— Яму патрэбны грошы для гаспадаркі, — пераконваў Рой, — усё роўна, застануся я альбо не.
Яна па-ранейшаму лічыла, што грошы не вырашаць усіх праблем Сэма, але не стала пярэчыць. Яна не хацела, каб Рой страціў сямейны кут, бо ў гэтым хавалася яшчэ адна небяспека для яе. Джыні лічыла, што, страціўшы хату, Рой пойдзе яшчэ далей у лес і зусім не будзе вяртацца ў горад. Яна ведала, якія цяжкасці чакаюць Роя, але ёй варта падумаць і пра сябе, пра свае справы і адчуванні, а яна, са свайго боку, зусім не хацела, каб Рой пайшоў на поўнач.
— Калі вы туды пойдзеце, вы ўжо не вернецеся, — сказала яна яму, калі аднойчы яны паспрабавалі цвяроза разабрацца ва ўсім гэтым.
— Я вярнуся ў Сент-Элен, толькі калі мне будзе куды вярнуцца, — настойваў ён, — і на поўнач я не пайду, калі не буду мець прытулку тут.
— Гэта толькі словы, — сказала яна. — Я ж ведаю, што на поўнач вы пойдзеце менавіта тады, калі тут у вас нічога не застанецца. Возьмеце і знікнеце як леташні снег.
— Не, Джыні. Не! — запэўніваў ён. — Калі тут у мяне нічога не будзе, я не пайду на поўнач, бо там я зусім здзічэю, стану сапраўдным лясным сычом. Я пайду, толькі калі мне будзе куды вярнуцца, і я абавязкова буду вяртацца. Але ўчастак спустошаны, Джыні, і рана ці позна мне ўсё адно давядзецца пайсці на поўнач.
— Ну, а я тады вярнуся да сваіх у Таронта, — папярэдзіла яна. Не, яна яго не палохала. Яна спрабавала хоць нейкім чынам прыстасавацца да яго складаных адносін з Сент-Эленам і лесам. Яна разумела, як патрэбна яму апірышча тут, каб прыняць рашэнне пайсці на поўнач, але чым больш складана ўсё гэта станавілася, тым больш рашуча яна адмаўлялася думаць пра гэта, і нарэшце яна заявіла яму: — Рабіце як хочаце, але, калі вы пойдзеце на поўнач, я з'еду дамоў.
Гэта была іх адзіная сварка, і зараз яны баяліся паўтору яе. З маўклівай згоды яны пазбягалі гэтай тэмы. Рой ведаў, што калі ён пойдзе на поўнач, яна сапраўды вернецца ў Таронта, але абое яны ўсведамлялі, што рана ці позна яму давядзецца ісці глыбей у лес, далей на поўнач, іначай трэба кідаць паляванне і фермерстваваць у Сент-Элене. Але ўсё гэта было для Джыні катастрофай, і яна не магла больш думаць пра гэта.
— Бярыце вашы грошы для Сэма, — сказала яна, — але толькі глупства гэта, Рой. Гэта вашы грошы, і калі-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца вам.
— Спатрэбіліся ўжо, — адказаў ён.
Больш на гэты конт яны не размаўлялі, пакінуўшы пытанне не вырашаным.
Не вырашаным заставалася і пытанне пра Эндзі, бо ніводзін з іх не мог уключыць Эндзі ў нясмелыя спробы хоць неяк вырашыць будучыню. У сваіх адносінах яны моўчкі зыходзілі з таго, што Эндзі пайшоў і ніколі не вернецца, але ва ўсіх іхніх спробах цвёрда наладзіць сваё жыццё Эндзі адыгрываў пэўную, таемную ролю. З-за гэтага Джын ненавідзела прывід мужа нават больш, чым яна магла б ненавідзець яго жывога, і яна ведала, што Роя таксама бянтэжыць няўпэўненасць у тым, як жа на самай справе складваецца сітуацыя з Эндзі. Ён нібыта блукаў па голай палярнай пустэчы, шукаючы адзіна правільны шлях і не знаходзіў яго.
На пэўны час яны абое затаіліся кожны са сваімі развагамі.
Звычайна да гэтага часу Рой ужо дастаткова дабрэў, і Джын Эндрус магла спакойна церабіць і падражніваць яго, паступова выклікаючы на своеасаблівыя праявы пачуццяў. Нават у лепшыя часіны гэта было нялёгкай справай, Рой належаў да тых мужчын, якія не ўмеюць падысці да жанчыны першымі. Ён не дакрануўся б да яе па сваёй уласнай ініцыятыве. Ён не мог дазволіць сабе гэтую блізкасць, пакуль дамашняя цеплыня і вабнасць гэтай адной-адзінай жанчыны не растаплялі, не паглыналі яго цалкам. Джыні ведала, што сёння гэта будзе складана.
Яна не мела звычкі ласкава турзаць яго за вуха, калмаціць яго рэдкія валасы і абдымаць яго моцную шыю, — у іх усё адбывалася інакш.
Перш за ўсё яна падлівала яму кавы. Неўзабаве ён турботна ўставаў. Тады яна здымала свой фартух і ўбірала ў яго Роя — і ён браўся перамываць талеркі, слоікі, чысціць нажы і відэльцы, адным словам, усё, што трапляла пад руку. І тады яна пачынала пакепліваць з яго ўбору і цясней завязваць тасьму фартуха, здзьмухваць з яго ўяўныя пылінкі, наводзячы крытыку на чысцёху Роя. Ён адштурхоўваў яе, але яна не супакойвалася. Ён спрабаваў зняць фартух, але яна не дазваляла, злосна ашчаперваючы яго за плечы. Тады плечы яго абмякалі, тоўстыя кісці звісалі па баках, і ён станавіўся такім, якім яна хацела: грубым альбо мяккім, рэзкім альбо пяшчотным, такім, а зрэдзь часу і насмешлівым, настойлівым, дужым, нечаканым і ненадзейным. Тады ў іх не было слоў. Была толькі адна доўгая канадская ноч.