Выбрать главу

Ад брата Міхась даведаўся тады, што наш двухматорны скарасны бамбардзіроўшчык СБ меў большую хуткасць, чым варожыя знішчальнікі— італьянскі «фіят» і нямецкі «хейнкель». Гісторыя авіяцыі яшчэ не ведала бамбардзіроўшчыка, які па хуткасці перавышаў бы знішчальнік, пабудаваны з ім у адзін час.

У Міхасёвых вачах старэйшы брат паўставаў героем. Нават само братава імя атаясамлівалася з ягонымі справамі, бо Міхась ша ведаў, што слова Віктар па-латыні азначае — пераможца.

Міхась змалку захапляўся гісторыяй. Скончыў гістарычны факультэт педагагічнага інстытута, атрымаў накіраванне на працу ў школу. I вось цяпер уліпнуў у непрыемную гісторыю.

«На нашай зямлі зруйнаваная Герніка і іспанскія фалангісты? Ява гэта ці сон? Здаецца ж, ён яшчэ не звар’яцеў? Якім бокам павярнулася да яго жыццё! Значыць, людскую бяду чалавек пазнае па-сапраўднаму толькі тады, калі сам сутыкаецца з ёю. Ён жа раней чуў, што іспанская «Блакітная дывізія» ваюе дзесьці на іхнім фронце. Але хлопцу і ў галаву ніколі не прыходзіла, што яму самому, ды яшчэ абяззброенаму, давядзецца лоб у лоб сустрэцца з іспанцамі, якія на ягонай радзіме будуць везці яго як нявольніка. Як магло здарыцца, што яны за паўсвету ажно з другога краю Еўропы дапялі сюды?»

Гэта неадчэпна свідравала мозг і не давала спакою да тае пары, пакуль два факты, на першы погляд не звязаныя адзін з адным, не выклікалі ў яго свядомасці празарэнне, якое прасвятліла ўрыўкавы ход ягонай думкі.

Аднойчы, пад строгім сакрэтам, Віктар расказаў пра тое, як у самым канцы грамадзянскай вайны ў Іспаніі немцы пачалі выпрабоўваць у паветраных баях доследныя экземпляры «месершміта». Ён быў узброены гарматаю і меў перавагу ў хуткасці. Напэўна, на ім быў болей магутны матор.

Міхась прыгадаў некалькі паветраных баёў, за якімі назіраў, уцякаючы з Мінска. З небывалай адвагаю нашы тупаносыя ІЛы накідваліся на цэлыя статкі нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў і, па-майстэрску манеўруючы сярод іх, падпальвалі і збівалі. Аднак балюча было глядзець на тое, як зыход паветранай бітвы вырашала з’яўленне нямецкіх знішчальнікаў. Бо што мог зрабіць ІЛ з трашчоткаю-кулямётам «месершміту» з хуткастрэльнай гарматаю і браніраваным сядзеннем пілота?

Вось як яно бывае ў жыцці! Спачатку мы перагналі са скарасным бамбардзіроўшчыкам і супакоіліся, задаволеныя поспехам. А тым часам яны за якія-небудзь тры гады здолелі абхітрыць нас са знішчальнікам.

Міхася апанавала злосць. Потым яна змянілася кепскім настроем. Да горла падступіла гаркота. На вочы накочваліся слёзы.

Стаяў ціхі пагодлівы ранак. Але ад руху грузавіка ў кузаве па галовах стругаў сустрэчны ветрык. Ад яго хлопца праймаў халадок i бадзёрыла свежасць. Праяснілася галава. Чым далей яны ад’язджалі, тым хутчэй развейваўся змрочны настрой. Хлопец аддаляўся ад калючага дроту, за якім кляймуюць людзей. З-за тае агароджы не выберашся. Дый з кляймом на плячах не разгуляешся на волі.

Грузавік спыніўся каля вялікага ўчастка зямлі, засаджанага капустаю.

Мабыць, калісьці ўсю гэтую плошчу займалі прыгарадныя гароды. Палонных высадзілі з кузава. З аднаго боку кабіны вылез афіцэр, з другога — шафёр, трымаючы ў руках два цесакі. Адзін ён даў патрымаць салдату, а другім пачаў паказваць палонным, як трэба ссякаць капусту. Зверху, за макаўку, браў качан, прыгінаў яго—і пад корань, пры самай зямлі, адсякаў храпку.

Міхасю чамусьці ўявілася, што гэтак іспанскія інквізітары некалі адсякалі галовы ерэтыкам.

Палонныя пачалі ссякаць качаны і кідаць іх у кузаў. Міхасю ўспомніўся смак учарашняга варыва і падумалася: «Нябось, качаны—немцам з іспанцамі, а нам — храпкі. Таму і патрабуюць сячы пры самай зямлі. А капуста, відаць, ранняя, бо качан у качан, а не якія-небудзь зеленаватыя ашуркі».

За ноч качаны ўвабралі ў сябе прахалоду і свежасць i смачна храбусцелі ў руках ды злёгку парыпвалі, стукаючыся адзін аб адзін у кузаве. Гэта не магло не раздражняць хлопца, распальваючы ў яго апетыт. Носячы да кузава капусту і неўпрыкмет кідаючы позіркі то на аднаго, то на другога вартавога, ён заўважыў, што яны не глядзяць, як працуюць палонныя. Таму на хаду адломліваў ад качаноў верхнія лісты і папоўніцы запіхваў у рот. Ад ранішняй расы лісты былі сакавітыя, апетытна хрумсцелі на зубах, асвяжалі паднябенне саладкаватым прысмакам. Пакуль адны з іх ён разжоўваў і глытаў, другія згортваў і запіхваў у кішэні, а трэція— за пазуху, з бакоў гімнасцёркі.