Сіліч трапіў туды толькі з шостаю партыяй. За гэты час вядро паспела перайсці ўжо ў рукі трэцяга ці чацвёртага вадалея, а карыта напоўнілася амаль да палавіны. Губамі і зубамі хлопец адчуваў халодную свежасць, але, як ні піў ваду прагнымі глыткамі, ніяк не мог астудзіць апаленае нутро. Здавалася, што ён п’е не ваду, а малако. Карыта пахла малодзівам. Перад вачамі, ледзь-ледзь пагойдваючыся, расплывалася незнаёмае аблічча з зеленаватаю шчэццю. Толькі пасля таго, як Міхась разгледзеў на дне карыта, на стыках дошак шчыліны, зашпакляваныя прорасцямі зялёнага моху, ён зразумеў, што ў вадзе адлюстроўваецца не чужы, а ягоны азызлы твар. Сіліч спалохана адхіснуўся ад карыта, баючыся, што можа абапіцца, як разгарачаны, заганяны конь.
Пазней выявілася, што немцы клапоцяцца не пра тое, каб напаіць палонных, а аблюбавалі жывёльны двор як прыдатнае месца для прывалу на начлег. Многія здагадаліся пра гэта пасля таго, калі салдаты ўбачылі, што ў загарадзі не змесціцца ўся калона і пачалі заганяць палонных у хлеў. Спачатку натоўп рынуўся ў насцеж расчыненыя вароты хлява, напэўна, спадзеючыся знайсці там часовы прыхілак і ўтульную схованку ад варожых вачэй. Але праз нейкі момант у варотах узнік затор, які быў праштурхнуты аўтаматнымі чэргамі паўзверх людскіх галоў. Мусіць, палонныя, што хлынулі ў вароты пад пагрозаю смерці, сілком падштурхоўвалі тых, якія не хацелі пасоўвацца наперад. З сярэдзіны хлява патыхнула гноем. Каля фронту гной не вывезлі на палі, i цяпер дзесяткі ботаў праломлівалі яго выветраную, закарэлую паверхню, быццам зашэрхлы ад замаразкаў лядок...
Добра, што ліпеньская ноч кароткая і развідняе ўлетку рана. Небаракі ў нязвычным стане так і прастоялі, не сплючы. Сіліч, дрэмлючы, нібы начная птушка, толькі на некалькі хвілін заплюшчыў вочы.
Калі развіднела, салдаты пачалі выпускаць палонных з загарадзі і выстройваць у калону. Па растаптаным гноі немцы не пайшлі ў смярдзючы хлеў, а выгналі з яго небаракаў крыкамі і загадамі. А для таго, каб neраканацца, што там ніхто не прытаіўся, далі ўсярэдзіну і ў куткі хлява некалькі працяглых аўтаматных чэргаў. Але, калі салдаты нетаропка пералічылі выстраеную калону, сярод іх адбылося замяшанне. Ці то яны ўсумніліся, што палонныя ўсе, ці то проста хацелі замесці за сабою крывавыя сляды. Афіцэр штосьці скамандаваў аднаму салдату. Той вывеў з калоны чатырох палонных, загадаў ім узяць з-пад жолаба целы Абзалутдзінава і Драпезы і аднесці ў хлеў. А сам выняў з аўтамата ражок з патронам! і на яго месца ўставіў іншы, які дастаў з-за халявы бота.
Сіліч бачыў, як салдат невядома дзеля чаго, амаль не прыцэльваючыся, стрэліў у напрамку хлява. Спачатку Міхась не звярнуў увагі на гэты стрэл. Толькі калі задыміла і загарэлася страха, яму стала зразумела, што немец стрэліў у яе запальнай куляю. Хлеў, нібы сцірта саломы, імгненна ўспыхнуў полымем, што выкідвала ўгару мітульгу іскраў, падзенне якіх стрымлівалі тугія клубы дыму. Неўзабаве агонь ужо абгрызаў аголеныя краты крокваў і латаў, што з трэскам абвальваліся ўсярэдзіну зруба пасля таго, як полымя салодка лізнула верхнія вянкі бярвення. Хлеў выгараў з сярэдзіны. У паветры запахла гарэлым мясам і паленым сухім каравяком.
— Людзі гараць жыўцом, — прашаптаў Сілічаў сусед, калі калона рушыла з месца.
— Гэта ў агні дагараюць учарашнія забітыя, — дрыжачым голасам паціху ўдакладніў Міхась.
— З вечара здаравейшыя ўзабраліся ў хляве на жэрдкі ў падстрэшшы.
Сіліч хацеў спытацца, адкуль пра гэта ведае сусед, але, калі глянуў на ягоныя запэцканыя гноем боты, асекся і змоўчаў.
2
Надвячоркам калону прыгналі ў лагер на ўскраіне разбуранага горада. Тэрыторыя з некалькімі цаглянымі будынкамі была абнесена сеткаю з калючага дроту і ў сярэдзіне разгароджана на два ўчасткі. У адзін з іх упусцілі палонных. Адчувалася, што іх зачакаліся паходныя чырвонаармейскія кухні: яны ўжо не дымілі і не паравалі. Але перад выдачай ежы ўзнікла непрадбачаная затрымка. У гарачай перапалцы, там, дзе людзі гінулі, небаракі не збераглі кацялкоў. Цяпер многім не было ў што атрымаць ежу. Пасля некаторага вагання фельдфебель, што знаходзіўся каля кухняў, загадаў выдаваць варыва тым, хто меў кацялкі. Потым гэтых палонных адводзілі на супрацьлеглы бок выгараджанага сектара і прыспешвалі, каб яны хутчэй елі. Як толькі тыя апаражнялі посуд, ім загадвалі ставіць яго на зямлю, а самім адыходзіць убок. Іх кацялкі забіралі з долу непакормленыя.
Два хлебарэзы не ўпраўляліся раскройваць боханы. Спачаягку іх разразалі на чацвярцінкі, а потым кожную дзялілі яшчэ на тры пайкі.