Выбрать главу

Джок захапіўся сваімі справамі і хутка выйшаў, а Джын Эндрус наліла Рою кавы і паставіла кубачак на ўскрай пліты, каб прымусіць яго перайсці са скрыні ў крэсла.

— У Мемарыял Хол адкрылі кіно, — распавядала місіс Эндрус, — Джок дапамагае кінамеханіку.

Рой моўчкі піў каву.

— Рой, — спытала яна, — Эндзі меў схільнасць да механікі?

— Эндзі? Не, Эндзі быў проста Эндзі, — адказаў ён.

— Значыць, Джок пераняў гэта ад мяне. — Бацька Джын, як яна сама казала, быў вагонаважатым у Таронта, майстар на ўсе рукі. Яна расказвала пра гэта і раней, шмат разоў.

Рой быў нязвыкла стрыманы, і яна здагадалася, што дома ў яго не ўсё ладна.

— Я выпісала кулінарную кнігу, — сказала яна.

— Вам гэтая кніга непатрэбна, Джын, — запярэчыў ён. Гэта ўласна азначала, што кніга ёй вельмі спатрэбілася б.

— Я ведаю, што я дрэнны кухар, — прамовіла яна, каб расшавяліць яго.

З гэтай нагоды яны даволі доўга спрачаліся. Чым больш Рой хваліў яе стравы, тым больш відочна станавілася, што кухарыць яна не ўмее і ніколі не навучыцца.

— Ва ўсялякім разе, марынады я сёлета пастаўлю, — сказала яна.

Яны ўжо гатаваліся, і Рой з задавальненнем прынюхваўся да паху розных прыпраў, гарачага воцату і солі. Менавіта гэта ён і разлічваў знайсці, вярнуўшыся дамоў. Мо іменна таму Джын раптам распачала тое, што іншым часам лічыла б марнатраўствам. Навошта гатаваць марынады, калі іх можна купіць у краме ў Дзюкэна?

— Джыні, — паклікаў Рой, — колькі я зарабіў грошай?

— Дакладна не магу сказаць, Рой. Восемсот даляраў, а мо і дзевяцьсот.

— Восемсот ці дзевяцьсот, — задуменна прамовіў Рой, штосьці падрахоўваючы. Ён пазіраў проста ў белае полымя лямпы. Яно амаль асляпіла яго, і калі ён перавёў позірк на Джын Эндрус, дык убачыў затуманеную пляму, а ў ёй светлыя валасы і тонкі воблік, надта тонкі: востры нос і блакітныя, вельмі блакітныя вочы. Яна пільна назірала за ім. — Мне спатрэбіцца на зіму дзвесце даляраў.

— А хіба вы не пакінулі пушніны для Піта Дзюкэна?

— Пакінуў. Яна дома. Але грошы мне патрэбны на іншае.

Звычайна сваю законную норму пушніны Рой прадаваў адкрыта Піту Дзюкэну як прадстаўніку Гарадской закупачнай кампаніі. Гэты законны заробак ішоў на тое, каб забяспечыць харч на ўвесь сезон, на новыя пасткі, патроны, адзенне і іншыя асабістыя патрэбы. Грошы за продаж незаконнай пушніны Джым Эндрус захоўвала для Роя; і яна прытрымлівала іх моцна, каб ён не змарнаваў іх па п'янцы. Яна пагадзілася на гэта па ўласнай просьбе Роя і зараз выдавала яму грошы толькі на разумныя патрэбы. Рой ведаў, якое супраціўленне яму трэба вытрымаць.

— Я мушу пакінуць трохі грошай Сэму, — прамовіў ён.

— Вы хочаце падараваць яму ваш зімовы заробак?

— Так, калі толькі вы не дадзіце мне для яго сотню-другую, — сказаў ён з надзеяй.

— Я не дам гэтых грошай, — спакойна запярэчыла яна. — Гэта вашы грошы, а не Сэма. У Сэма ёсць ферма, ён не мае патрэбы ў грашах.

— Ён не ўтрымае ферму, калі не дастане грошай на выдаткі, — сказаў Рой. — Ён дайшоў да мяжы.

— Я ведаю, — яна пакруціла галавой. — Але гэта не справа. Грошы не дапамогуць Сэму, — дакладныя рысы яе рота сталі больш жорсткімі.

— Гэта ўтрымае яго на ферме, — пераконваў Рой.

— Не. Грошы ён возьме, а ферму ўсё адно кіне. Ён не фермер, Рой. І навошта спрабаваць затрымаць яго тут?

Рой зірнуў на Джын Эндрус так, нібыта яна была для яго чужая, гараджанка, якая не магла зразумець, што значыць ферма для лесавіка-паляўнічага. Яна ніколі не зразумее, што будзе, калі Сэм кіне зямлю Мак-Нэйраў. Джыні вытрымала яго дакорлівы позірк як жанчына, якая, вядома, ведала, што азначае страціць сваю хату, але яшчэ і як жанчына, якая не магла не ўлічваць рэальнасць. Яна паглядзела на вялікую моцную галаву Роя, упалыя сухія шчокі, маленькія глыбокія вочы, на яго кароткія рукі, аднолькава тоўстыя ад локця да самай кісці, і спытала сябе, ці ёсць у Канадзе больш мяккі чалавек, якога засмуціла б матэрыяльнае і духоўнае падзенне іншага чалавека.

— Сэм гаворыць, што справіцца, калі я дапамагу яму перагораць гэтую зіму, — сказаў Рой. Ён не збіраўся гэта гаварыць, але давялося.

— Што, застацца на ўсю зіму? — не стрывала яна.

— Так.

— Ён не мае права патрабаваць гэта, Рой!

Роя ўжо не турбавала, ці правільна гэта. Яму неабходна рашэнне. Яна павінна зразумець, што Сэму трэба атрымаць гэтыя грошы.

— Які сэнс вам заставацца і працаваць на ферме для Сэма, — рэзка прамовіла яна. Перспектыва таго, што Рой трапіць у пастку і будзе вымушаны батрачыць, абурыла яе не менш, чым самога Роя. Адабраць яго ў лесу і замацаваць на ферме — гэта ўсё адно, што льва пасадзіць у клетку, — параўнанне, якое ўзнікала ў яе ў галаве кожны раз, калі яна сама пачынала думаць пра тое, каб прасіць Роя кінуць паляванне і застацца ў горадзе.