і выпусціў з рук вядро. Бяссільна ўпаў на зямлю прыўзняты хвост калодзежнага жураўля. Шыя яго некалькі разоў скаланулася, не выпускаючы з дзюбы вядра, якое дрыготка целяпалася ў паветры. Рыжы афіцэр таропка наблізіўся да Абзалутдзінава і Драпезы i па разу стрэліў кожнаму з іх у галаву.

— Дэр дойчэ зольдат штэйт ауф орднунг, — сказаў ён пажылому палоннаму, паказваючы перабелумам, каб той па-ранейшаму даставаў са студні ваду і наліваў у жолаб.

Палонны разгублена пачаў выконваць загад. Пасля кожнага выкуленага вядра, ягоныя дрыжачыя рукі ўсё болей упэўнена абшчапервалі выслізганую жэрдку асвера, увішнымі ўзмахамі нібы перамяраючы даўжыню, учэпіста перахоплівалі яе то знізу ўверх, то зверху ўніз.

Пасля некалькіх выкуленых вёдраў вада з нахіленага жолаба хлынула ў карыта за агароджаю. Рыжы афіцэр жэстам рукі паказаў, каб пажылы палонны напіўся сам. Той таропка выцягнуў са студні вядро, паставіў на зруб і толькі хацеў наблізіцца да яго губамі, як афіцэр крыкнуў «найн!». Ён загадаў выкуліць у жолаб вядро і перадаць яго маладому палоннаму, якога пальцам паклікаў з калоны. А пажылому паказаў парабелумам, каб той піў з жолаба. Небарака кінуў насцярожаны позірк на целы забітых, палахліва глянуў на парабелум у руцэ афіцэра і нерашуча прыпаў да жолаба. Піў і ўвесь час касавурыўся на парабелум, пакуль афіцэр не схаваў яго ў кабуру.

Калі палонны напіўся, афіцэр загадаў яму адсунуць жэрдкі ў варотах і самога ўпусціў у загарадзь, а салдатам падаў нейкую каманду. Тыя адлучылі ад калоны пярэднюю частку палонных і таксама ўпусцілі іх за агароджу, да карыта.

Немцы задаволена смяяліся, гледзячы, як палонныя кінуліся навыперадкі, расштурхоўваючы адзін аднаго ў бакі, і, выцягваючы шыі, хавалі галовы ў карыце.