Выбрать главу

Сіліч ведаў, што капустаю і шчаўем улетку заўсёды падсілкуешся. А тут трэба думаць пра тое, як уцячы. Спадылба зрэдку паглядаючы на вартавых, ён пераконваўся, што іспанцы болей заняты гаворкаю i не надта сочаць за палоннымі. Хлопец разумеў, што пры такіх абставінах можна ўцячы. Асабліва, калі паспрабаваць шчасця першаму. Бо потым, як збягуць іншыя, ахоўнікі насцярожацца і будуць пільныя. Дый вартавых жа не надта шмат. Праўда, яны стараюцца трымацца падалей ад палонных, што ссякаюць цесакамі качаны. Напэўна, баяцца, каб зблізку не напалі на іх.

Сіліч неўпрыкмет зірнуў на вартавых. Іспанцы нагадвалі яму вясёлых, бяспечных цыганоў. Вось яны сышліся купкаю і пачалі ажыўлена размаўляць між сабою. Міхась адчуў, што настаў момант. Хлопец наблізіўся да складзеных шынялёў, як быццам у іх яму трэба было нешта ўзяць. Потым імгненным позіркам адначасова акінуў усіх вартавых і, заўважыўшы, што ні адзін з іх не глядзіць у ягоны бок, шмыгнуў за хляўчук. На ўсялякі выпадак нейкую хвіліну, напружаны, перачакаў, стоячы, маўляў, калі кінуцца ўслед, дык зробіць выгляд, што адышоў па пільнай патрэбе. Але за хлеўчуком не адчувалася ніякай трывогі. Толькі ў ягоных грудзях моцна калацілася сэрца. Хлопец спрытна сагнуўся і, як плывец, нырнуў у міжраддзе капусты.

У напружанай цішы ён адчуваў, як у скронях пульсуе кроў і як каля вушэй ціхутка парыпваюць качаны. Гэта прыглушана шамацелі капусныя лісты ў ягоных кішэнях і за пазухаю гімнасцёркі. Сіліч прыпадаў усім целам да зямлі і па-пластунску поўз наперад, час ад часу паварочваючы падбародак то да аднаго, то да другога пляча і скасавуранымі вачамі зіркаў, ці не пагражае ззаду небяспека. З белых хваляў капусты ён вужакаю праслізнуў у збажыну, дзе апаліў рукі і твар мокрай травою.

Яго хмяліў хлебны дух, на якім густа настоялася паветра ў даспяваючай збажыне. Акунуты ў роснае разнатраўе, Сіліч разгарачаным целам адчуў, як на грудзях, на жываце i на сцёгнах намакае гімнасцёрка i порткі, таму прыпадняўся і папоўз на каленях i на руках. Забіраючы ўправа, ён прапоўз наўскасяк вялікую адлегласць і калі, задыханы, вынырнуў са збажыны на лугавіну і прысеў, ад распасцёртага перад ім прыволля ў яго ажно перахапіла дых, закружылася галава. I ў гэты момант дзесьці за спінаю глуха прагучаў спачатку адзін, потым—другі і, нарэшце, трэці стрэл. Працяжны пошчак ад іх трыма хвалямі пакаціўся па наваколлі, падхапіў хлопца і панёс у невядомую далячынь.

Хаваючыся пад сцяною збожжа, згорблены, ён бег, топчучы траву, зрэдку збіваючы нагамі белыя рамонкі і сінія васількі. Бег нібыта не па ўзмежку паміж лугавінаю і жытам, а па мяжы паміж смерцю і жыццём.

3

Як напалоханы заяц, пятляў Сіліч па іскрыстай лугавіне, баючыся прыпыніцца ў адзінокіх кустах. Пад ім са звонам шастала атрэсеная раса— i на траве заставаліся сляды, нібы скінутыя ланцугі, якія ён змушаны быў нагамі валачыць з няволі і якія кожную хвіліну маглі выдаць ягонае знаходжанне. Толькі на момант, разгублены, ён прыпыніўся перад рачулкаю, што наўскасяк перагароджвала шлях. Праніклівым поглядам змераў яе глыбіню, глянуў на рэдкія лазовыя кусты—і трошкі супакоіўся. Прысеў на беразе, таропка зняў з ног боты, запіхнуў у халявы анучы, вышэй каленяў падкасаў порткі—і няўпэўнена пайшоў уброд. Вада прыемна астудзіла разгарачаныя пальцы, халадком абдала галёнкі, тупымі голкамі кальнула ў калені.

На сярэдзіне рэчышча ён падэшвамі адчуў плыткае дно, на якім толькі ступакі грузлі ў слізкім цеплаватым глеі. Таму рашыў не вылазіць з рачулкі, скеміўшы, што часова яму цяпер самы раз рушыць з ёю ў адну дарогу, паколькі рэдкія і адзінокія кусты засланяюць ад чужых вачэй і вада надзейна хавае на дне ягоныя сляды. Уздоўж супрацьлеглага берага пайшоў па плыні і, трохі супакоены, ужо нават не аглядаўся.

Ён ішоў па рачулцы і не думаў вылазіць з яе. Паўз бераг вада была цёплая-цёплая. Цяплейшая за ранішняе паветра. Яна пяшчотна казытала ногі, лагодна асвяжала і бадзёрыла змардаванае знямогаю цела.

Бывала, гэтак ён хадзіў паўз берагі сваёй Палаты. Толькі не ўстрывожаны і задыханы, а бяспечны і спакойны. Ну і, канечне, не ў салдацкім адзенні дый не басанож. Каб да крыві не парэзаць асакою ікры і сцёгны ды не праткнуць на падводную карагу ступню, надзяваў рудую ад рачной іржы вопратку і на ногі—старыя братавы прарызінкі. Хадзіў, вядома, не з ботамі за плячамі, а з таптухаю ў руках і на баку з кужэльнай кайстраю, прапахлай рыбнай лускою...